Гімназія-каледж сёння — гэта кузня кадраў беларускай выканаўчай школы з бліскучай плеядай педагогаў, гэта цэлае сузор’е лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў з сапраўды сусветным прызнаннем. Са сцен гімназіі-каледжа выйшлі выдатныя салісты, канцэртмайстары, педагогі, арганісты, дырыжоры, хормайстары, стваральнікі і мастацкія кіраўнікі творчых калектываў. Выхаванцы гімназіі-каледжа заваявалі звыш 2000 званняў лаўрэатаў і дыпламантаў разнастайных выканаўчых конкурсаў і фестываляў, уключна з такімі прэстыжнымі, як Міжнародны конкурс імя П. Чайкоўскага (г. Масква, Расія), Міжнародны юнацкі конкурс імя П. Чайкоўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расія), Міжнародны конкурс піяністаў імя Ф. Шапэна (г. Варшава, Польшча), Міжнародны юнацкі конкурс імя С. Рахманінава (г. Тамбоў, Расія), Міжнародны конкурс маладых піяністаў памяці У. Горавіца (г. Кіеў, Украіна), Міжнародны конкурс “Канцэрціна-Прага” (г. Прага, Чэхія), Міжнародны конкурс баяністаў і акардэяністаў (г. Клінгенталь, Германія) ды інш. Каля 600 навучэнцаў сталі ўладальнікамі Гранд-прэмій, стыпендый і заахвочвальных прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Падрыхтоўка ў гімназіі-каледже вядзецца па наступных напрамках: музычна-тэарэтычны, музычна-інструментальнае мастацтва і музычна-харавое мастацтва. Музычна-інструментальнае мастацтва ўключае ў сябе інструментальнае выканальніцтва (фартэпіяна, аркестравыя струнна-смычковыя інструменты, аркестравыя духавыя і ўдарныя інструменты, інструменты народнага аркестра), музычна-харавое мастацтва — дырыжыраванне (акадэмічны хор). У 2021 годзе дыпломы аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі атрымалі 32 выпускнікі.
Гімназія-каледж мае 317 адзінак музычных інструментаў (сярод якіх і прафесійныя японскія раялі Kawai), адноўленыя вучэбныя класы, канцертная зала, музычная гасцёўня, кабінеты для акадэмічных канцэртаў, студыя гуказапісу. Усё гэта дазваляе не толькі ажыццяўляць на высокім узроўні навучанне і падрыхтоўку юных музыкантаў да прафесійнай дзейнасці, але і праводзіць разнастайныя канцэртныя і творчыя мерапрыемствы. Таксама прайшоў творчы форум “Мінск — Санкт-Пецярбург”, у рамках якога адбылося ўрачыстае падпісанне Дагавора аб супрацоўніцтве Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Санкт-Пецярбургскага музычнага ліцэя.
У гімназіі-каледжы працуюць 7 творчых калектываў: узорны хор хлопчыкаў і юнакоў імя І. Жураўленкі (кіраўнік Сямён Кліманаў), узорны дзіцячы хор «Спяваючыя музыканты» (кіраўнік Ала Мазурава), малодшы хор хлопчыкаў (кіраўнік Вольга Іжык), дзіцячы хор «Званочкі» (кіраўнік Юрый Казакевіч), узорны камерны аркестр (кіраўнік Уладзімір Перлін), узорны духавы аркестр (кіраўнік Яўген Паддубоцкі), аркестр народных інструментаў (кіраўнік Марыя Кучынская). Творчыя калектывы і салісты выступаюць на разнастайных канцэртных пляцоўках Рэспублікі Беларусь і за яе межамі, прымаюць удзел у мерапрыемствах на самым высокім дзяржаўным узроўні.