Перазовы пакаленняў

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

Ёсць штосьці сімвалічнае ў тым, што Гомельшчына трымала сваю творчую справаздачу, прысвечаную 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, напярэдадні 91-ай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Бо гэтыя знакавыя гістарычныя падзеі таксама набліжалі цяперашнюю незалежную Беларусь, у якой кожны рэгіён з гонарам дэманструе свае творчыя здабыткі.

У апошні кастрычніцкі дзень Гомельшчына прадоўжыла серыю творчых справаздач, распачатую Брэстчынай, пазней — горадам Мінскам, якія прысвячаюцца 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На ўваходзе ў Палац Рэспублікі гасцей сустракалі тэатралізаваныя прадстаўленні. Сярод іх была вялізная Рысь — сімвал Гомеля, алюстраваная на гарадскім гербе, а таксама шматлікія “таямнічыя незнаёмкі” ды “птушкі шчасця” — усе ў адметных папяровых строях, вырабленых у Светлагорску.
Улічваючы нядоўгі век папяровых “шаўкоў і аксаміту”, калекцыю Тэатра папяровай моды ДК “Энергетык” даводзіцца пастаянна аднаўляць — тым больш, што яна становіцца годным арыгінальным упрыгожаннем любога свята, канцэрта, прэзентацыі. “Папяровая тэма” працягвалася на выстаўцы прэсы, дзе можна было азнаёміцца з усімі выданнямі рэгіёна. Змястоўная фотавыстаўка сабрала шматлікія гарадскія відарысы, праекты найбольш выбітных забудоў розных куткоў вобласці. Тут жа змяшчаўся макет знакамітага Палацава-паркавага ансамблю Румянцавых-Паскевічаў — гістарычнай перліны і “візітоўкі” Гомельшчыны.

Выстаўка вырабаў народных майстроў, што разгарнулася ў фае, суправаджалася запальным выступленнем фальклорнага ансамбля “Жытніца” з Жыткавічаў на чале з Таццянай Еўлаш. Тут былі творы жывапісу (пераважна рэалістычныя відарысы), карціны з бяросты, габелен, кераміка, шматлікія прыклады традыцыйнага ткацтва (у тым ліку не толькі ручнікі, але і паясы), саломка- і лозапляцення. А колькі было лялек (ад самых старадаўніх, без намаляванага тварыка, да саламяных), колькі драўляных скульптур і ўвогуле разьбы па дрэве — ажно да выразаных абразоў! Немагчыма было абмінуць народныя строі, багата аздобленыя вышыванкамі, прычым не толькі з традыцыйным беларускім арнаментам, але і з разнастайнымі кветкамі, каласкамі— менавіта на палескі манер. “Праз народны строй, — не стамлялася расказваць цікаўным дырэктар Прудкоўскага сельскага дома культуры Наталля Прус, якая дзесяцігоддзе па крупінках чэрпала звесткі не з кніжак, а з “бабчыных куфэркаў” менавіта мазырскага Палесся, — перадавалася інфармацыя пра сямейныстан чалавека, ягоныя намеры. Убранне нявесты аздаблялася парнымі малюнкамі цёплых колераў, што быццам казалі пра каханне. Парна вышытыя каласы сімвалізавалі здароўе, пладавітасць, дабрабыт. Фартушок з’яўляўся толькі ў замужніх жанчын. З аднаго боку, ён “настройваў” на працу, з другога быццам абараняў будучых дзяцей ад сурокаў. Свякруха насіла сукенку з буйнымі чырвонымі кветкамі, цяжарная жанчына — з калючымі ружамі, каб іх шыпы калолі злыя языкі...”

Можа, тыя ружы “пастараліся”, але публіка была самай добразычлівай. У зале сабраліся шмат прадстаўнікоў старэйшага ўзросту, пра запрашэнне якіх асабіста паклапаціўся Гомельскі абласны савет ветэранаў, моладзь, сталічны бамонд. Як адзначыў у сваім выступленні старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, такая справаздача сталася не толькі вялікім гонарам, але і сур’ёзным іспытам, дала магчымасць прадэманстраваць перспектывы, паказаць усю самабытнасць дзівоснага палескага краю.

Канцэртная праграма “Свет подзвіг ваш запомніць на стагоддзі” атрымалася надзвычай відовішчнай, імклівай па тэмпарытме і святочнай па настроі, — мабыць, менавіта такі імпульс надало канцэрту паэтычнае лазернае шоу, а падтрымалі — шматлікія цыркавыя нумары і спартыўныя выступленні. Рэжысёр Пётр Свярдлоў свядома акцэнтаваў не асобныя нумары і калектывы, а разгорнутыя тэатралізаваныя музычна-харэаграфічна-спартыўныя кампазіцыі: “Няпрошаная вайна”, “Спявай, маё Палессе!”, “Планета дзяцінства”, “Садружнасць спорту, мужнасці і творчасці”, “Любоў і музыка”. Парушэнне звыклай для падобных галаканцэртаў драматургіі— ад класікі да эстрады — толькі ярчэй высвеціла два шыкоўныя оперныя нумары, якія апынуліся ў цэнтры песеннай стыхіі.

Цудоўна, што на справаздачу прыехала ўраджэнка Гомельшчыны, салістка Новай Венскай оперы Вероніка Гройс: украінскія салісты, якія ўслаўляюць сваю радзіму далёка за яе межамі, робяць так пастаянна — дастаткова ўзгадаць іх рэгулярныя прыезды на “Славянскі базар у Віцебску” і іншыя адказныя для краіны мерапрыемствы. Салістка Гомельскай філармоніі Галіна Паўлянок таксама пачынала сваю творчую кар’еру на опернай сцэне — у Расіі.

А тое, што яна папраўдзе наша беларуская Алена Абразцова і магла б і зараз упрыгожыць оперны спектакль, прадэманстравала яе “Хабанэра” з “Кармэн” Бізэ. Запаволены тэмп, прыцягальная энергетыка, народжаная самімі абертонамі голасу, — спявачка, як і яе гераіня, прымусіла палюбіць сябе такой, якая яна ёсць. Ну, а між дзвюма прымадоннамі выступіў Алег Дудко — моцна, артыстычна, па-шаляпінску ён прайшоўся з прытанцоўваннем “Вдоль по Питерской”.

Не згубілася на такім фоне і эстрада. Мы ўбачылі і пачулі столькі выдатных спевакоў розных узростаў, што сіламі адной Гомельшчыны можна было б праводзіць “Еўрабачанне” — і дзіцячае, і “дарослае”. Тым больш, што літаральна кожны нумар суправаджаўся стыльнай харэаграфічнай падтрымкай. Адна толькі студыя сучаснага танца “Алексіс” чаго каштуе — гэта ж наш беларускі “Тодэс”!

“Разыначкай” справаздачнага паказу была знакамітая гомельская “жывая ваза”, удзельнікі якой станавіліся часцінкамі яе зменлівых арнаментаў. Яшчэ адной адметнасцю канцэрта была фінальная “індывідуалізацыя” гарадоў Гомельшчыны — праз песні-гімны, прысвечаныя ім, і відэапаказ славутасцей кожнай з мясцін.

Заключным жа акордам сталі кветкі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 Надзея БУНЦЭВІЧ