Заканчэнне. Пачатак у “К” №40.
КРЫНІЦА НАТХНЕННЯ
Так званай акцыяй гонару і павагі стала сеткавая фотаакцыя “#БУКЛУК_КНІГА_НАТХНЯЕ”, арганізаваная сярод бібліятэчных супрацоўнікаў да Міжнароднага Дня роднай мовы. Жывая, песенная, старажытная… Наша мова заслугоўвае таго, каб яе любілі, на ёй гаварылі і яе шанавалі! І лепшае ўвасабленне роднай мовы — у беларускай кнізе.
Акцыя запрашае да творчасці, а ўдзельнікі пераўтвараюцца ў сапраўдных фотамастакоў, якія складаюць кампазіцыі з розных атрыбутаў і аксэсуараў, галоўным элементам якіх павінна быць беларуская кніга. Дадзеная акцыя стала паўнапраўным раздзелам інфармацыйнага рэсурсу. Тут размясціліся цудоўныя работы ўсіх удзельнікаў, а пазнаёміцца з імі можа кожны ахвотны.
Большая колькасць галасоў дасталася кампазіцыі — “На ростанях”, дзе вельмі тонка была прадстаўлена кніга і гiсторыя беларускага народа. Але годнымі аказаліся ўсе работы — і на кнігі сучасных аўтараў, і на кнігі класікаў беларускай літаратуры. Цяпер зразумела: каб не даць нашай мове знікнуць, трапіць у спіс выміраючых, патрэбны адпаведныя намаганні і зацікаўленасць грамадства.
Моладзі, а дакладней дзецям і падлеткам, быў прысвечаны марафон з зоркай “КЛАСныя сустрэчы”, які стаў своеасаблівай базай дадзеных на нашай лендзінг-старонцы. Марафон — гэта серыя сустрэч з цікавымі творчымі асобамі. У якасці ўдзельнікаў выступілі самыя чытаючыя школы Магілёва, а ў якасці гасцей — беларускія дзіцячыя пісьменнікі, якія з’яўляюцца частымі гасцямі на святочных бібліятэчных мерапрыемствах.
На пряцягу тыдня ў анлайн-рэжыме на платформе Zoom беларускія аўтары выходзілі на сувязь з навучэнцамі пачатковых класаў — прадстаўнікамі сямі школ. Свята падарыла знаёмства з кніжнай феяй Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, “беларускім і крыху расійскім, дарослым і крыху дзіцячым пісьменнікам” — Паўлам Гушынцом, Аленай Стэльмах, паэтэсай і бардам — Аленай Свешнікавай. Аўтары дзяліліся незвычайнымі жыццёвымі гісторыямі, кніжнымі навінкамі і, спадзяемся, знайшлі надзейных прыхільнікаў сваёй творчасці. Усяго ў марафоне прынялі ўдзел каля 100 хлопчыкаў і дзяўчынак.
ГАВАРКІЯ КНІГІ
Пазнаёміцца з гісторыяй сустрэч можна на лендзінг-старонцы, але не проста пазнаёміцца, кожны чытач у анлайн-рэжыме можа пакінуць свае водгукі-пажаданні, з якім аўтарам хацеў бы сустрэцца менавіта ён. Такая адваротная сувязь дазволіць ажыццяўляць будучыя сустрэчы з улікам пажаданняў нашых карыстальнікаў.
У гэтым жа годзе таксама да дня роднай мовы была арганізавана дзейнасць літаратурнай анлайн-студыі “Кнігі, якія гавораць”. Студыя спецыялізуецца на стварэнні, выпуску і прэзентацыі audio-book(аў) знакавых мастацкіх твораў знакамітых пісьменнікаў — рускіх, беларускіх або замежных аўтараў. Але на нашым рэсурсе мы сабралі аўдыябукі толькі айчынных аўтараў. Гэта своеасаблівы падарунак як да дня нараджэння пісьменніка, так і прыемны сюрпрыз для шырокага кола чытачоў. Аўдыябукі можна глядзець, а можна проста праслухаць, камфортна размясціўшыся ва ўтульным месцы.
Цудоўныя аўдыяпадборкі былі зроблены на вершы выдатных беларускіх паэтаў, такіх як Яўгенія Янішчыц, Рыгор Барадулін, Таццяна Цвірка, Вольга Іпатава, Максім Багдановіч і Анатоль Вялюгін, — яны склалі audio-book пад агульнай назвай “Песні Белай Зямлі”.
Да юбілеяў Уладзіміра Караткевіча і Кандрата Крапівы таксама былі падрыхтаваны аўдыябукі.
Прыемны голас, падабраная з густам музыка лепшых кампазітараў свету, незвычайная атмасфера відэаролікаў увасабляюць з сябе адзіную кампазіцыю, якую хочацца слухаць зноў і зноў. Серыя audio-book(аў) да юбілеяў айчынных пісьменнікаў будзе толькі пашырацца, тым больш што пазітыўных водгукаў ад карыстальнікаў было немала, а агульная колькасць іх праглядаў на YouTube склала больш за 800.
ПАГУЛЯЕМ!
Тым жа чытачам, якія выбіраюць не проста ўтульнае “чытанне” аўдыябукаў, а аддаюць перавагу творчаму, займальнаму працэсу, мы прапанавалі адправіцца ў неверагоднае падарожжа з “чароўнымі” ЛІТбоксамі. ЛІТбокс — гэта інтэрактыўны гульнявы комплекс па беларускіх кнігах, разлічаны на розныя катэгорыі чытачоў ад 0+ да 16+, які ладзіўся на працягу лета на сайце ўстановы. Галоўны сакрэт кожнага Літбокса — знаёмства з беларускімі аўтарамі і іх цудоўнымі кнігамі, якія адразу можна пачытаць анлайн. А галоўны дэвіз — чытаць гуляючы! Кожны бокс — гэта сакрэт з 5 зорачкамі, за кожнай з якіх схавана біяграфія аўтара, цікавыя факты і ўмовы беларускіх гульняў, у якія гулялі нашы бабулі і дзядулі ў дзяцінстве: “Сонца і месяц”, “Бярозка”, “Дзядуля-ражок”, “Сцяжынкамі Беларусі”. Гeopгiй Мapчyк, Яўген Хвалей, Уладзімір Ліпскі, Алена Васілевіч, Анатоль Зэкаў, Алесь Бадак — гэтыя і іншыя аўтары сталі героямі літбоксаў. У дадатак віртуальныя карыстальнікі знаёміліся з гісторыяй і культурай Беларусі, яе легендамі і паданнямі.
Вельмі багаты на знаёмствы з новымі імёнамі беларускай літаратуры стаў 2021 год. Па-сапраўднаму ў гэты перыяд было “адкрыта” шмат цудоўных беларускіх аўтараў, якіх яшчэ не ведалі магілёўскія чытачы. І ўжо летам гэтага года ў рамках ВЯЛІКІХ ЛЕТНІХ ЧЫТАННЯЎ былі запушчаны FRIEND-сустрэчы “Усмешка аўтара”. Галоўным падарункам дадзеных сустрэч сталі розыгрышы кніг ад саміх пісьменнікаў.
Кожны аўторак на працягу трох летніх месяцаў у фармаце анлайн на Інстаграм-акаўнце ўстановы ладзіліся прамыя эфіры і відэастрымы з сучаснымі беларускімі аўтарамі. Дванаццаць тыдняў і дванаццаць аўтараў! Сярод іх — вядомыя дзіцячай аўдыторыі магілёўскія пісьменніцы — Жанна Міус і Вольга Бялова, мінскі аўтар і добры сябар бібліятэк — Уладзімір Кулічэнка, знакаміты не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі — Валерый Квілорыя. Былі і тыя, якіх чытачы бачылі толькі на загалоўках кніг, і цяпер выдалася магчымасць убачыць аўтараў на свае вочы — беларуская “Джоан Роўлінг” — Ірына Токарава; дзіцячы аўтар з горада-героя Брэста — Наталля Кухліч; пісьменнік і ўдзельнік міжнародных літаратурных фестываляў і конкурсаў — Кацярына Залеская; дзіцячы паэт з Вілейкі, член саюза пісьменнікаў Беларусі — Віктар Кажура; лаўрэат і дыпламант міжнародных літаратурных конкурсаў — Ліна Багданава і нават галоўны рэдактар выдавецтва “Народная асвета” — Алена Літвіновіч.
Усяго за час правядзення FRIEND-сустрэч было пакінута больш за 220 каментарыяў, а самымі актыўнымі іх удзельнікамі сталі маладыя мамы, якія з задавальненнем чытаюць кнігі са сваімі дзеткамі. Агульная ж колькасць праглядаў усіх відэастрымаў склала амаль 2000, што гаворыць пра зацікаўленасць імі з боку анлайн-чытачоў.
ВАНДРОЎКА ПА МАГІЛЁВЕ
Неад’емнай часткай культурна-асветніцкай дзейнасці бібліятэкі з’яўляецца краязнаўчая работа. Сабраць і сістэматызаваць як мага больш інфармацыі аб родным краі, яго мінулым, сучасным і будучым — важны неабходны працэс. Нават не толькі сабраць, але і распаўсюдзіць сярод шырокага кола насельніцтва. Развіццё інфармацыйных тэхналогій адкрывае новыя магчымасці, дазваляе прасоўваць краязнаўчы масіў да простых жыхароў больш эфектыўна, якасна і даступна.
Колькасць віртуальных карыстальнікаў інтэрнэту ва ўсім свеце пастаянна расце. Чытачы любога ўзросту маюць магчымасць атрымаць карысны матэрыял на сайтах устаноў, з дапамогай баз дадзеных, сацыяльных сетак. Апошнія, у сваю чаргу, займаюць у гэтым плане значную нішу.
Здзейсніць незвычайнае падарожжа па адным з прыгажэйшых гарадоў Беларусі — Магілёву прапануе другі раздзел віртуальнага інфармацыйнага рэсурсу — “НеРэальны Магілёў”. Гэта так званы медыяпраект, які смела можна выкарыстоўваць у якасці дапаможнага ці самастойнага матэрыялу пры правядзенні любых краязнаўчых мерапрыемстваў.
Праект уяўляе з сябе цыкл краязнаўчых мабільных відэастрымаў для сацыяльных сетак “Інстаграм”, “ВКонтакте”, якімі карыстаецца пераважна моладзь. Разлічаны праект на год і рэалізуецца цягам бягучага. Місія праекта простая — берагчы прошлае, адкрываць будучае. За невялікі час рэалізацыі праекта яго ўжо паспелі паглядзець больш за 620 анлайн-карыстальнікаў.
Вядучыя праекта, а гэта маладыя супрацоўнікі бібліятэкі, расказваюць і паказваюць у анлайн-прасторы самыя цікавыя і значныя месцы, якія павінен ведаць, а лепей — наведаць кожны жыхар і госць Магілёва. Яны адкрываюць ТОП-5 невядомых фактаў вядомых мясцін горада і ТОП-5 неверагодных прычын пабываць у Магілёве. Гэта і цудоўны Пячэрскі лесапарк — папулярнае і прыгожае месца для адпачынку ўсёй сям’ёй; і вядомы далёка за межамі горада праваслаўны жаночы манастыр, стварэнне якога пачалося яшчэ ў XVII стагоддзі; і гонар Магілёва — плошча зорак, галоўнай славутасцю якой з’яўляецца вылітая з бронзы скульптура “Астролаг”. Тут увекавечаны па прыкладу “галівудскай алеі” імёны ганаровых грамадзян Магілёва, так званых “зорак” — спартсменаў, музыкантаў, вучоных, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё абласнога цэнтра.
У першую чаргу відэаролікі носяць адукацыйны характар і накіраваны на фарміраванне пачуцця гонару за родны край. Але прадстаўлены яны ў выглядзе цікавай гульні, удзельнікам якой можа стаць любы ахвотны. Галоўная ўмова — даглядзець відэаролік да канца!
Акрамя займальных падарожжаў дадзены праект падарыў жыхарам Магілёва і цікавую напольную МЕГА-ГУЛЬНЮ “НеРэальны Магілёў”, якая ўяўляе з сябе вялікае палатно з мноствам пытанняў і заданняў. Прэзентацыя гульні адбылася на святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і выклікала вялікі рэзананс сярод магіляўчан і гасцей горада.
Сацыяльныя медыя — гэта хуткі даступны шлях распаўсюджвання інфармацыі. Але знаёмства з родным горадам можна ажыццяўляць і іншымі шляхамі.
Амаль кожны жыхар горада Магілёва, дзе б ён ні вучыўся ці працаваў, штодзень карыстаецца грамадскім транспартам. І інфармацыя, якая гучыць на прыпынках і ў час руху, абавязкова пакідае след у пасажыраў. Гэта і прадугледжваў інавацыйны аўдыяпраект “Краязнаўчыя маршруты”, з поспехам рэалізаваны ў нашай установе.
Дадзены праект — гэта ўнікальная магчымасць, не робячы асабістых намаганняў, даведацца аб сваім родным горадзе, атрымаць цікавую і каштоўную інфармацыю аб яго сучасным і мінулым. Галоўным аб’ектам праекта сталі аўтобусныя прыпынкі горада, а дакладней, інфармацыя аб іх, якая на працягу адпаведнага перыяду гучала ў грамадскім транспарце. У рамках праекта былі выбраны некалькі аўтобусных маршрутаў руху па горадзе, якімі часта карыстаюцца мясцовыя жыхары. На кожны прыпынак падрыхтаваны блокі аўдыяінфармацыі.
Далёка не ўсе жыхары ведаюць, адкуль пайшла назва таго ці іншага аўтобуснага прыпынку. Праект даў магчымасць даведацца не толькі пра знакамітых асоб, у гонар каго пайшлі назвы прыпынкаў, але і расказваў аб галоўных і знакавых будынках у адпаведным месцы, гісторыі іх узнікнення.
Уся арганізаваная работа ў рамках праекта лягла ў аснову наступнага раздзела інфармацыйнага рэсурсу, які так і называецца “Краязнаўчыя маршруты”. На сайце яны прадстаўлены не проста ў выглядзе падкастаў, матэрыял дапоўнены адпаведнай інфармацыяй і фотаздымкамі.
У падарожжа па Магілёве, але ўжо маленькіх чытачоў, запрашае ўнікальны праект і наступны раздзел лендзінг-старонкі — “Маленькімі крокамі па вялікім горадзе”. За 30 хвілін не выходзячы з дому хлопчыкі і дзяўчынкі разам з бацькамі могуць ажыццявіць шпацыр па галоўнай і старэйшай вуліцы горада — Першамайскай. Цэнтральная вуліца, працягласць якой больш за шэсць кіламетраў дарогі, сабрала розныя астраўкі гісторыі — чыгуначны вакзал, абласную тыпаграфію, мясцовы дом саветаў, гарадскі тэатр лялек і іншыя. Усе яны шмат бачылі і чулі, і шмат пра што могуць паведаць. Яркія фотаздымкі, пакладзеныя ў аснову віртуальнай прэзентацыі, наглядна дэманструюць, як жыў Магілёў раней, і якім ён з’яўляецца сёння. Адпачываць можна па рознаму — у кампаніі сяброў, з любімымі гульнямі, а мы прапануем гэта зрабіць за праглядам фільма аб родным горадзе.
Магілёў захоўвае шмат прыгожых легенд і таямніц. Але былі ў горада на Дняпры і жудасныя перыяды, забываць аб якіх таксама мы не маем права. Легендарнай старонкай у гісторыю Другой сусветнай вайны ўвайшла гераічная абарона Магілёва 1941 года. Вораг, які рваўся да Масквы, быў затрыманы на 23 дня. Менавіта тут развеялі міф аб непераможнасці гітлераўскіх войскаў і выйгралі час для мабілізацыі сіл. Усе, хто прымаў удзел у абароне Магілёва, вартыя вечнай памяці і пакланення перад іх подзвігам.
З нагоды 80-годдзя гэтай самотнай, але вельмі важнай даты ўвазе чытачоў прадстаўлены своеасаблівы мемарыял — віртуальная інтэрактыўная карта “Там ішлі баі”.
ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ
Такім чынам, усе культурна-асветніцкія акцыі і мерапрыемствы літаратурнага, краязнаўчага і патрыятычнага характару, якія будуць ладзіцца бібліятэкай у будучыні, абавязкова знойдуць сваё адлюстраванне і стануць важнай часткай віртуальнага рэсурсу. Ведаць гісторыю, карані, традыцыі і культурную спадчыну свайго народа — абавязак кожнага грамадзяніна краіны, у гэтым наша сіла і натхненне.
Сваёй дзейнасцю мы хацелі аб’яднаць тысячы людзей, каб яны не проста ведалі, але заўсёды памяталі і думалі пра агульны дабрабыт нашай краіны.
Лілія КАПЫТАВА, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦГБ ім. Карла Маркса Цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва