Пра балет і Інтэрнет

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Удзел Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета ў Днях культуры Беларусі ў Літве (гл. “К” № 42 за 2008 г.) прынёс нашай трупе не толькі поспех, але і, што вельмі важна, дадатковы вопыт у арганізацыі самой тэатральнай справы. Мы атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з інавацыямі, якія праходзяць у суседзяў. Падобныя веды, набытыя пры непасрэдным вывучэнні дзейнасці Нацыянальнага тэатра оперы і балета Літвы, могуць дапамагчы на новым этапе творчага жыцця нашага калектыву — пры адкрыцці будынка тэатра пасля рэканструкцыі.

 /i/content/pi/cult/181/1840/Pra-balet1.jpg

Асаблiвую цiкавасць выклiкаў той факт, што лiтоўскi тэатр ужо некалькі гадоў уваходзiць у Мiжнародную асацыяцыю “Опера — Еўропа”. Гэта дазваляе аператыўна з дапамогай кантактаў праз Інтэрнет вырашаць многiя пытаннi: арганiзацыю гастролей, пошук салiстаў на пэўныя партыi, абмен спектаклямi...
Прадзюсер аддзела гастролей і выпуску
спектакляў Артурас Аленскас расказаў мне, як з дапамогай Асацыяцыi ён на працягу адной гадзiны знайшоў ноты Арыi Федэрыка з “Арлезiянкi” для вядомага мексiканскага тэнара Рамона Варгаса, якi пад час рэпетыцыi канцэрта на вiльнюскай сцэне вырашыў крыху змянiць праграму. А яшчэ не так даўно тэхнiкi ўсёй Еўропы праз Інтэрнет адказвалi на пытанне Артураса, чаму новы манiтор, устаноўлены ў аркестры ля пульта дырыжора, дае сiгнал са спазненнем на адну секунду. Для таго, каб мець магчымасць ставіць рэдкія і складаныя паводле выканання оперы, тэатр праводзіць агульнаеўрапейскія кастынгі і шукае выканаўцаў на галоўныя партыі ў такіх творах, як “Валькірыі” Р.Вагнера, “Арфей і Эўрыдзіка” Х.В. Глюка альбо “Саламея” Р.Штрауса. У лістападзе даволi рэдкую для сусветных сцэн “Саламею” тэатр пакажа ў Тэль-Авіве пад час бліжэйшых гастролей.
Яшчэ адна адметнасць — гэта планаванне рэпертуару на год наперад. Напрыклад, сёння вы можаце набыць білеты на спектаклі Літоўскай оперы ажно да
канца бягучага тэатральнага сезона, пры гэтым вядомы склад выканаўцаў галоўных партый. Гэта дапамагае прыцягваць іншагародніх і іншаземных гледачоў, якія могуць планаваць свой адпачынак, прымяркоўваючы яго і да тэатральных фестываляў ды прэм’ер. Дарэчы, сярод бліжэйшых прэм’ер вільнюскага тэатра опера сучаснага венгерскага кампазітара Пітэра Эатваса “Каханне і іншыя дэманы” паводле твораў Габрыеля Гарсія Маркеса і балет “Сільфіда” ў пастаноўцы знакамітага дацкага танцоўшчыка Йохана Кобарга.
Штогод тэатр удзельнічае ў
Фестывалі опернага мастацтва, які ладзіцца ў Тракайскім замку, а з 2009 года будзе праходзіць і ў самім Вільнюсе. Наступным летам у Вільнюскім оперным фестывалі плануецца ўдзел Марыінскага тэатра на чале з Валерыем Гергіевым, калектыву Ізраільскай оперы, а таксама самога

 /i/content/pi/cult/181/1840/Pra-balet2.jpg

Літоўскага опернага тэатра з новымі пастаноўкамі.
Пад час сустрэчы з літоўскімі калегамі бадай кожны выказваў шкадаванне, што кантакты з нашым тэатрам вельмі рэдкія. А нас раздзяляе менш чым
200 кіламетраў!
— З вялікім задавальненнем прыехаў бы да вас у госці, паглядзеў вашы
спектаклі, — сказаў Артурас Аленскас, які стаў “гідам” па тэатры. — Маглі б і ўзаемныя гастролі наладзіць ці абмен артыстамі. Адзінае, што замінае актыўным кантактам, — візавы рэжым паміж нашымі краінамі.
Трэба адзначыць, што і культура
ўспрымання тэатральнага відовішча ў літоўцаў крыху іншая. На працягу трох дзей балета “Рамэа і Джульеты”, які паказвала наша трупа, была абсалютная цішыня ў зале: ніхто не пстрыкаў мабільнікамі ці фотаапаратамі пад час эфектных харэаграфічных падтрымак, не перашкаджаў недарэчнымі тэлефоннымі званкамі. Тыя, хто не паспеў набыць квіткі з пазначанымі месцамі, цярпліва чакалі, пакуль пагасне святло, і размяшчаліся наўпрост на прыступках. А пасля спектакля гледачы наладзілі артыстам, музыкантам аркестра на чале з дырыжорам Віктарам Пласкінам і мастацкаму кіраўніку Беларускага балета Валянціну Елізар’еву сапраўдную авацыю і доўга-доўга не адпускалі са сцэны, нібы стараючыся адцягнуць расстанне з калектывам, які падарыў ім сапраўднае эмацыянальнае ўзрушэнне.

 

Таццяна АЛЯКСАНДРАВА,
загадчык літаратурнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага
Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь

 

На здымках: будынак Нацыянальнага тэатра оперы і балета Літвы;
сцэна
са спектакля “Рамэа і Джульета”.