“З самага дзяцінства я любіла жывёл і ляпіць з пластыліну, — распавядае Марыя Бурая. — Таму і атрымалася, што цяпер займаюся вырабам цацак, асабліва жывёл, як рэалістычных, так і выдуманых. Гэта не звычайныя тэкстыльныя ці вязаныя мішкі і зайчыкі, як можна падумаць, а калекцыйныя і інтэр’ерныя сувеніры. Пры іх вырабе выкарыстоўваюцца змешаная тэхніка і разнастайныя матэрыялы: палімерная гліна, штучны мех, сінтэпон, уручную размаляваныя шкляныя вочкі, тканіна, фетр, скура, розная фурнітура. Увогуле ўсё, што душы заўгодна. Унутры сваіх цацак я таксама ўсталёўваю рухомы шкілет, каб яны маглі прымаць розныя палажэнні.
Пачала рэгулярна вырабляць цацкі я яшчэ ва ўніверсітэце, калі купіла свой першы кавалачак палімернай гліны. Гэты незвычайны матэрыял падобны да дзіцячага якаснага пластыліну, але зацвердзявае як пластык пры тэмпературы 110-130°С. Спачатку рабіла маленькія фігуркі садавіны і гародніны, але хацелася чагосьці больш маштабнага. І неяк, праглядаючы «Інстаграм», я натыкнулася на майстра, які рабіў розных істот з незразумелых для мяне матэрыялаў. Гэтыя фігуркі маглі стаяць, сядзець, мяняць палажэнне галавы і крылаў, пры гэтым заставаліся мяккімі. Я не магла ўцяміць, як у іх усё зроблена. Але з часам зразумела і вылепіла свой першы твор — чорнага сабаку з жоўтымі вачыма. З таго моманту вось ужо два гады я працягваю рабіць розных істот. Трэба адзначыць, што я не заканчвала ніякіх курсаў, развіваюся сама.
Вельмі натхняе творчасць іншых майстроў змешанай тэхнікі, а таксама работы з керамікі і зваляныя з воўны цацкі. Нядаўна была на выставе «Чароўны Млын», якая праходзіць каля трох разоў на год, дзе беларускія майстры выстаўляюць свае работы. Там можна хадзіць гадзінамі, любавацца біжутэрыяй з палімернай гліны ці эпаксіднай смалы альбо цацкамі з дрэва ці тканін. У гэтым годзе не ўдалося, на жаль, убачыць майстроў, якія робяць цацкі ў маёй любімай змешанай тэхніцы.
У Беларусі ёсць праблемы з набыццём матэрыялаў. Складана знайсці якаснае штучнае футра з высокай таўшчынёй ворсу, таму даводзіцца замаўляць у Расіі. Таксама могуць быць праблемы з рэалізацыяй цацак, сабекошт якіх даходзіць і да 100 долараў. Такія вырабы добра купляюць у ЗША ці Еўропе, таму нашы майстры працуюць на замежны рынак.
У творчым конкурсе, дзе я нядаўна перамагла, было 25 удзельнікаў, 5 з якіх выйшлі ў фінал. У асноўным яны паказвалі вязаныя кручком вырабы, малюнкі, карціны, пашытыя ўручную сумкі, вышыўкі крыжам або бісерам. Мае работы сапраўды выдзяляліся з усіх. Я выставіла пяць вырабаў у змешанай тэхніцы: саву Буклю паводле «Гары Потэра», качку, павука, ляніўца Бліца з мультфільма «Звераполіс» і фігурку дабермана. Такія конкурсы карысныя для тых, хто жадае прарэкламаваць работы альбо праверыць, ці падабаюцца людзям вырабы, калі вы плануеце рабіць іх не толькі для сябе, але пускаць у вольны продаж.
Мне вельмі хочацца развівацца ў гэтай сферы, рэалізаваць свае ідэі і спрабаваць новыя тэхнікі. Не выключаю, што буду імкнуцца зарабляць на сваім хобі. Хачу верыць, што ў дадзенай творчасці для мяне ўсё толькі пачынаецца”.