Гэта не значыць, што абсалютна ўсе нумары былі пастаўлены выключна да гэтага вечара. Але з’яўленне падобных канцэртных праграм нельга не вітаць, бо яны даюць цудоўную магчымасць для творчага самавыяўлення танцоўшчыкаў, а публіцы— шанц адкрыцця новых імёнаў ці прыемна-нечаканых акцёрскіх метамарфоз улюбёных салістаў. Да таго ж, “сінтэз” класікі і навізны — гарант падтрымкі прафесійнай формы, а таксама пашырэння выканальніцкага пазакласiчнага “тэзаўруса” артыстаў.
У першым аддзяленні быў паказаны балет-фантазія Н.Фурман “Баль кветак” (пра гэты спектакль і яго пастаноўчую перадгісторыю гл. “К” № 4 за 2005 г. і № 15 за 2008 г.). Другое аддзяленне ўяўляла сабой “парад” харэаграфічных нумароў, стылёва-пластычны дыяпазон якіх ахопліваў прастору ад класікі да сучаснасці. Гледачы маглі ўбачыць і характарны “Цыганскі танец” з балета “Дон Кіхот” у тэмпераментным выкананні Антаніны Максімовіч, і класічнае Адажыо з “Лебядзінага возера” (Кацярына Фадзеева і Сяргей Глух), і мініяцюру самой Н.Фурман “Афелія” — экспрэсіўны маналог шэкспіраўскай гераіні (Рына Івакіры).
А якім артыстычна бліскучым стаўся дуэт Маі Янсан і Дзяніса Дадзішкіліяні ў “Хабанеры”! Выканаўцы з віртуознай лёгкасцю балансавалі на тонкай мяжы паміж жарсцю і “гульнёй у жарсць”, сапраўдным пачуццём і ягонай жартаўлівай імітацыяй. Упэўненасцю танцавальнай манеры, высокімі скокамі і мяккім прызямленнем запомніўся абаяльны Рыгор Крукоўскі (Базыль) у Гран-па з “Дон-Кіхота” (згаданая партыя, між іншым, — дэбют у рэпертуары танцоўшчыка).
Ды ўсё ж асаблівую ўвагу прыцягвалі сучасныя нумары. Напрыканцы кожнага з іх так і хацелася ўсхапіцца са свайго месца ды апантана пляскаць у далоні — хаця б ужо факту з’яўлення падобных твораў у рэпертуары! Дакладней, не з’яўлення, а — вяртання, бо балетная трупа Музычнага тэатра колькі гадоў была адметнай не толькі з акадэмічнага, але і з эксперыментальна-мадэрновага боку. Прэм’ерныя паказы пастановак Раду Паклітару, Вольгі Рэпінай і самой Фурман, тагачасных выпускнікоў балетмайстарскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, што рэгулярна практыкаваліся ў тэатры, — таму яскравае сведчанне. Чаму б не ўзнавіць гэткую плённую традыцыю і не папоўніць рэпертуарную афішу Вечарам сучаснай харэаграфіі? Тым больш, што Н.Фурман ёсць што паказаць — як з уласных задум (згадаю “нерэалізаваныя” балетныя партытуры Вячаслава Кузняцова “Суламіф” і “Дон Жуан”, створаныя на лібрэта Фурман), так і з работ іншых балетмайстраў (таго ж Паклітару, нумары якога добра памятаюць артысты, бо яны ствараліся менавіта на іх). Сярод аўтарскіх кампазіцый Наталлі, прадэманстраваных на канцэрце, адзначу “Рамэа і Джульету” — паэтычна-драматычную замалёўку, дуэт-фантазію паводле архетыпнай гісторыі кахання ў выкананні А.Максімовіч і С.Глуха. Здольнасць ператвараць літаратурна-мастацкія асацыяцыі ў пластычныя, імкненне раскрыць вобраз чалавека ў “спазматычных сітуацыях” на мяжы жыцця і смерці заўсёды былі ўласцівы творчаму мысленню Н.Фурман. Дастаткова назваць такія мініяцюры, як “Марыя Сцюарт”, “Афелія”, “Інфанта”, спектакль “Макбет”, што ўжо не адзін сезон у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета.
Апошнія харэаграфічныя прэм’еры ў Музычным тэатры засведчылі, што ягоная балетная трупа, на шчасце, выйшла з крытычнай сітуацыі “паветранай ямы”, у якой апынулася пасля сыходу Ніны Дзячэнка з пасады галоўнага балетмайстра. Але якім усё ж такі будзе працэс далейшай “самаідэнтыфікацыі” калектыву? Ці знойдуць у ім падтрымку крэатыўныя памкненні Н.Фурман? Хочацца быць аптымістам і верыць у рэнесанс, у якім побач з класікай паўнату “голасу” здабудзе і сучасны танец. Мінулае балетнай трупы тэатра, яе цяперашні артыстычны склад і мастацкая палітыка галоўнага балетмайстра даюць для гэтага добрыя падставы.
Святлана УЛАНОЎСКАЯ
На здымку: Наталля Фурман.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА