Спадарыня Вольга вядомая найперш як скульптар, але працуе яшчэ і як жывапісец і дызайнер. І, што для мастакоў не надта характэрна, яна яшчэ і тэарэтык — мае ступень магістра мастацтва. Манументальных работ у скульптара няшмат. Але дзве з іх безумоўна знакавыя — помнік вялікаму князю Літоўскаму Гедыміну ў Лідзе і памятны знак у нашай нацыянальнай святыні — Курапатах. Абедзве работы выкананы ў суаўтарстве з Сяргеем Аганавым.
Большасць твораў, што цяпер экспануюцца ў мемарыяльнай зале імя Андрэя Бембеля, належаць да анімалістычнага жанру. Творцы гэтага напрамку ў нашым мастацтве — птушкі рэдкія. І не таму, што намаляваць ці вылепіць жывёлу з большым ці меншым падабенствам надта ж цяжка. Гэта можа кожны чалавек з мастацкай адукацыяй. Справа ў іншым. Каб быць паспяховым у гэтым жанры, трэба бачыць у братах нашых меншых… людзей. Толькі калі бачыш у жывёле такую ж боскую істоту, як і чалавек, здолееш перадаць яе прыгажосць. А гэты талент дадзены далёка не кожнаму. Вольга Нячай такі талент мае. Дарэчы, Джонатан Свіфт лічыў, што коні, жывёлы ўвогуле, значна лепшыя за людзей. Пра што і пісаў у “Вандроўцы Гулівера”. А Хрыстос паводле Міхаіла Булгакава зусім не крыўдзіўся, калі нядобразычліўцы называлі яго сабакам.
Спадарыня Вольга засяродзіла сваю ўвагу збольшага на конях. У кожнай гэтай боскай істоце мастак знаходзіць рысы, што надаюць ёй асабовасць, робяць непадобнай да іншых. Тое партрэты ў самым літаральным значэнні гэтага слова.
Аднак партрэты коней не адзінае, што ёсць на выставе. Ёсць і людзі. Таксама са сваімі характарамі і ўнікальнымі адметнасцямі.
Фота аўтара