Для выставы ў Палацы мастацтва найбольш падыходзіць вызначэнне “салон”. У розныя часы гэтае слова ўспрымалася па-рознаму. Калі-нікалі гэта амаль абраза, а іншым разам — знак высокага стылю. Абраза — калі гучыць з вуснаў авангардыста, які прагне перайначыць свет на свой капыл. Калі ж душа супакоіцца і навучыцца прымаць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць, салоннае мастацтва становіцца цалкам прымальным, бо адпавядае эстэтычным крытэрыям усталяванага ладу жыцця. Зрэшты, у выніку прадвызначанай эвалюцыі кожны авангард раней ці пазней становіцца салонам. Так зброю, з якой хадзілі ў атаку, аднойчы вешаюць на сцяну для аздобы інтэр’ера.
Стан і тэндэнцыі нашага мастацтва найбольш выразна выяўлены ў творах цэнтральнай экспазіцыі фэсту. Збольшага гэта вядомыя аўтары, і нават шэраг твораў экспанаваліся раней. Я памятаю тыя паваротныя часы ў нашым мастацтве, калі пасля ў пэўнай ступені салоннага сацрэалізму ў грамадзе выявіўся попыт на экстрым. Аўтары, маладыя і не надта, кінуліся ў пошук новых выразных сродкаў, імкнуліся здзівіць гледача, нават шакіраваць, засяродзіць ягоную ўвагу на адмоўных рысах жыцця і недасканаласці свету. Такое мастацтва і цяпер ёсць, асабліва калі яму спрыяе сацыяльная атмасфера. Ёсць. Але яно не ў трэндзе.
А ў трэндзе барацьба за гледача, за ягоную ўвагу, якая можа мець і матэрыяльны эквівалент. Тое, што барацьба ідэй змянілася барацьбою за публіку, я не лічу праявай заняпаду ці вектарам дэградацыі. Бо заўжды, ва ўсе часы была патрэба ў мастацтве, так бы мовіць, грунтоўным, зразумелым, прыгожым. Найперш прыгожым. У маіх вачах гэтая выстава якраз і з’яўляецца салонам, дзе прыгожыя рэчы лашчаць вока.
Бывае прыгажосць для хаты, офіса, грамадскай прасторы. На гэтай выставе ёсць, бадай, усё. Мне было цікава зноў пабачыць творы Сяргея Грыневіча, Андрэя Дубініна, Сяргея Аганава, Рамана Сустава, Сяргея Гумілеўскага, Уладзіслава Квартальнага, Алесі Скарабагатай, Аляксандра Даманава, Вікторыі Ільіной, Уладзіміра Панцялеева. Гэта прафесіяналы, чые творы ўпрыгожаць любую выставу. Але мушу адзначыць, што маладзейшыя мастакі, маючы перад вачыма такія выразныя эстэтычныя арыенціры і, безумоўна, адчуваючы ва ўласнай творчасці ўплыў выдатных майстроў, шукаюць свой стыль і лад. Часам спантанна, часам асэнсавана. Звычайна — плённа.
Акрамя выставы ў Палацы мастацтва, мне давялося наведаць імпрэзу, якую ладзіў, зноў такі ў рамках фестывалю, Ігар Кашкурэвіч. Нагадаю, што гэта сын вялікага майстра графікі, мастака з рысамі геніяльнасці Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча. Ігар жа цікавы тым, што, маючы магчымасць ісці ў творчасці тым шляхам, які вызначыў ягоны бацька, развіваць далей ягоныя напрацоўкі, з моманту, як усвядоміў сябе асобаю, імкнуўся ісці сваім шляхам. Непадобным на той, што нібыта зыходна быў вызначаны яму лёсам.
Сваю імпрэзу спадар Ігар пачаў у выставачнай зале офіса Саюза мастакоў, а прадоўжыў яе ў дворыку будынка. Тут былі і графіка, і жывапіс, і скульптуры. Гэтаму мастаку цікава выявіць адну і тую думку рознымі сродкамі. А яшчэ ўся імпрэза нагадвала тэатр аднаго акцёра. У дзеях сцэнічнага характару мастак таксама дасведчаны. Ягоныя перформансы заўжды былі змястоўнымі і запамінальнымі.
На мяне гэтая імпрэза нагнала настальгічнага суму. Рэч у тым, што і самога Ігара, і тых, хто прыйшоў на імпрэзу, я памятаю маладымі. Зрэшты, у сваёй творчасці яны маладымі і засталіся. Маладымі і крэатыўнымі.