Паспрабуйце здзейсніць цуд!

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Бібліятэкар Клімаўскай бібліятэкі Гомельскага раёна Антаніна Жыгалава, скаардынаваўшы частку работы на дзейнасці для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на справе даказала, як міласэрнасць можа ствараць сапраўдныя цуды.

 /i/content/pi/cult/181/1839/Pasprabujce.jpg

У час падрыхтоўкі артыкула “Этнаграфічныя падставы для эканамічных перамог” (“К” № 41 за 2008 г.), прысвечанага культасветрабоце Гомельшчыны, пазнаёмілася з гэтай цікавай жанчынай. Без расповеду аб працы бібліятэкара Антаніны Жыгалавай карціна культурніцкага жыцця раёна, падаецца, будзе няпоўнай.
У 2000 годзе ў Клімаўцы адкрыўся Сямейны дом для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Антаніна Уладзіміраўна адразу
пайшла знаёміцца з новымі жыхарамі вёскі і запрасіла іх да сябе ў бібліятэку.
Аб Клімаўскай бібліятэцы слава ідзе
далёка за межы вёскі. Па словах начальніка аддзела культуры Гомельскага райвыканкама Аксаны Хімаковай, сюды прыязджаюць нават з тых населеных пунктаў, дзе ёсць свая бібліятэка, бо хочуць, каб іх абслугоўвала менавіта Антаніна Уладзіміраўна. Тое не дзіўна: гаспадыня кніжнага дома і слова добрае для кожнага знойдзе, і фонд установы фарміруе такім чынам, каб заахвоціць нават самага патрабавальнага наведвальніка. Прыкладам, непадалёк ад вёскі знаходзіцца пост МНС — бібліятэкар адразу заказала часопісы на адпаведную тэматыку.
Для малых дзетак яна адкрыла
Цэнтр эстэтычнага выхавання, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі рэалізуюць свае творчыя магчымасці. З маленькімі выхаванцамі пры падтрымцы дырэктара СДК Алены Равенка (дарэчы, абедзве ўстановы культуры знаходзяцца ў адным будынку) Антаніна Уладзіміраўна арганізоўвае канцэртныя праграмы. Прыкладам, на збожжатоку ды мясцовай ферме і дагэтуль успамінаюць выступленні флейтыстаў ды іншых маленькіх артыстаў.
Антаніна Жыгалава стала ў вёсцы ініцыятарам шматлікіх праектаў.
Прыкладам, толькі прыйшла на гэтую пасаду — і адразу купіла ў падарунак бібліятэцы 120 кніг. А сёння ўжо 250 асобнікаў ад чытачоў папоўнілі фонд установы. Калі ж сустракаецца томік, што ўжо ёсць на паліцах, то ён адкладваецца ў стосы, частка з якіх ідзе ў суседнія бібліятэкі, а з другой жа Антаніна Уладзіміраўна дапамагае скласці кніжны фонд на пасту МНС.
Менавіта ў такую атмасферу сяброўства, пагадлівых адносін аднаго да другога, творчых эксперыментаў і трапілі новыя чытачы — жыхары Сямейнага дома. Адно не давала спакою Антаніне Уладзіміраўне: вузкія дзверы і высокія прыступкі пазбаўлялі магчымасці наведаць кніжны дом інвалідам-калясачнікам. І тады на дапамогу прыйшоў муж Антаніны Уладзіміраўны. Пры фінансавай падтрымцы аддзела культуры Гомельскага райвыканкама замянілі дзверы і пабудавалі такі неабходны пандус.
Зараз з жыхарамі Сямейнага дома Антаніна Уладзіміраўна сустракаецца штотыднёва: ці яны прыходзяць да яе па кнігі, ці бібліятэкар ідзе да іх на заняткі. Дзякуючы пастаяннаму клопату Антаніны Уладзіміраўны, адбываюцца цуды — няхай невялікія, але такія неабходныя.
Прыкладам, адзін з выхаванцаў не мог раней нават аловак трымаць у руках, а сёння ён з задавальненнем малюе фарбамі. Дарэчы, выстаўкі мастакоў з абмежаванымі магчымасцямі перыядычна праходзяць у памяшканні бібліятэкі, а на Дзень інвалідаў адбываюцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.

 Настасся ПАНКРАТАВА
Фота аўтара