Мікалай Пытляк называе сябе рэжысёрам класічнай акадэмічнай школы. Нарадзіўся ён далёка ад Беразіно, у вёсцы Скураты Івацэвіцкага раёна. У 17 гадоў паступіў на пастаянна дзеючыя курсы міністэрства культуры для клубных работнікаў, потым у 1970 годзе ў Тэатральна-мастацкі інстытут, цяпер БДАМ, на культурна-асветніцкую работу і рэжысуру самадзейнага тэатра. Туды заўсёды цяжка было паступіць, прызнаецца Мікалай Мікалаевіч, але, напэўна, на станоўчы зыход паўплывалі паспяхова пройдзеныя курсы, і тое, што юнак быў з вёскі, і напісаў пісьмовы экзамен: эксплікацыю п’есы Кандрата Крапівы “Партызаны” на беларускай мове.
Пасля атрыманых ведаў у лепшай творчай ВНУ Беларусі пачалася дарослае жыццё. Год практыкі ў Лагойскім Доме культуры, армія, пасля праца культурна-асветніцкім супрацоўнікам у мінскім Палацы культуры прафсаюзаў. Праз пяць гадоў — Мікалай Пытляк ужо намеснік дырэктара ва ўзорным Доме народнай творчасці. Тут ён актыўна працуе па спецыяльнасці рэжысёра, ставячы спектаклі з аматарскімі трупамі калектываў Акадэміі фізікі і паўправаднікоў і Інстытута торфу. Праз нейкі час Мікалай Мікалаевіч становіцца намеснікам дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага.
Малады рэжысёр актыўна вядзе канцэрты па краіне і вобласці. І вось у Беразіно сустракае будучую жонку. Творчаму чалавеку спадабалася ў горадзе, тут была вялікая колькасць мерапрыемстваў у той час, і ён уладкоўваецца рэжысёрам урачыстасцяў у гарадскім Доме культуры, а потым і рэжысёрам Народнага тэатра.
Мікалаю Пытляку прыйшлося зноўку збіраць трупу, бо дасюль спектаклі паказвалі ў гэтым тэатры толькі з мэтай абараняць званне народнага. Першы яго спектакль мясцовая публіка прыняла добра. У рэжысёра ўзнікае ідэя арганізаваць фестываль па аналогіі з савецкай “Рампай сяброўства”, якая праходзіла ў Прыбалтыцы, Беларусі і Расіі. Мэта была добрая, бо тады вакальныя і харэаграфічныя групы былі мабільныя, пастаянна рэпетавалі і правяралі сваё майстэрства на фестывалях, а вось тэатры ў галіне “варыліся ў сваім соку”. Трэба было ім таксама даць стымул канкураваць, даць магчымасць прасачыць за сваімі і чужымі поспехамі і недапрацоўкамі. Так у 1996 годзе сумесна з упраўленнем культуры Мінаблвыканкама Мікалай Пытляк збірае 6 народных тэатраў для ўдзелу ў першым фестывалі “Бярэзінская рампа”. Падзея сапраўды ўдалася. Фестываль вырашана было праводзіць у горадзе раз у два гады. Такім чынам, у наступным годзе ён пройдзе 13 раз.
— Мікалай Мікалаевіч, якія тэатры часцей прыязджаюць у Беразіно на фэст?
— Ужо замацавалася традыцыя запрашаць Барысаўскі, Слуцкі, Нясвіжскі, Жодзінскі, Маладзечанскі тэатры, яшчэ хаця б па адным тэатру з вобласці. Звычайна таксама даем сваю прэм’еру, а таксама спектакль па-за конкурсам. Усяго восем спектакляў на сцэне Бярэзінскага Дома культуры. Што тычыцца рэпертуара, то тут у кожнага свой густ. На апошняй “Рампе” летась барысаўскі рэжысёр Ігар Куніцкі паказаў пастаноўку па ўласным сцэнары. Наталля Радзівонава з Жодзіна ўжо неаднаразова прывозіць спектаклі Рыгора Горына, якія сапраўды кранаюць. Мы таксама ставілі спектакль па яго творы “Забыть Герострата!” на пазамінулым фестывалі.
Наш фестываль дэмакратычны, ён не прысвечаны толькі асобнаму аўтару ці тэме. Ды і паставіць Шэкспіра на нашай сцэне цяжка. Таму і я, і іншыя рэжысёры падбіраюць адпаведныя нашым мэтам і магчымасцям тэмы.
— Каго запрашаеце ў журы на “Бярэзінскую рампу”?
— У нас дастаткова прафесійнае журы. Гэта людзі, якія бачылі сотні і тысячы спектакляў, здаралася, яны і самі іх ставілі і ў іх дзейнічалі. Я дапаўняю журы таксама мастакамі і кампазітарамі. Вось на 10-м фестывалі старшынёй на “Рампе” быў Уладзімір Мішчанчук, дэкан тэатральнага факультэта БДАМ, заслужаны артыст Беларусі, адным з членаў — Марына Захарэвіч, народная артыстка Беларусі, прафесар. Яшчэ — Анатоль Акушэвіч, былы начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама, і многія іншыя знаўцы сваёй справы.
— Як падбіраеце акцёраў?
— Важна, каб чалавек сам хацеў сябе праявіць на сцэне. Пошукам акцёраў я займаюся ўвесь час, у кожную пастаноўку хачу запрасіць пачаткоўцаў, каб іх знаёмыя сказалі: “Вось, паглядзі, і ён на сцэне!» Ацэнка дзеяння і таленту акцёра — такі мой крытэр. Чуць, бачыць, што адбываецца з акцёрам падчас ігры, і адпаведна рэагаваць. Але, як паказвае практыка, нават самыя непасрэдныя людзі могуць апынуцца заняволенымі на сцэне. Тады яны самі вяртаюць тэкст і адмаўляюцца. Але затое тыя, хто застаюцца, хочуць іграць яшчэ і яшчэ. Яны ведаюць, якое задавальненне прыходзіць пасля прэм’еры.
Таму і паставіць самадзейны спектакль даўжэй, чым прафесійны. Гэта як падрыхтоўка да здачы экзамену вучняў 1 і 11 класаў. Трэба заўсёды з чыстага ліста вучыць пачаткоўцаў, як іграць. Таму практыка паказвае, што стварыць спектакль аматарам больш-менш рэальна за год. Амаль немагчыма зрабіць два саставы акцёраў, як у прафесіяналаў, бо чалавек аддае сябе, прыкладвае старанні, а яму за гэта не плацяць. А бывае, здараюцца неспадзяванкі, камандзіроўкі ці хвароба. Тады прыходзіцца чакаць, а спектакль “развальваецца”.
— Ці займаецеся з дзецьмі і падлеткамі, ці карысна гэта для іх?
— Пэўны час таму вёў студыю для падлеткаў сам, цяпер гэтым займаецца наш супрацоўнік Аляксандр Бабашаў. За ўвесь час “з-пад маёй рукі” выйшла 18 чалавек, якія паступілі і закончылі ўстановы адукацыі культуры. Вось цяпер у БДАМ вучацца Кірыл Сакалоўскі і Мікіта Сівец. Ірына Якавец цяпер актрыса Мазырскага драматычнага тэатра, а Дзяніс Баярэвіч — артыст аднаго з тэатраў у Маскве. Акцёрскае майстэрства вучыць камунікабельнасці. Шкада, што ў Беразіно няма сярэдне-спецыяльнай навучальнай установы, бо тады можна было б падключаць навучэнцаў да пастановак.
— Раскажыце пра забаўныя выпадкі і сакрэты рэжысёрскага майстэрства.
— Аднойчы я ледзь не пераканаўся, што бесталентных людзей не бывае. У першым сваім бярэзінскім спектаклі, калі я яшчэ не ведаў мясцовых жыхароў, папрасіў нашу тэхнічку выканаць простую ролю, дзе трэба было падысці да тэлефона, зняць трубку і сказаць: “Не, яго сёння не будзе” Пачынаюцца рэпетыцыі, а ў яе быццам гаворка адымаецца! У іншым сваім спектаклі я таксама прыцягнуў для эпізадычнай ролі нашага загадчыка гаспадаркі. Яму трэба было ў ролі пастуха прайсці з адной кулісы ў іншую, кажучы: “Гаспадыня, выганяй кароў”. У дзень пастаноўкi ён трохі выпіў, і калі выйшаў на сцэну, “ганяў” па сцэне кароў цэлых тры хвіліны. З таго часу я зарокся браць у спектаклі па знаёмстве. А адна з маіх напрацовак — вычытка тэксту проста седзячы ў кабінеце. Гэта дазваляе добра вывучыць тэкст і разабраць скразное дзеянне.
— Над чым цяпер працуеце?
— Цалкам заняты арганізацыяй 13-га фестывалю. Пройдзе ён або 27 сакавіка ў Міжнародны дзень тэатраў, або ў наступным лістападзе. Працуем зараз над п’есай Влады Альхоўскай з сучаснай назвай “Хайп”. Пра што яна — запрашаю Вас паглядзець!