Наступальныя аперацыі з мэтай адцясніць палякаў былі праведзены ў маі і ліпені 1920 года 16 арміяй Заходняга фронту. Першая з іх была няўдалая, другая ж дазволіла вызваліць Бярэзіншчыну. За год акупацыі ў Ігуменскім (Чэрвеньскім) павеце, куды адносілася і мястэчка Беразіно, ахвярамі сталі больш за 16 тысяч чалавек.
Застаўся ў гісторыі вёскі Пагост факт гвалтавання дзяўчат і маладых кабет палякамі, пра што сцвярджае нататка ў газеце “Савецкая Беларусь” за 3 чэрвеня 1920 года. Адступаючы, інтэрвенты палілі вёскі і не выпускалі сем’і з хат. Як напісана ў “Звяздзе”, спалены былі амаль дашчэнту вёскі Кукарава, Казлоў Бераг, Букавічы і Пагост за спачуванне савецкай уладзе.
Захаваліся і некаторыя звесткі пра герояў вызвалення Бярэзіншчыны. Вось нехта Гладышаў, разведчык палкавой каманды, як называе яго газета “Звязда”, будучы паранены куляй у вобласць правага вока, не толькі не выбыў са строю, але і натхніў таварышаў на наступленне. У выніку чаго ён атрымаў ордэн Чырвонага сцяга. А ў студзені 1920 года Рыгор Шпак з групай у 75 чырвонаармейцаў прабраліся ў штаб ворага у мястэчку Беразіно, захапіўшы каштоўныя дакументы і два кулямёты. А вось таварыш Таршылаў, былы афіцэр царскай арміі, у ходзе першага наступлення на ўмацаванні палякаў разам са сваімі салдатамі адным ударам вышыб палякаў з вёскі Марціянаўка, захапіўшы агнявую батарэю, кулямёты і абоз. Але ў тым баі яго забіла.
Дарэчы, пра бой у Марціянаўцы распавядае манаграфія “Беларусія ў барацьбе супраць польскіх захопнікаў 1919-1920 гг”. Рэгулярна інтэрвенты заязджалі ў вёску Марціянаўка і патрабавалі каштоўныя прадукты харчавання і фураж. Калі іх не было, дзейнічалі самі, забіраючы да таго ж і адзенне і нават ткацкія станкі, каб выменяць гэта на гарэлку.
Трываць такое становішча вяскоўцам было цяжка. Сходы палякі забаранілі. Але настаўнік з суседняй Падваложкі прыносіў антызахопніцкія кнігі і брашуры, якія ўнушалі мясцовым смеласць. Некаторыя жыхары Марціянаўкі вырашылі стаць падпольшчыкамі, раздабыўшы зброю.
Падчас майскага наступлення Чырвонай арміі, вёска Марціянаўка з’яўлялася апорным пунктам палякаў. Тут усталявалі чатыры гарматы, а на дахах дамоў размясцілі кулямёты. Калі Чырвоная армія падышла да вёскі і завіраваў бой, трое падпольшчыкаў у складзе таварышаў Якімовіча і Раткевіча абстралялі разведку палякаў каля шляху на Ігумен (Чэрвень). Інтэрвенты падумалі, што дарогу ім перакрыў цэлы полк. Таму пачалі адступаць па нявыгадным маршруце. Убачыўшы гэта, астатнія падпольшчыкі ў вёсцы таксама ўзяліся “выпраўляць” іх са зброяй. У выніку бою байцы Чырвонай арміі захапілі гарматы і кулямёты, а таксама каля сотні палякаў палоннымі.
Гэта маленькі расповед пра мужнасць беларусаў канкрэтнай мясціны ў барацьбе за свой лёс. Нашы прашчуры заўсёды імкнуліся жыць у супакоі, дабрабыце і сяброўстве з усімі сваімі суседзямі. А на войны любога кшталту мы заўсёды мелі чым адказаць.