Таму што люблю…

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Нялёгка быць аб’ектыўным, узгадваючы пра творчы шлях мастака, калі ты ягоны сучаснік і ў некаторай ступені паплечнік: няма выратавальнай дыстанцыі часу, якая фільтруе ўсё другаснае. Здаецца, яшчэ толькі ўчора мы сустракаліся ў калідорах «Беларусьфільма», напружана працавалі над фільмам «Трэцяга не дадзена», потым натхнёна выбудоўвалі творчую стратэгію і тактыку студыі ігравых фільмаў «Дыялог», шукалі новае творчае аблічча «Беларускага відэацэнтра», святкавалі 50-годдзе… І вось — ужо семдзесят пяць...

 /i/content/pi/cult/181/1837/Dabralubau1.jpg

“Ці быў у “Белых Росах” ідэал”?
Пра творчасць Ігара Дабралюбава спрачаюцца паважаныя і дасведчаныя ў кінамастацтве людзі. Адны лічаць, што ён мастак тонкі і шматаблічны, што яму “падуладны ўсе жанры, і фільмы яго створаны на вякі”, другія — што знятыя ім кінастужкі “належаць толькі часу, калі яны былі створаны”… Дыскусіі, якія заўсёды завязваліся вакол фільмаў Ігара Дабралюбава, насілі кіназнаўчы характар. Рэжысёра час ад часу папракалі ў адсутнасці ў яго стужках пошукаў новай кінамовы — маўляў, занадта зразумелыя яны для падрыхтаванай публікі, не хапае ім «элітарнасці», — гучалі нават абвінавачванні ў набліжанасці некаторых з фільмаў да так званай «маскультуры». Трэба сказаць, што часцяком такія ацэнкі насілі суб’ектыўны характар. У рэшце рэшт, большасць размоў тычылася нявырашанага і па сёння канфлікту паміж паняццямі «масавае» і «элітарнае мастацтва». Думаецца, спрэчка гэтая яшчэ не скончана, а ўздзеянне дабралюбаўскіх фільмаў на сённяшнія культурныя працэсы працягваецца.
Пэўна, добра ведаючы пра гэтыя спрэчкі, знакаміты паэт-парадыст
Аляксандр Іваноў некалі зухавата напісаў так:

В ответ на слухи, сплетни, кривотолки:

«А был ли в «Белых Росах» идеал?» —

У Мастера заплачут перепёлки:

Не две, не три, а целый сериал!

Майстар, напэўна ж, і сам ведае, што не ўдалося ў сваіх фільмах зрабіць так, як задумвалася і як хацелася. Мне сапраўды цяжка прадстаўляць у гэтай спрэчцы той ці іншы бок. Бо вельмі многае ў творчасці, мастацкіх і жыццёвых прынцыпах Ігара Міхайлавіча, яго адносінах да прафесіі, да людзей, што працуюць разам з ім, асабіста мне вельмі моцна імпануе, выклікае вялікую павагу і нават захапленне.

У кадры — творчы настрой
Прыгадваецца наша сумесная праца на фільме «Трэцяга не дадзена». Не было ніводнага выпадку, каб, завяршыўшы чарговы рабочы дзень — у павільёне, на натуры ці ў тонатэлье, — ён на развітанне гучна не падзякаваў бы групе. Плануючы графік работы на пачатку здымачнага перыяду, — а ўмовы працы меркаваліся вельмі складаныя, — задаю Ігару Міхайлавічу пытанне: з якіх эпізодаў яму зручней было б распачаць здымкі? І чую спакойнае і разважнае ў адказ: «Гэта мой сцэнарый, і я штодня гатовы здымаць любую яго сцэну і ў любым парадку. Галоўнае, каб было гатова ўсё, чаму належыць быць у кадры». Таму думаецца, што цяжка працаваць побач з Дабралюбавым людзям непрафесійным або абыякавым да сваіх абавязкаў.
Вельмі часта даводзілася чуць ад Дабралюбава, што артыста трэба
не толькі шанаваць, але яшчэ і любіць. Артыст, як вядома, — «інструмент тонкі і далікатны», і вельмі важна захаваць яго творчы настрой.

 /i/content/pi/cult/181/1837/Dabralubau2.jpg

Неаднойчы, спакваля назіраючы за работай Ігара Міхайлавіча на здымках, сапраўды пераконваўся, што гэта не толькі прыгожыя словы. Незалежна ад абставін (нешта не ладзілася з апаратурай, альбо, бывала, тэхнічная падрыхтоўка новай сцэны да здымак па нейкіх прычынах зацягвалася, ці ў выканаўцы чамусьці эпізод не «клеіўся»), Дабралюбаў намагаўся ўвасобіць — і не толькі для артыстаў — найперш атмасферу творчасці.
У фільмах майстра здымаліся знакамітыя вопытныя акцёры: Святлана Акружная, Уладзімір Басаў, Валянцін Белахвосцік, Эдуард Гарачы,
Алег Даль, Леў Дураў, Мікалай Карачанцаў, Анатоль Кузняцоў, Галіна Макарава, Галіна Польскіх, Усевалад Санаеў, Стэфанія Станюта, Маргарыта Церахава — гэты пералік можна доўжыць і доўжыць, — а побач з імі моладзь. І кожны з іх адчуваў ягоны рэжысёрскі давер і любоў. Бывала, абдыме пяшчотна Ігар Міхайлавіч кагосьці з акцёраў за плечы і адыдзе з ім крыху ўбок, трохі далей ад тлуму здымачнай пляцоўкі, нешта пашэпча на вушка — глядзіш, змяніўся ў акцёра настрой, пачалі рэпеціраваць, і «пайшла» сцэна, «пакацілася, як па масле».

Радавод “Івана Макаравіча”
Дзяцінства і юнацтва Ігара Дабралюбава супалі з ваеннымі і пасляваеннымі гадамі, перыяд творчага фарміравання і сталення прыпаў на 1950-я — 60-я гады. І натуральна, што першы свой паўнаметражны фільм «Іван Макаравіч» ён зняў пра вайну. У гэтай стужкі — свой радавод, шмат у чым біяграфічны. Пазней рэжысёр будзе яшчэ не раз вяртацца да ваеннай тэматыкі ў фільме «Братушка», серыяле «Плач перапёлкі», пасляваенныя праблемы паўстануць у «Трэцім не дадзена». У гэтых работах рэжысёра адлюстраванне цяжкага перыяду жыцця нашага народа набудзе значнае пашырэнне, светапоглядны аб’ём, увабраўшы ў сябе людскую памяць, папярэдні мастацкі вопыт літаратуры і кіно.
Большасцьфільмаў Ігара Дабралюбава звернута да сучаснасці,
якая панарамна паўстае ў іх, пачынаючы ад ужо далёкіх 60-х да супярэчлівых 90-х мінулага стагоддзя. Зразумела, што час шмат у чым пакінуў на гэтых фільмах пэўны адбітак, вызначаў светапоглядныя каардынаты. Вызначаў, але, на маю думку, не вычэрпваў асабісты погляд і мастакоўскую тэму рэжысёра, яго пільную ўвагу і сапраўдную любоў да асобы чалавека. «Таму што люблю...» — назва аднаго з фільмаў Дабралюбава пра сучаснасць і, думаецца, формула яго мастакоўскага існавання.

 /i/content/pi/cult/181/1837/Dabralubau3.jpg

Бывае так, што сам час многае вырашае для мастака і ў самім творцы. Праходзіць пэўны перыяд жыцця, і аказваецца — мастак выказаў усё, што мог. Значэнне такіх творчых натур у развіцці мастацтва — бясспрэчнае: яны валодаюць чуйным талентам, іх дзейнасць дакладна перадае адметнасць эпохі. Але ёсць і іншыя: яны ўмеюць многае браць ад свайго часу, аднак не раствараюць у ім сваю індывідуальнасць. Мінае гістарычная пара, а мастак па-ранейшаму цікавы публіцы, у самім сабе накоплівае духоўныя рэсурсы для спасціжэння новага перыяду.
Значэнне такога мастака больш важкае: тут выяўляецца ягоная
асоба, уменне мысліць маштабна, бачыць не толькі свой час, адлюстроўваць не толькі тое, што сёння, зараз і вакол яго. Да такіх творчых натур, на маю думку, належыць Ігар Дабралюбаў.
У 2006 годзе выйшла з друку кніга рэжысёра «Асколкі памяці», у якой яго талент шчасліва трансфармуецца ў яскравы дар
расказчыка. Шэраг старонак кнігі прысвечаны Настаўніку — Міхаілу Рому: з іх жыва паўстаюць постаці дзеячаў нашага мастацтва, паплечнікаў, а за ўсім гэтым — жыццё і творчасць самога рэжысёра, разуменне ім сутнасці мастацтва. У раздзеле пад назвай «Дзе знаходзіцца мастацтва», Ігар Міхайлавіч шчыра прызнаецца: “Я не разлічваў ніколі на глабальны поспех. Міхаіл Ільіч казаў, што калі ў вялікай кіназале хаця б адна чалавечая душа суперажывала і ўспрыняла вашу карціну, калі адзін чалавек заплакаў там, дзе вы хацелі прымусіць яго плакаць, і рассмяяўся там, дзе вы зрабілі ўсё, каб ён смяяўся, лічыце сваю задачу выкананай, будзьце ад гэтага шчаслівыя. Вось на гэтым я і выхаваны”.

Вячаслаў ІВАНОЎСКІ, мастацтвазнаўства

На здымках: Ігар Дабралюбаў
і кадры з яго фільмаў:
1. ”Таму што люблю”, 1975 г.;
2. “Белыя Росы”, 1983 г.;

 

 

Даведка

ДАБРАЛЮБАЎ Ігар Міхайлавіч, кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, педагог. Нарадзіўся 22 кастрычніка 1933 года ў Новасібірску. У 1945 годзе сям’я І.Дабралюбава пераехала ў Мінск. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956), Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (1963; майстэрня М.Рома). Прафесар. У 1956 — 58 гадах — акцёр Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. З 1962 года — на кінастудыі «Беларусьфільм». Як кінарэжысёр дэбютаваў у 1962 годзе кароткаметражным фільмам «Мост». Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1974), народны артыст Беларусі (1985). З 1987 па 1991 гг. — мастацкі кіраўнік студыі ігравых фільмаў «Дыялог».
У 1996 — 1997 — галоўны рэжысёр «Беларускага відэацэнтра». У
1992 — 2006 гадах — прафесар, загадчык кафедры Інстытута сучасных ведаў. Аўтар кнігі ўспамінаў «Асколкі памяці».

Фільмаграфія:

«Мост» (1962), «Іду шукаць» (1966), «Іван Макаравіч» (1968), «Крокі па зямлі» (1969), «Шчаслівы чалавек» (1970), «Вуліцы без канца» (1972), «Таму што люблю» (1975), «Братушка» (1975; сумесна з Балгарыяй), «Расклад на паслязаўтра» (1978), «Трэцяга не дадзена» (1980; 2 серыі), «Белыя Росы» (1983), «Мама, я жывы!» (1986), «Восеньскія сны» (1987), «Плач перапёлкі» (1990; 9 серый), «Эпілог» (1994); у тэлестужках «Па сакрэту ўсяму свету» (1976, 2 серыі) і «Дзівосныя прыгоды Дзяніса Караблёва” (1979; 2 серыі) І. Дабралюбаў выступаў у якасці мастацкага кіраўніка рэжысёраў-дэбютантаў.