Сло­ва су­час­ні­ка двух стагоддзяў

№ 45 (1536) 07.11.2021 - 13.11.2021 г

Па­йшла з жыц­ця пра­фе­сар, ста­рэй­шая му­зы­каз­наў­ца Бе­ла­ру­сі Ка­ле­рыя Сце­пан­цэ­віч. Усё ад­бы­ло­ся не­як рап­тоў­на, для мно­гіх не­ча­ка­на, ня­гле­дзя­чы на яе ста­лы ўзрост: спра­віў­шы ўвес­ну 95-год­дзе, яна пра­цяг­ва­ла упа­рад­коў­ваць свае архі­вы, рых­та­ваць но­выя пуб­лі­ка­цыі, пры­све­ча­ныя на­цы­яна­ль­на­му му­зыч­на­му мас­тац­тву. І во­чы яе па-ра­ней­ша­му за­ста­ва­лі­ся ма­ла­ды­мі, со­неч­ны­мі, а ўсмеш­ка — лас­ка­вай ды спа­гад­лі­вай.

/i/content/pi/cult/876/18564/9_1.jpgУсе па­ка­лен­ні сту­дэн­таў, што за­спе­лі Ка­ле­рыю Іо­сі­фаў­ну ў Бе­ла­рус­кай дзяр­жаў­най ака­дэ­міі му­зы­кі, на­зы­ва­лі свай­го пед­аго­га (а бо­льш за 20 га­доў яшчэ і пра­рэк­та­ра па на­ву­ко­вай і ву­чэб­най, па­зней на­ву­ко­вай і твор­чай пра­цы) “на­ша ма­ма”. Муж яе, Гео­ргій Ся­мё­на­віч Глуш­чан­ка, так­са­ма быў му­зы­каз­наў­цам, раз­ам яны пры­еха­лі да нас па­сля за­кан­чэн­ня зна­ка­мі­тай Гне­сін­кі (ця­пер гэ­та Рас­ійская ака­дэ­мія му­зы­кі імя Гне­сі­ных) і аспі­ран­ту­ры. Сва­іх дзя­цей у іх не бы­ло, але да сту­дэн­таў яна і сап­раў­ды ста­ві­ла­ся як да ўлас­ных дзя­цей: апе­ка­ва­ла, пад­трым­лі­ва­ла ў жыц­цё­вых скла­да­нас­цях, да яе час­та звяр­та­лі­ся на­ват про­ста па­ра­іцца — як з ма­ці, “на вуш­ка”, і яе муд­рыя па­ра­ды вы­ра­та­ва­лі не адзін лёс ду­шэў­на тон­кіх, ве­ль­мі ра­ні­мых бу­ду­чых дзея­чаў ку­ль­ту­ры.

Тая ж доб­ра­зыч­лі­васць рас­паў­сю­джва­ла­ся на ўсю бе­ла­рус­кую му­зы­ку. Раз­віц­цё на­ша­га на­цы­яна­ль­на­га му­зыч­на­га мас­тац­тва бы­ло звя­за­на, як за­ўжды і па­ўсюль, не то­ль­кі з уз­лё­та­мі, але і з не­паз­беж­ны­мі спа­да­мі. Час­ця­ком су­пра­ва­джа­ла­ся рэ­зкі­мі кры­тыч­ны­мі вы­па­да­мі — най­перш ме­на­ві­та з бо­ку му­зы­каз­наў­цаў. І ха­ця Сце­пан­цэ­віч і Глуш­чан­ка апы­ну­лі­ся ў Мін­ску ў 1957-м, аку­рат у год за­кан­чэн­ня сум­на вя­до­ма­га пе­ры­яду жда­наў­шчы­ны з яго за­ба­ро­на­мі на мно­гія пе­рад­авыя мас­тац­кія з’явы, гэ­та не зна­чыць, што да­лей­шыя шля­хі бе­ла­рус­кай му­зы­кі вы­сці­ла­лі­ся вы­ключ­на пя­лёс­тка­мі ру­жаў — шы­поў так­са­ма ха­па­ла, і ня­ма­ла. Ка­ле­рыя Іо­сі­фаў­на, шмат за­йма­ючы­ся не то­ль­кі на­ву­кай, але і рас­пра­цоў­кай шмат­лі­кіх пад­руч­ні­каў па бе­ла­рус­кай му­зы­цы ХХ ста­год­дзя, вы­сту­па­ючы ў дру­ку як кры­тык, а са сцэ­ны як лек­тар, за­хоў­ва­ла пры­нцы­по­васць — і ад­на­ча­со­ва па­праў­дзе “мат­чы­ну лю­боў” да на­шай ку­ль­ту­ры. Той ку­ль­ту­ры, што бы­ла для яе чу­жой, а ста­ла род­най. Вы­ступ­лен­ні К. Сце­пан­цэ­віч ні­ко­лі не бы­лі да бо­лю крыў­дны­мі — мак­сі­мум кры­ху жар­тоў­ны­мі, што ад­ра­зу раз­ра­джа­ла на­пру­жа­ную атмас­фе­ру. Яна ні­ко­лі не зніш­ча­ла, не руй­на­ва­ла, а шу­ка­ла і пад­крэс­лі­ва­ла тое най­леп­шае, што трэ­ба раз­ві­ваць над­алей. Дрэн­нае са­мо кі­да­ецца ў во­чы, доб­рае звы­чай­на бо­льш сціп­лае, час­цей успры­ма­ецца як што­сь­ці са­мо са­бой зра­зу­ме­лае. А Ка­ле­рыя Іо­сі­фаў­на ва ўсіх і ва ўсім ба­чы­ла най­перш леп­шае, на­ват доб­ра пры­ха­ва­нае пад сто­сам не­да­хо­паў.

Кам­па­зі­та­ры і вы­ка­наў­цы, пры­чым ма­ла­дыя ды апан­та­ныя, час­ця­ком кры­тыч­на на­стро­еныя су­праць са­мо­га му­зы­каз­наў­ства як пра­фе­сіі (маў­ляў, кры­ты­ка­ваць ды “ана­лі­за­ваць” кож­ны мо­жа, а па­спра­буй­це ства­рыць!), яе аб­агаў­ля­лі — і рэ­зка змя­ня­лі сваё стаў­лен­не да му­зыч­най на­ву­кі, пад кі­раў­ніц­твам К. Сце­пан­цэ­віч аб­ара­ня­лі ма­гіс­тар­скія і кан­ды­дац­кія ды­сер­та­цыі. Сё­ле­та, да пры­кла­ду, ма­ла­дая кам­па­зі­тар­ка Іры­на Пят­ке­віч вы­пус­ці­ла свой фар­тэ­пі­янны збор­нік “У ма­ёнтку Свен­тар­жэц­кіх”, што меў кан­цэр­тную прэ­зен­та­цыю ў фі­лар­мо­ніі. Ад­на з яго п’ес — “Ча­ром­ха­вы ад­вя­чо­рак”, што і да­ла на­зву той аўтар­скай ве­ча­ры­не, — афі­цый­на пры­све­ча­ная Ка­ле­рыі Іо­сі­фаў­не.

Пра­цаз­до­ль­насць Ка­ле­рыі Сце­пан­цэ­віч па­прос­ту за­шка­ль­ва­ла. Ко­ль­касць на­пі­са­на­га, ад­рэ­да­га­ва­на­га, пад­рых­та­ва­на­га да дру­ку і вы­да­дзе­на­га — не­ве­ра­год­ная. Ёсць што­сь­ці сім­ва­ліч­нае ў тым, што ме­на­ві­та па яе з Гео­ргі­ем Ся­мё­на­ві­чам пад­руч­ні­ках на­ву­чэн­цы дзі­ця­чых му­зыч­ных школ зна­ёмяц­ца з бе­ла­рус­кай му­зы­кай і яе твор­ца­мі. Бо Ка­ле­рыя Іо­сі­фаў­на бы­ла не­пас­рэд­най удзе­ль­ні­цай са­мых зна­ка­вых падзей на­шай айчын­най му­зыч­най ку­ль­ту­ры ця­гам бо­льш як шас­ці дзе­ся­ці­год­дзяў. І яе “сло­ва су­час­ні­ка”, пры­чым ад­ра­зу дзвюх эпох — са­вец­кай і не­за­леж­най Бе­ла­ру­сі, за­ста­ецца з на­мі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"