“Пакойчык для вяселля” ў беларускім стылі

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Другая палова кастрычніка, пачынаючы ад Пакроваў, для нашых продкаў была часам вяселляў. Людзі верылі: асвечаны ў гэтую пару саюз двух сэрцаў абавязкова будзе доўгі і шчаслівы. Таму не дзіва, што менавіта гэтымі днямі ў мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці адкрылася выстаўка “Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць”. Пабачыць экспазіцыю ў памяшканні абласной бібліятэкі імя А.Пушкіна можна да 16 лістапада.

 /i/content/pi/cult/182/1858/Pakojchyk1.jpg
Традыцыйныя беларускія строі жаніха і нявесты.
Дываны ручной работы, паясы, ручнікі, галаўныя ўборы, прадметы інтэр’ера — наведвальнікі выстаўкі быццам трапляюць у хату, дзе рыхтуюць маладых да важнай падзеі. Цікава заглянуць у “пакойчык нявесты”, які ўзвялі пасярод залы, дзе на свае вочы пабачыш куфар з пасагам, вясельныя строі жаніха і нявесты, традыцыйныя музычныя інструменты, што выкарыстоўваліся пад час свята. Асаблівую атмасферу ствараюць шматлікія фотаздымкі, якія расказваюць пра вясельныя абрады ад даваенных часоў і да 1970-х.

Загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва МАЦНТ Наталля Сухая распавяла карэспандэнту “К”, што дадзеная выстаўка распачынае арт-праект “Беларускі стыль”. Ініцыятарам акцыі з’яўляецца студэнцкае этнаграфічнае таварыства, у якое ўваходзяць моладзь з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, а таксама будучыя гісторыкі, архітэктары са сталіцы ды іншых населеных пунктаў.

Штуршок да ўзнікнення праекта, які выліўся ў паўнавартасную выстаўку, далі паездкі маладых этнографаў у Швецыю. Па словах Наталлі Аляксандраўны, на маладых людзей зрабілі незабыўнае ўражанне адносіны шведаў да сваёй спадчыны і сфарміраванае тамтэйшымі асветнікамі паняцце “шведскі стыль”.

Таму галоўнай мэтай для кіраўніка студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксея Глушко стала прэзентацыя ўласна беларускага стылю. Кожны з наведвальнікаў зможа ўсвядоміць, што многія старажытныя рэчы можна выкарыстоўваць і ў сучасным побыце, а спрадвечныя традыцыі і тэхналогіі — арганічна ўпісаць у штодзённае жыццё. Таму і пачалі праект з вяселля, бо ў гэтым абрадзе, як ні ў якім іншым, захаваліся традыцыі продкаў. Згадзіцеся, рэдка якое з сучасных вяселляў абыходзіцца без абсыпання маладых жытам, абыходу святочнага поезда бацькамі з іконай, звязвання рук ручніком.

 /i/content/pi/cult/182/1858/Pakojchyk3.jpg
Куфар з пасагам.

Частку экспазіцыі складаюць рэчы са шматлікіх экспедыцый па родным краі. Прыкладам, знаходкай сумеснай паездкі прадстаўнікоў аддзела традыцыйнага мастацтва МАЦНТ і студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў Старадарожскі раён сталі запісы унікальных песень, атрыманыя ўзоры старажытнага тэкстылю, фотаздымкі фрагментаў адзення. Багата і твораў сучасных аўтараў, зробленых па старадаўніх тэхналогіях, і фатаграфій, стылізаваных пад даўняе вяселле.

Наталля Сухая падкрэсліла, што выстаўка будзе прапанавана для экспанавання ў раённых цэнтрах. Гэтую ідэю мінскім культработнікам падказалі калегі з Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, якія ўжо некалькі гадоў запар з вялікім поспехам праводзяць перасоўныя выстаўкі па музеях, клубах, дамах і цэнтрах рамёстваў. Зараз у аддзеле традыцыйнага мастацтва МАЦНТ ужо маюць заяўкі з Пухавічаў, Нясвіжа, Капыля, Мядзела. Але культасветнікі гатовы пасадзейнічаць зацікаўленым і з іншых абласцей рэспублікі, каб як мага больш беларусаў пазнаёмілася з вясельнымі традыцыямі продкаў.

 

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота аўтара