Калі матэрыялізуецца Белая Панна?

№ 44-45 (862-863) 08.11.2008 - 14.11.2008 г

У гэтым нумары “Афіша “К” яшчэ запрашае наведаць філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, які размясціўся ў колішнім францысканскім кляштары ў Гальшанах. На наступным тыдні гэтага модуля вы ўжо не пабачыце: з 17 лістапада філіял ліквідуецца, бо кляштар, стан якога быў прызнаны аварыйным, зачыняецца. Таму не дзіва, што тураператары цяпер актыўна павышаюць колькасць экскурсій па гэтым маршруце — дарэчы, і без таго адным з найпапулярнейшых на Беларусі, — падкупляючы турыстаў апошняй магчымасцю сустрэцца з прывідам Белай Панны, які немаведама з чыёй ласкі пасяліўся ў гэтых намоленых некалі сценах. Зрэшты, ёсць падставы меркаваць, што неўзабаве ён якраз і стане аднаасобным гаспадаром помніка архітэктуры ХVII стагоддзя. Ці хутка чакаюць змены Гальшанскі замак? Калі сівыя муры стануць “працаваць” на карысць краю? Гэтыя пытанні хвалююць цяпер тых, хто непасрэдна зацікаўлены ў лёсе гістарычнага помніка. А такіх асоб, як высветліў карэспандэнт “К”, аказалася нямала.

Асабістае стаўленне да асаблівага

Нават беглага позірку на гістарычны будынак дастаткова, каб зразумець, што істотам з плоці і крыві знаходзіцца тут можа быць небяспечна: яго тынкоўка ўжо збольшага аблупілася, таму старыя муры стракацяць шчэрбінамі. Выгляд камяніцы цяпер зусім не рамантычны. Але настрой у супрацоўнікаў філіяла музея, якія дапрацоўваюць апошнія дні — а іх агулам 9 чалавек, — пануры зусім не з гэтай прычыны: знайсці вакансіі ў такім маленькім мястэчку, як Гальшаны, — асабліва па спецыяльнасці — ім будзе нялёгка.

Закрыццё філіяла і далейшы лёс кляштара занепакоілі, не раўнуючы, усіх людзей, неабыякавых да беларускай даўніны. Але ж, пабываўшы ў Гальшанах, разумееш, што адносіны да гэтай падзеі тут усё ж зусім іншыя, чым у сталіцы або дзе яшчэ, бо жыхары мястэчка разумеюць, што яна тычыцца менавіта іх, прычым непасрэдна. Нават у тым выпадку, калі ўласныя інтарэсы не закрануты. Знаёмячыся з работнікамі культуры Ашмяншчыны, прыемна здзіўляешся таму шчыраму гонару за свой край, які ўласцівы кожнаму з іх.

 /i/content/pi/cult/182/1846/Galshany.jpg
Скрушлівую фразу “Шкада, што філіял закрываецца!” на працягу дня даводзілася чуць разоў мо дзесяць — і ад кіраўнікоў, і ад простых бібліятэкараў.

— Так, мясцовыя жыхары вельмі засмучаны весткай пра тое, што філіяла Нацыянальнага мастацкага музея тут больш не будзе. Мы нават лісты пісалі ў розныя інстанцыі, — кажа бібліятэкарка з Гальшанаў Валянціна Лабуніна. — Бо музей тут вельмі патрэбны — і для турыстаў, і для мясцовай інтэлігенцыі.

Як спалучыць кляштар з музеем?

Варыянтаў далейшага лёсу кляштарнага будынка не так і шмат, а найпраўдападобнейшыя сярод іх хіба два. Па-першае, ён можа быць перададзены ў муніцыпальную ўласнасць: на баланс Ашмянскага райвыканкама. А падругое — вернуты Каталіцкаму Касцёлу.

— Узяць будынак у цяперашнім стане і правесці яго рэстаўрацыю для раёна адназначна не пад сілу, — кажа начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская. — І ад жадання мясцовых улад гэта, на жаль, не залежыць. Скажам, тыя паўтара мільярда рублёў, якія прызначаны на рэканструкцыю будынка для Ашмянскага краязнаўчага музея, раён мусіў браць у крэдыт, а ў Гальшанскікляштар трэба ўкласці куды большыя сродкі...

Таму, на яе думку, аптымальным можа стаць “прамежкавы варыянт”, паводле якога архітэктурны помнік вяртаецца каталіцкім вернікам, яны праводзяць яго поўную рэстаўрацыю, аднак пры гэтым частка будынка пяройдзе да аддзела культуры, які створыць там выставачную залу.

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, да якога карэспандэнт “К” звярнуўся па каментарыі, не адмаўляе магчымасці ўключэння гэтага аб’екта ў Рэспубліканскую інвестыцыйную праграму. Вядома, у тым выпадку, калі ён усё ж будзе перададзены на баланс мясцовых улад.

Згодна з Указам Прэзідэнта краіны, рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры, перададзеных у муніцыпальную ўласнасць, можа фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту на 50%, другую ж палову выдаткаў павінны ўзяць на сябе мясцовыя бюджэты. Зрэшты, праўдападобна, што для раёна і гэтай паловы будзе зашмат, — хіба для вобласці...

Размова пра перадачу будынка кляштара яго першапачатковым уласнікам — паслядоўнікам святога Францыска — вядзецца ўжо даволі даўно. І гэты крок падаецца заканамерным — не толькі ў плане гістарычнай справядлівасці, але хаця б таму, што патэнцыйныя варыянты прыстасавання пабудовы, якая ўшчыльную прымыкае да касцёла, утвараючы з ім адзіны комплекс, даволі абмежаваныя. Гатэль або рэстаран у ёй дакладна не зробіш.

— Мы ўжо семнаццаць гадоў дамагаемся вяртання кляштара, — кажа пробашч парафіі Яна Хрысціцеля ў Гальшанах айцец Багуслаў. — І будзем працягваць маліцца ў гэтай інтэнцыі.

Святар запэўніў карэспандэнта “К” у тым, што аднаўленне ў кляштарных сценах рэлігійнага жыцця не зробіць архітэктурны помнік цалкам закрытым для турыстаў. Затое, ордэн францысканцаў здолее знайсці сродкі на яго рэстаўрацыю. І ў гэтым сумнявацца не выпадае: будынак кляштара сёння моцна дысануе паводле знешняга выгляду са сваім суседам-касцёлам, які цешыць вока свежай тынкоўкай. Хаця памятаю тыя часы, калі іх стан быў аднолькава журботны.

Рэстаўрацыя кляштарнага будынка таксама некалі планавалася, гадоў пятнаццаць таму нават была падрыхтавана праектная дакументацыя. Ды, як паведаміў Ігар Чарняўскі, паколькі работы тады былі замарожаны праз нястачу фінансавання, цяпер дакументацыю давядзецца ўзгадняць наноў, як гэтага патрабуе беларускае заканадаўства.

— Новы ўласнік будынка мусіць сам прыняць рашэнне адносна яго далейшага лёсу: або рэстаўрацыя, або кансервацыя, — кажа ён. — Але відавочна, што стан гэтага
 /i/content/pi/cult/182/1846/Galshany2.jpg
архітэктурнага помніка патрабуе неадкладных захадаў.

Энтузіязму патрэбна шыльда

Далейшы лёс будынка кляштара — толькі адзін з аспектаў закранутай праблемы. Галіна Балінская звяртае ўвагу і на другі. Турысты, якія нярэдка прыбываюць у Гальшаны без кампетэнтнага экскурсавода, маюць жаданне не толькі ўбачыць руіны замка і прасякнуцца местачковай атмасферай, якая збольшага захавалася са старых часоў, але і даведацца тое-сёе з багатай яго гісторыі.

Пакуль яны яшчэ могуць звярнуцца па гэта ў філіял музея, загадчык якога Часлава Анкулевіч умее зацікавіць экскурсантаў цікавым аповедам, а ў недалёкай будучыні?.. Безумоўна, праявіўшы пэўную настойлівасць, цікаўныя госці могуць знайсці дзверы ў ідэальна дагледжаны будынак мясцовай бібліятэкі, дзе створаны інфармацыйна-краязнаўчы цэнтр. І не пашкадуюць пра змарнаваны час: ветлівыя “захавальніцы ведаў” ахвотна адкажуць на ўсе пытанні, датычныя мінуўшчыны краю. Не давядзецца шкадаваць і тым, хто трапіць у музей, што існуе пры Гальшанскай гімназіі. Ён быў створаны карыфеем краязнаўства, аўтарам змястоўнай кнігі пра мястэчка Эдуардам Корзунам і цяпер носіць яго імя. Удава даследчыка і педагога Яніна Іванаўна не шкадуе свайго ўласнага часу на тое, каб сустракаць гасцей, аднак... Яе трэба, як мінімум, заспець дома. Таму пад час майго апошняга наведвання Гальшанаў пабываць у гэтым музеі так і не ўдалося. Дый не дзіва, што многія з турыстаў пра яго нават і не ведаюць.

Усё ж, установа з уласнай шыльдай, рэжымам працы і штатным раскладам і музей, які трымаецца перадусім на энтузіязме, — гэта дзве вялікія розніцы. Асабліва яны даюцца ў знакі тут, у Гальшанах, дзе наплыў турыстаў такі, што на ўсіх энтузіязму не хопіць. Як-ніяк, а за мінулы год філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь наведала 13 з паловай тысяч чалавек!

Зрэшты, філіял быў патрэбны не толькі турыстам. Яго закрыццё балюча ўспрыняла і мясцовая інтэлігенцыя. Распавядае бібліятэкарка і краязнаўца Валянціна Лабуніна:

— Мы заўсёды з цікавасцю наведвалі новыя выстаўкі і былі рады, што ў нас ёсць магчымасць спрычыніцца да высокіх узораў мастацтва ў сваіх родных Гальшанах.

Валянціна Лабуніна прапануе свой варыянт развіцця сітуацыі: чаму б не зрабіць музей у будынку былой гміны — прыгожым драўляным дамку, які паўстаў у 1928 годзе? Тым больш, на дадзены момант ён пустуе: летась сярэдняя школа яго пакінула.

Ва ўсялякім выпадку, неаспрэчна адно: музей у Гальшанах сапраўды патрэбны. А вось адносна яго профілю можна паставіць пытанне. Магчыма, турыстам з вялікіх гарадоў цікавей было б акунуцца ў багатую на падзеі гісторыю мястэчка, чым паглядзець мастацкую выстаўку або фотавыявы помнікаў беларускай архітэктуры, якія ім прапаноўваў філіял.

Зрэшты, краязнаўчая спецыялізацыя не шкодзіць і правядзенню мастацкіх выставак — абодва гэтыя накірункі дзейнасці цудоўна спалучаюцца.

Узбагаціць сцены музея зместам праблемы тут, відавочна, не складзе. За доўгія гады працы філіяла яго работнікі здолелі назапасіць добры досвед музейнай працы, і будзе марнатраўствам, калі гэты нематэрыяльны здабытак сыдзе, бы вада ў пясок. Ды і экспанаты, сабраныя Эдуардам Корзунам і яго вучнямі, маглі б стаць асновай экспазіцыі “агульнаграмадскага” музея.
Нязваныя госці Сапегаў

Што маюць Гальшаны ад сваёй усеагульнай вядомасці, якая вылучае мястэчка з соцень падобных? Пакуль не так і шмат — асабліва ў параўнанні з тым, што можна мець у перспектыве. Але крокі — хай і не сямімільныя — у справе ператварэння мястэчка ў сапраўдны турыстычны цэнтр усё ж заўважныя.

За прагляд знакамітага замка грошай з турыстаў пакуль не бяруць: для гэтага патрэбна хаця б агароджа.

Сельскагаспадарчае прадпрыемства непадалёк ад рамантычных руін па-ранейшаму спраўна функцыянуе, выпраменьваючы ў паветра тыя пахі, якія не маюць ніякага дачынення да “водару даўніны”. Але ж смецця на тэрыторыі замка ўжо не знойдзеш (як тое было гадоў дзесяць таму), а з шашы да яго вядуць дарожкі са жвіру. Гэта заслуга мясцовых улад і насельніцтва: штогод тут ладзяцца суботнікі.

Аднак сваімі сіламі ўсіх праблем не вырашыць. Відавочна, што замак патрабуе значных фінансавых уліванняў для правядзення яго кансервацыі і музеефікацыі. Першая паклікана засцерагчы унікальны архітэктурны помнік ад шкоднага ўплыву сіл прыроды, а другая — ад дэструктыўнага “чалавечага фактару”. Бо папулярнасць колішняй перліны беларускага дойлідства адыгрывае для яе самой пакуль што, хутчэй, адмоўную, чым станоўчую ролю. Мала хто з турыстаў адмаўляе сабе ў задавальненні пакоўзацца па руінах у пошуках лепшых ракурсаў для фота, а той-сёй з аматараў рамантыкі вырашае загасцяваць “у Сапегаў” ва ўласным намёце. Паводле заканадаўства гэта забаронена, аднак… Вартаўніка, які няспынна сачыў бы за парадкам, у замку няма.

Колішні намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Лузіна пазнаёміла карэспандэнта “К” з праектам, які прадугледжвае, сярод іншага, рэстаўрацыю адной з вежаў замка і стварэнне там невялічкага музея і сувенірнай крамкі. Без сумневу, рэалізаваць гэтую задуму можна будзе толькі з выкарыстаннем рэспубліканскага фінансавання. Але пры добра арганізаванай працы ўкладзеныя грошы з часам будуць вяртацца.

А ў аддзеле культуры падумваюць пра ўвядзенне новага віду платных паслуг. Яго сутнасць — “матэрыялізацыя” таго самага прывіду, які і прываблівае многіх турыстаў. Хто з іх адмовіцца сфатаграфавацца разам з “сапраўднай” Белай Паннай? Урэчаісніць гэтую прыгожую задуму не так і проста, як падаецца на першы погляд, — дзеля гэтага трэба наладзіць супрацоўніцтва з арганізатарамі экскурсій, бо іначай “Панна” будзе мерзнуць у замку дарма.
Але паколькі ў раёне пры актыўным спрыянні мясцовых улад ужо працуюць некалькі папраўдзе “перадавых” тураб’ектаў, чыя канцэпцыя сыходзіць каранямі менавіта ў мінуўшчыну краю (пра адзін з іх — конна-спартыўны цэнтр “Гіпіка” — мы ўжо пісалі; другі — адроджаная сядзіба ў Бенюнах — варты асобнага матэрыялу), можна меркаваць, што ўводзіць турінавацыі ашмянцам не ў навіну. Таму, “уключыўшы” фантазію, можна сабе ўявіць, што пры добрым развіцці справы і знакаміты народны тэатр з Ашмянаў, які налета адсвяткуе 50-гадовы юбілей, атрымае новую пляцоўку для выступленняў.
Адметнасць Гальшанаў яшчэ і ў тым, што найцікавейшыя помнікі архітэктуры — замак і кляштар з касцёлам — не кантрастуюць з іншай забудовай мястэчка. Яна збольшага захавалася са старых часоў, і таму Гальшаны могуць ператварыцца ў сапраўдны музей пад адкрытым небам, даючы хаця б прыблізнае ўяўленне адносна побыту нашых продкаў.
 /i/content/pi/cult/182/1846/Galshany3.jpg
Хваля добраўпарадкавання, якая пракацілася па мястэчку пад час пераўтварэння яго ў аграгарадок, ані не зніштожыла гэты дух даўніны. А на дагледжаным пляцы з’явілася новая адметнасць — камень у гонар Сафіі Гальшанскай, жонкі Ягайлы і пачынальніцы магутнай каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Ён быў адкрыты пад час міжнароднай канферэнцыі “Гальшанскія чытанні”, якая з нядаўняга часу ладзіцца тут штогадова.
— Важна, каб кожная гэтая падзея пакідала па сабе нейкі матэрыяльны напамінак, — кажа Валянціна Лузіна. — Таму мы пастанавілі штораз сумяшчаць канферэнцыю з адкрыццём новага памятнага знака. Тым болей, увекавечваць у нашым краі ёсць каго! І, усведамляючы багацце гісторыі родных мясцін, людзі становяцца сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.
Менавіта Валянціна Міхайлаўна стаяла ля вытокаў гэтай і многіх іншых ініцыятыў гісторыка-краязнаўчага профілю — бо лічыць яго грунтоўным апірышчам у выхаваўчай рабоце. Цяпер, атрымаўшы дэпутацкі мандат, заўзятарка абяцае адно ўзмацняць намаганні ў гэтым рэчышчы.

Прыемна, што ў справе турыстызацыі мястэчка тутэйшыя бізнесмены гуляюць з уладай у адной камандзе. У былых гандлёвых радах на гальшанскай плошчы мясцовая прадпрымальніца адкрыла прыстойную кавярню і гатэльчык, вырашыўшы тым самым злабадзённую для многіх турыстычных месцаў праблему з інфраструктурай. А вось стары млын, які таксама перайшоў у прыватную ўласнасць, пакуль што новага прызначэння не набыў. Хаця па прыклад такога пераўвасаблення не трэба ехаць нават у недалёкую адсюль Літву — яго можна сустрэць яшчэ бліжэй, у Ашмянах, дзе аналагічная гаспадарчая пабудова ператварылася ў аднайменную карчму з выкшталцоным этнаінтэр’ерам.

І гэта не ўвесь пералік датычных Гальшанаў турпраектаў. У аднаго з жыхароў мястэчка ёсць задума адкрыць уласны музей гадзіннікаў — якая, праўда, пакуль нерэалізаваная, — іншы прадпрымальнік падумвае пра добраўпарадкаванне старых ставоў... Можна сказаць, што само месца правакуе прадпрымальных людзей на новыя ідэі. Але на тое, каб яны ўвасобіліся ў жыццё, патрэбны час.

* * *

У адрозненне ад многіх патэнцыйна цікавых для турыста мясцін, Гальшаны асаблівай “раскруткі” не патрабуюць. Пра яе ўжо парупіўся ў свой час Уладзімір Караткевіч. Думаецца, у кожнага, хто прачытаў яго раман або паглядзеў аднайменны фільм, з’явіцца жаданне патрапіць у тыя мясціны, якія натхнялі знакамітага пісьменнікаі многіх іншых творцаў. І сустрэць там хай не сапраўдную Белую Панну (гэта акурат непажадана), а толькі актрысу ў яе абліччы.

Што ж, трохі прывідны пакуль патэнцыял легендарнага месца патрабуе матэрыялізацыі. Яе вынікам стануць матэрыяльныя сродкі, атрыманыя за кошт турызму. Хочацца верыць, што ўжо праз якое дзесяцігоддзе яны будуць складаць істотную частку мясцовага бюджэту.


Ад рэдакцыі.
Безумоўна, у гэтым матэрыяле — як і ў лёсе былога францысканскага кляштара ў Гальшанах — пакуль рана ставіць кропку.
Сёння пільную ўвагу грамадскасці прыцягваюць таксама і іншыя філіялы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія плануецца перадаць у муніцыпальную ўласнасць. Якія задачы пераследуе гэтае рашэнне і як зменіцца лёс тых “агменяў культуры”, кожны з якіх — каштоўны і непаўторны, пасля змены ўласніка? Адказ (ці, хутчэй, адказы) на гэтыя пытанні мы спадзяёмся пачуць пад час “круглага стала” па дадзенай тэматыцы, правядзенне якога “К” плануе ў найбліжэйшы час. 


Ілля СВІРЫН,

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Гальшаны — Мінск