Першы паверх Палаца цалкам аддадзены акварэлі, эстампам, афортам і скульптуры.
Побач з прафесійнымі, вельмі эмацыянальнымі работамі Г.Паплаўскага і А.Кашкурэвіча — работы маладых графікаў, якія не імкнуцца алоўкам ці фарбамі акрэсліць дакладныя межы аб’ектаў. Скульптурныя ж творы ўсе да адзінага прыцягваюць увагу сваім неардынарным адлюстраваннем ці ўсяго свету, ці асабістага вузкага жыцця аўтара. Напрыклад, “Пакой Вольгі” (Ю.Анушка) паказвае нам гаспадыню тонкай і крыху эксцэнтрычнай натурай, а “Лесвіца ўверх” К.Селіханава — з чалавекам, які вось-вось абрынецца ў бяздонне пасля доўгага пад’ёму, — гаворыць, што аўтар неабыякавы да жыццёвых трагедый іншых людзей.
Калі б на другім паверсе Палаца мастацтва раптам зніклі подпісы пад карцінамі, то знайсці творы беларусаў можна было б дастаткова лёгка па тэхніцы выканання, хаця большасць работ выкананы ў сучасным стылі. Справа тут не ва ўзроўні прафесіяналізму, а — у менталітэце, добрых, спакойных якасцях характару беларуса. А што датычыцца часу, які адлюстроўваюць у работах айчынныя і замежныя мастакі, то творы нашых землякоў быццам ствараюць гарызантальную лінію развіцця мастацтва (ад класічных твораў Г.Вашчанкі і Л.Шчамялёва да спакойнага прымітывізму С.Цімохава праз своеасаблівы рэалізм А.Бараноўскай і
А.Грышкевіча). Карціны ж замежных мастакоў — гэта вертыкальная лінія, развіццё ў адным вузкім прамежку часу. Стыль гэты яркі, жудасна экспрэсіўны, смелы, і ў кожнага — свой, непаўторны.
Неверагоднае ўражанне адчуваеш, калі заўважаеш таямніцу румына М.Кіселіта ў палатне “Рэўнасць”: ён нібы выкарыстаў эфект 25 кадра, ажыўляючы думкі раўнівай жанчыны, што падазрае свайго каханка ў здрадзе. Малдаване В.Русу і І.Марарэску, пэўна вучыліся разам, бо іх рознакаляровыя партрэты, якія ад звычайнага экспрэсіянізму плаўна пераходзяць у экспрэсіянізм абстрактны, вельмі падобныя па тэхніцы. Т.Бічунас з Літвы ўсё бачыць у “дзіцячых” рознакаляровых фарбах, з яго палотнаў нібы льецца смех дзяцей, а яго зямляк, В.Цыпляўскас, наадварот, — строгі, гатычны, як у Сярэднявеччы.
Выстаўка атрымала добрыя водгукі ў гледачоў. Можна быць упэўненым,замежныя госці таксама былі задаволены, што выстаўляюцца побач з беларусамі.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ
На здымках: Г.Вашчанка“Нараджэнне”,
Л.Гумілеўскі “Адам Міцкевіч”.