Вядома ж, памяць аб такім годным чалавеку высока шануецца ў Бялынічах. Вось ужо больш за 50 гадоў тут дзякуючы жонцы мастака Алене, якая перадала частку яго карцін, працуе музей, прысвечаны творчасці Вітольда Каэтанавіча. Калекцыя да 2020 года размяшчалася ў старым кінатэатры. Але да Дня беларускага пісьменства, які летась адбыўся ў Бялынічах, стары будынак быў знесены, а на яго месцы ўзведзены новы, удвая большы.
У абноўленым музеі, плошча якога складае ні многа ні мала 800 квадратных метраў, чатыры залы. Адна з іх прысвечана творчасці Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, тут у пастаяннай экспазіцыі размешчана 27 яго карцін. Яшчэ адна зала экспануе краязнаўчую выставу, дзе можна ўбачыць прадметы даўніны, пачынаючы ад часоў палеаліту і заканчваючы партрэтамі сучаснікаў, якія праславілі Бялыніцкі край, а таксама абразы XVIII–XIX стагоддзяў. Трэцяя зала прысвечана духоўнай спадчыне рэгіёна. Гонар гэтага памяшкання — фрэска вышынёй 4,5 метра — «Узыходжанне на Галгофу», выратаваная рэстаўратарамі з разбуранага савецкай уладай мясцовага кармеліцкага манастыра. У гэтай зале таксама прадстаўлены спіс з абраза Бялыніцкай Божай Маці, які шануецца ў абедзвюх канфесіях хрысціянства. Арыгінал яе, паводле адной з версій, страчаны ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны разам з Крыжам Еўфрасінні Полацкай і іншымі рэліквіямі. У чацвёртай зале выставачныя праекты рэгулярна мяняюцца. Цяпер адну яе частку заняла выстава “Шчаслівае дзяцінства”, дзе ёсць палатно 1923 года “Юны мастак” Гаўрыіла Віера. У другой частцы выстаўляюцца карціны мастакоў з Бялынічаў і Магілёва: Ларысы Журавовіч, Віктара Альшэўскага, Паўла Дзімітрыядзі.
У самым пачатку 2021 года абноўлены музей зрабілі філіялам Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава, што абавязвае да больш плённай і адказнай працы. І сапраўды, намаганнямі новага загадчыка філіялам Дзяніса Руцкага за бягучы год адкрыта 10 выстаў. Наведала музей за гэты час больш за чатыры тысячы чалавек. Акрамя таго, сёння ва ўстанову адкрыта дарога людзям з парушаным зрокам і асаблівасцямі перамяшчэння, бо тут рэалізаваны ўмовы безбар’ернага асяроддзя.
Музей становіцца важнай часткай грамадскага жыцця горада. На працягу гэтага года супрацоўнікамі было праведзена 55 бясплатных музейна-педагагічных мерапрыемстваў, у іх ліку па прафілактыцы дрэнных звычак і заахвочванню вядзення здаровага ладу жыцця моладдзю.
Яшчэ адным прыкладам добрай працы абноўленага музея сталі створаныя турыстычныя маршруты па Бялыніцкім краі. Цяпер іх тры. Першы, аўтобусна-пешаходны на тры з паловай гадзіны “Па асобных старонках гісторыі Бялыніцкага раёна”, знаёміць з помнікамі архітэктуры, гісторыі і культуры рэгіёна. Другі — “Уікэнд на нагах” — разлічаны на паўтары гадзіны, на прыкладзе архітэктурных, гістарычных, літаратурных, геаграфічных і прыродных аб’ектаў дае ўяўленне аб некаторых этапах развіцця гісторыі Беларусі. І, таксама паўтарагадзінны, па Бялынічах, расказвае пра славутасці горада. Трэба адзначыць, не кожны раён краіны можа ўвогуле арганізаваць такую культурна-пазнавальную праграму для турыстаў.
Ужо даўно стала традыцыяй праводзіць пленэр у Бялынічах па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве” ў гонар Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, куды з’язджаюцца мастакі з СНД, блізкага і далёкага замежжа. І можна не сумнявацца, што абноўлены музей будзе праслаўляць горад і беларускую зямлю, стане візітнай карткай Бялынічаў.
Фота з архіва музея