Як на “акадэмічным” малюнку выхаваць Пікаса?

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Сесія для студэнтаў — звычайная справа, неад’емная частка вучэбнага працэсу. Ідэя правядзення арт-сесіі сярод юных мастакоў узнікла на адкрытым семінары школ мастацтваў Барысаўскага рэгіёна. Імпрэза стала не толькі дэманстрацыяй талентаў моладзі, але і дапамагла ўпершыню супаставіць вынікі работы саміх школ, выявіць іх моцныя і слабыя бакі, скарэкціраваць працу педагогаў.

 /i/content/pi/cult/181/1844/Jak-na1.jpg

Пад час працы журы.

Пачынанні барысаўчан падтрымала Упраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, але з прапановай: правесці арт-сесію ў маштабах Мінскай вобласці. Пытаннямі арганізацыі заняліся таксама аддзел культуры Барысаўскага райвыканкама і Барысаўская ДМШ. У райцэнтр прыехалі прадстаўнікі ўсіх мастацкіх школ Міншчыны, а таксама 22 мастацкіх аддзяленняў школ мастацтваў з Беразіна, Нясвіжа, Мачулішчаў, Чэрвеня, Гацукоў, Стоўбцаў ды іншых населеных пунктаў.
На форум было перададзена звыш 400 работ з розных куткоў Мінскай вобласці для ўдзелу ў арт-сесіі па трох узроставых групах па шэрагу намінацый — “Малюнак”, “Жывапіс”, “Кампазіцыя”, “Дызайн”, “Графіка”, “Кераміка”, “Скульптура”. Гэтыя працы — залаты фонд мінулага навучальнага года.
У журы былі запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Кожух, старшыня прадметна-цыклавай камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Настасся Калацкая, вядучы спецыяліст Упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ірына Норка, старшыня прадметна-цыклавай камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага

 /i/content/pi/cult/181/1844/Jak-na2.jpg

Кацярына Бяскосная. “Кампазіцыя”.

дзяржаўнага вучылішча імя М.К. Агінскага Людміла Валковіч-Барыс. Старшынёй журы стаў дырэктар музея сучаснага мастацтва, народны мастак Рэспублікі Беларусь, заслужаны дзеяч мастацтваў Польшчы, прафесар Васіль Шаранговіч.
Сярод крытэрыяў ацэнкі былі не толькі пастулаты акадэмічнага мастацтва, але і індывідуальны падыход ды эфектная падача нават у самай акадэмічнай дысцыпліне — малюнку. Што да сюжэтнай, дэкаратыўнай кампазіцыі, графікі — важнейшымі сталі выразнасць у вырашэнні вобраза, крэатыўнасць, а ў большасці выпадкаў — сама дзіцячая непасрэднасць, якая заўсёды падкупляе дарослую аўдыторыю.
Арт-сесія юных мастакоў дала магчымасць кожнай з ДШМ праявіць сябе, паказаць свой “твар”, адлюстраваць адметны погляд на творчасць, нягледзячы на тое, што ўсе яны працуюць у межах адной вучэбнай праграмы. На форуме выявіўся патэнцыял беларускага мастацтва, прычым гэты аспект відавочны не толькі для журы, мастакоў, выкладчыкаў, але і для саміх навучэнцаў.
Кожны мог параўнаць свае работы з творамі равеснікаў, знайсці саюзнікаў, неабходных для кожнага мастака. Бо нават знакамітыя Пікаса і Маціс, якія б наватарскія ідэі яны ні вызнавалі, заўсёды асноўваліся на ўжо створанай падтрымцы сваіх аднадумцаў.
Для дэманстрацыі вынікаў арт-сесіі былі прадстаўлены выставачныя залы Барысаўскай гарадской бібліятэкі і
Барысаўскай дзіцячай мастацкай школы. Правядзенне наступнай арт-сесіі юных мастакоў мяркуецца ў Слуцку.
А выстаўка, паказаная ў Барысаве, стане выязной і будзе
прадстаўлена ў гарадах-удзельніках.

 

Наталля ЦАРЫК,
кандыдат мастацтвазнаўства,
выкладчык Барысаўскай ДМШ
Фота аўтара