— З 1 па 3 кастрычніка адбываліся Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан. Сярод іх удзельнікаў быў і ансамбль Магілёўскай абласной філармоніі “Медуніца”. Якія вашы ўражанні ад Дзён культуры?
Валянціна Кандраццева, мастацкі кіраўнік ансамбля “Медуніца”:
— Сустракалі нашу дэлегацыю ўрачыста казахскім фальклорным ансамблем ужо ў аэрапорце. Усе тры дні была насычаная праграма. Наш калектыў выступаў сумесна з Дзяржаўным акадэмічным ансамблем танца Беларусі і артыстамі эстрады. “Медуніца” адкрывала мастацкую выставу ў пасольстве, на якой была і беларуская дыяспара. Таксама калектыў удзельнічаў у гала-канцэрце ў галоўным зале Казахстана “Астана”.
– На гэтым тыдні праходзяць Дні культуры Таджыкістана ў Беларусі. Адным з месцаў канцэрту гасцей стане Маладзечна. Як горад гатовы сустрэць замежную дэлегацыю?
Вольга Клепакова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама:
— Нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, канцэрт таджыкскай дэлегацыі, спадзяемся, усё ж адбудзецца. Мы чакаем, што ў Маладзечна прыедзе 43 замежныя артысты. Пройдзе канцэрт у гарадскім Палацы культуры. Але па вядомым прычынам, у зале, разлічаным на 840 асоб, будзе змешчана толькі 250 чалавек. Тым не менш, мы чакаем, што выступленне таджыкскіх сяброў спадабаецца гледачам.
— Сёння ў Магілёўскай вобласці вызначаны самы высокі ўзровень прышчэпленых ад каранавірусу ў сферы культуры па рэгіёнах. Як атрымліваецца пераконваць супрацоўнікаў у патрэбе вакцынацыі?
Наталля Пушнова, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама:
— Як і ў іншых рэгіёнах, з пачаткам каранавіруснай інфекцыі ў нас працуюць штабы па пытаннях калектыўнай вакцынацыі. Таксама штабы ёсць і ў кожным райвыканкаме, якія даюць нам справаздачу. Найпершым метадам пераканання зрабіць прышчэпку з’яўляецца індывідуальнае растлумачэнне. Мы плануем праводзіць работу па вакцынацыі да ўзроўню сусветных стандартаў па стварэнні калектыўнага імунітэта ў 60-70% ад колькасці ўсіх супрацоўнікаў.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ