Наталля МАРЧУК. Цётухна Прастуда і Новы год

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

П’еса-казка

Дзейныя асобы:

 Дзед Мароз;
Снягурачка;
Снегавік;
Цётухна Прастуда;
Насмарк;
Кашаль;
Ваўкалак, Паляўнічы, Бабуля адзін і тойжа акцёр 

Дзея І

Карціна першая

Ледзяныя горы. Хатка Цётухны Прастуды.Перад хаткаю адзін за адным бегаюць Кашаль і Насмарк.

Кашаль. Ды хто ты такі? Я — самы лепшы, я — першы, без мяне Цётухна Прастуда як без рук! Гэта я прымушаю ўсіх кашляць! Я — вялікі і магутны Кашаль!

Насмарк. Ды ты проста падшыванец у параўнанні са мной! Гэта я галоўны ў камандзе! Я — Насмарк, самы працяглы насмарк у свеце! Без мяне Цётухна Прастуда...

З хаткі выходзіць Цётухна Прастуда.
Песня Цётухны Прастуды:

Я — Цётухна Прастуда, і горкую мікстуру

Люблю з сабой прыносіць, калі прыходжу ў госці.

Я, Цётухна Прастуда, люблю, калі хварэюць,

І чхаюць, і кашляюць, і па начах не спяць.

Ах, як мне даспадобы і ліхаманка з трасцай,

І горкая мікстура, і ў вас тэмпература,

Апчхі, апчхі, апчхі!

Паклічце ж мяне, дзеткі,

Не піце вы таблеткі,

Шукайце мяне, дзеткі,

Я застануся з вамі і не пакіну вас!

Цётухна Прастуда. Нехта штосьці сказаў? Ці мне падалося?
Насмарк. Што вы, Цётухна, я нічога не казаў, ад ранку маўчу, як тая рыба.
Кашаль. Гэта ветрык падзьмуў, Цётухна.
Цётухна Прастуда. Лайдакі і балбатуны! У нас шмат работы: на носе Новы год!
Насмарк пачынае мацаць свой нос.
Насмарк. Дзе?!
Цётухна Прастуда. Усе здаровыя і вясёлыя! Гэта мяне раздражняе, хачу зрабіць нейкую брыдкасць, хачу сапсаваць усім настрой!
Кашаль. А як жа, а як жа, Цётухна! Няхай усе захварэюць!
Цётухна Прастуда. Не, не падыходзіць. Трэба прыдумаць нешта неверагоднае, вялікую брыду! Трэба сапсаваць усім свята! Вось што: накірую я вас да Дзеда Мароза!
Насмарк. Па падарункі?
Цётухна Прастуда. Не, падарунак Дзеду Марозу зробіце вы.
Кашаль. Мы?
Насмарк. А што мы яму падорым?
Цётухна Прастуда. Нічога вы яму не падорыце, наадварот: трэба будзе ў яго нешта ўкрасці. Збірайцеся, падрабязную інструкцыю атрымаеце перад дарогай.
Кашаль. Ваша праўда, Цётухна.
Насмарк. Мы не падвядзём!
Кашаль. Мы самыя лепшыя!
Насмарк. Самыя спрытныя!
Кашаль. Смелыя!Насмарк. І здольныя!
Цётухна Прастуда. Маўчаць, ёлупні! Паспрабуйце толькі загубіць мой план, і я аддам вас доктару!
Насмарк. Толькі не гэта!
Кашаль. Цётухна, толькі не доктар! Ён жа нас...
Цётухна Прастуда. Наперад! За справу!
Насмарк і Кашаль (разам). Мы гатовы!
Цётухна Прастуда сыходзіць.
Кашаль і Насмарк спяваюць песню:
Новы год вы не сустрэнеце, не!
Ёлка навагодняя застанецца ў сне.
Дапамогі не чакайце, паратунку не гукайце!
Будуць усе хварэць паўсюдна з ласкі
Цётухны Прастуды!
Лекі горкія глытаць, шморгаць носам і кашляць!
Спынім час мы наўмысна!
Ах, як усім хварэць карысна!
Кашаль і Насмарк сыходзяць.

Дзея ІІ

Карціна другая

Паўночны полюс. Палац Дзеда Мароза. Паўсюдна развешаны гірлянды, шары і г. д. На сцяне вісіць вялікі гадзіннік: замест лічбаў на ім — гады. Стрэлка паказвае пяць хвілін да Новага года.
Дзед Мароз сядзіць за сталом, ля яго ног — торба з падарункамі. Зазіраючы ў торбу, ён удакладняе па спісе падарункі.
Дзед Мароз. Так, 176 тысяч 344 лялькі, 260 тысяч машынак, 145 тысяч...
Убягае Снягурачка.
Снягурачка. Дзядуля, прабач, я падзабыла: ты ў чырвоным кажуху паедзеш альбо ў блакітным?
Дзед Мароз. У чырвоным... Пачакай, бо зараз заблытаюся... 145 тысяч футбольных мячоў...
Снягурачка. Дык, значыць, у чырвоным? Прабач, зноў перапыняю: а ў сані запрагаць дванаццаць аленяў альбо дзевяць?
Дзед Мароз. Дванаццаць. Так... 145 тысяч — чаго: мячоў альбо машынак?..Снягурачка наважылася ісці, але затрымалася.
Снягурачка. Ой, а званочкі, званочкі аленям залатыя ці сярэбраныя?
Дзед Мароз. Званочкі няхай будуць сярэбраныя. Так, 145 тысяч званочкаў... (Зазірае ў торбу.) Цьфу ты, якіх званочкаў? Няма ў спісе званочкаў!
Снягурачка паспела ўцячы і зноў вярнуцца.
Снягурачка. Дзядуля, а якія браць...
Дзед Мароз. Стоп, унучка, хадзі-ка сюды, сядай і пералічвай сама.
Снягурачка (якая ні хвіліны не стаіць на месцы, круціцца, скача, падбягае да стала і бярэ спіс). Так, лялькі ёсць, машынкі ёсць, мячы ёсць, мішкі — тут, зайкі — таксама...
Дзед Мароз. Спыніся! А колькі чаго?
Снягурачка. Шмат усяго! Машынак багата, лялек вельмі багата, мячоў менш, чым лялек, але больш за мішак...
Дзед Мароз. Ах, гарэза, дык хто ж так лічыць? Трэба дакладна, а раптам каму-небудзь падарунка не дастанецца? Ідзі лепей на двор, дапамажы Снегавіку аленяў у сані запрэгчы. І вось што: пайду-ка я з табой, а то зноў штосьці наблытаеш і запражэш Снегавіка замест аленяў.
Снягурачка (рагоча). Ой, ну дык гэта ж жарт быў! Снегавік хваліўся, што ён адзін зможа сані да кута дацягнуць, ну, мы і правяралі з ім, зможа ён ці не.
Снягурачка і Дзед Мароз сыходзяць.
У акно асцярожна залазяць Насмарк і Кашаль.
Насмарк. Апчхі!
Кашаль. Ды ціха ты, зараз нас застукаюць!
Насмарк (спалохана шморгае носам і туліцца да сцяны). Што ты сказаў? “Зараз як стукнуць!”?
Кашаль. Я кажу: застукаюць! Хапаем тое, што Цётухна загадала, і змотваемся!
Насмарк. Ой, глядзі: шарыкі! Давай шарыкі возьмем!
Кашаль. Ды якія шарыкі! Цётухна загадала сапсаваць свята, і не маленькую брыдоту зрабіць, а вялікую: выкрасці торбу з падарункамі і, галоўнае, адламаць стрэлку ў чароўным гадзінніку ды прынесці ёй.
Насмарк. А я яшчэ шарык вазьму на ўсялякі выпадак. (Бярэ шарык і намагаецца засунуць яго ў кішэню. Шарык лопаецца.)
На шум уваходзіць Снягурачка.
Снягурачка. Прывітанне, а вы хто?
Насмарк. Мяне завуць Насмарк, а яго Кашаль. Мы прыйшлі зрабіць брыдоту.
Кашаль (штурхае Насмарка ў бок). Не слухай яго, дзяўчынка, ён жартуе. Ён зусім і не Насмарк. Ён... Ён гэты... Гэта... Ён — Сняжынка, і я таксама — Сняжынка!
Насмарк. Чаму гэта — сняжынка?
Кашаль (наступае Насмарку на нагу). Так, мы звычайныя Сняжынкі, ляцелі, ляцелі і ў акно заляцелі, зараз далей паляцім.
Снягурачка. Якія вы смешныя, Сняжынкі! Пачакайце мяне тут, я вас зараз са Снегавіком пазнаёмлю! (Уцякае.)
Насмарк. Апчхі!
Кашаль. Вось абарморт, ледзь усю справу не загубіў! Ты навошта ёй адрэкамендаваўся?Насмарк. А што? А ты навошта сказаў, што мы сняжынкі, калі мы не сняжынкі?
Кашаль тым часам убачыў торбу з падарункамі, схапіў яе і сунуў у рукі Насмарку.Кашаль. Трымай, “Сняжынка”! З хвіліны на хвіліну сюды прыйдуць!
Насмарк. А там ёсць шарыкі?
Кашаль залазіць угару і адломвае вялікую стрэлку ад гадзінніка.
Кашаль і Насмарк вылазяць у вакно.
Кашаль. Уцякаем, пакуль не сцапалі!
Насмарк. А як жа брыдота?
Кашаль. Вось і будзе ім: застануцца без падарункаў і без Новага года!
Уваходзяць Снягурачка і Дзед Мароз.
Дзед Мароз. Ну, дзе твае Сняжынкі?
Снягурачка. Не ведаю... Толькі што тут былі! Яны такія смешныя і на сняжынак зусім не падобныя.
Дзед Мароз. Ну добра, калі вернуцца, тады і пазнаёміш. А я пайду падарункі яшчэ раз пералічу.
Уваходзіць Снегавік з шарыкамі, якія трымае, як букет кветак. Шарыкі закрываюць яму агляд.
Снегавік. Прывітанне, Сняжынкі, вельмі прыемна пазнаёміцца!
Снягурачка (рагоча). Ой, не магу, трымайце мяне!
Снегавік апускае шары.
Снегавік. А дзе Сняжынкі?
Снягурачка. Мабыць, іх ветрам здула — акно адчынена.
Дзед Мароз увесь гэты час азіраецца вакол і шукае торбу з падарункамі.
Дзед Мароз. Снягурачка, ты торбу ўжо ў сані аднесла?
Снягурачка. Не, я не чапала торбу.
Снегавік. У санях ніякай торбы няма, я іх толькі што пледам засцілаў, і ніякай торбы там не бачыў.
Дзед Мароз. Нічога не разумею. Я ж яе тут пакінуў, куды яна знікла?
Снегавік. Хіба Сняжынкі ўзялі?
Дзед Мароз. А ну-ка, унучка, раскажы, што гэта за сняжынкі тут былі?
Снягурачка. Не ведаю, я не памятаю. Яны такія... (Паказвае.) Ну вось такія... Ах, успомніла: адна ўвесь час чхала, мабыць, захварэла.
Снегавік. Як гэта сняжынкі могуць захварэць?
Дзед Мароз. Чхала, кажаш? Не падабаецца мне ўсё гэта, ой, не падабаецца! Здаецца мне, ніякія гэта не сняжынкі, сябры мае. Нам трэба будзе пайсці следам за імі і вярнуць торбу, інакш дзеці застануцца без падарункаў, а да Новага года засталося ўсяго... (Глядзіць на гадзін-нік.) А гэта яшчэ што?! Хто зламаў чароўны гадзіннік?!
Снягурачка. Ой, сапраўды, глядзіце: стрэлкі няма! Што цяпер будзе?..
Дзед Мароз. Бяда, унучачка! Гадзіннік гэты — чароўны: калі ён спыніцца — Новы год не прыйдзе.
Снегавік. Як гэта?
Дзед Мароз. А вось як: час спыніцца, і наступнага дня не будзе! Так, зараз згадаю: я завёў іх сёння раніцою, чар хопіць яшчэ на дзве гадзіны. Калі да 12 стрэлку не вярнуць на месца і не завесці гадзіннік, Новы год не надыдзе, і час ва ўсім свеце спыніцца! І, здаецца мне, я ведаю, што гэта за сняжынкі, і хто ўсё гэта прыдумаў!
Снегавік і Снягурачка (разам). Хто?
Дзед Мароз. Напэўна ведаю: гэта Цётухна Прастуда! Даўно ўжо яна гразілася сапсаваць нам свята. І гэтыя дзве фальшывыя сняжынкі — яе пляменнікі Насмарк і Кашаль.
Снегавік. Ды што яна можа, гэтая Цётухна Прастуда!
Снягурачка. Ну, не кажы! Ты ведаеш, як непрыемна захварэць на свята? Усе радуюцца, а ты ляжыш у ложку з тэмпературай!
Снегавік. Што ты, што ты! Калі ў мяне будзе тэмпература, я растану!
Снягурачка. Ну, нічога, дзядуля! Я пайду да гэтай Цётухны Прастуды, забяру ў яе стрэлку і торбу з падарункамі. Хай толькі паспрабуе перашкодзіць мне!
Дзед Мароз. Э не, унучачка, не ўсё так проста. Жыве яна ў Ледзяных гарах, гэта недалёка адсюль, але там вельмі небяспечна: у тых краях багата яе сяброў і нашых ненавіснікаў.
Снегавік. Ну, ужо Насмарк ды Кашаль мы адолеем!
Дзед Мароз. Калі б толькі іх! У Ледзяных гарах жыве Ваўкалак. Слухайце мяне ўважліва: ён можа прыняць любое аблічча, можа стаць другім Снегавіком. Але яго можна распазнаць, бо на руках яго заўсёды пальчаткі, пад якімі ён хавае свае кіпцюры. Памятайце гэта!
Снягурачка. Так, так, я пайшла!
Снегавік. Я з табой!
Дзед Мароз. Пачакайце, тарапыгі! У Ледзяных гарах жыве мой сябра — Паляўнічы, ён вам дапаможа.
Снягурачка. Так, так я ўсё зразумела: Паляўнічы — у пальчатках, Ваўкалак — з хвастом!Снегавік. Часу няма, хадзем!
Дзед Мароз. Стойце, вазьміце тэрмас — у ім чай з малінаю: Насмарк і Кашаль яго цярпець не могуць.
Снягурачка і Снегавік выходзяць.
Дзед Мароз. Эх, навошта я іх адных адпусціў! Снягурачка заўсёды ўсё блытае... (Звяртаецца да залы.) Дзеці, вы павінны дапамагчы мне. Снягурачка такая даверлівая, яе так лёгка падмануць! Яна зноў усё пераблытае. Памятайце: Ваўкалак заўсёды ў пальчатках! А калі зусім кепска будзе, паклічце мяне на дапамогу. Дамовіліся? Ну, я пайшоў, а то як бы і сані з аленямі не ўкралі.

Карціна трэцяя

Хатка Цётухны Прастуды. На сценах вісяць градуснікі і г. д. Насмарк і Кашаль удвух цягнуць торбу з падарункамі.
Насмарк. Цётухна, усё прапала! Мы чамусьці сталі сняжынкамі, і яны гоняцца за намі!Кашаль. Ды змоўкні ты, абармот! Цётухна, такая непрыемнасць здарылася!
Цётухна Прастуда. Ну, бясспрэчна: пашлі дурнога, за ім — другога... Правалілі план, ёлупні?!
Кашаль. Не, мы ўсё прынеслі, як вы казалі, але ж нас бачылі!
Насмарк. Так, а я ўзяў шарык, а ён — бац! — і лопнуў, так мы сняжынкамі сталі. Апчхі!Цётухна Прастуда. Хопіць балбатаць, расказвайце па чарзе. Вас заўважылі? Хто?Кашаль. Снягурачка. А торбу з падарункамі — вось — мы прынеслі, а таксама — стрэлку ад чароўнага гадзінніка.
Цётухна Прастуда. Цудоўна, мой план ужо напалову спраўдзіўся! Я спыню час і нашлю на ўсіх дзяцей і дарослых прастуду! Яны застануцца ў адным і тым жа дні і ніколі не ачуняюць, і ў іх заўсёды будуць вечныя агідныя, надакучлівыя насмарк і кашаль!
Насмарк. Я не агідны, я добры!
Цётухна Прастуда. Змоўкні! Прынясі мне падзорную трубу — праверым, ці няма за намі хваста.
Насмарк (аглядвае сябе з усіх бакоў). Мама дарагая! Мала таго, што сняжынка, дык яшчэ і з хвастом!
Кашаль. Дурань! Ды не на табе хвост, а — за табой!
Насмарк (зноў аглядае сябе спалохана.) За мной — дзе?!
Кашаль. Ды пагоня, дурань! (Падае Цётухне падзорную трубу і накіроўвае яе ў глядзельную залу.)
Цётухна Прастуда. Бач ты, колькі дзяцей сабралася! І што, усе здаровыя, насамі не шморгаюць і не чхаюць? Ну, пачакайце, галубчыкі! (Накіроўвае трубу ў іншы бок.) А вось і Снягурачка са Снегавіком! Выдатненька: яны без Дзеда Мароза, і я лёгка іх адолею! Абдурыць іх будзе не цяжка. Эй, Кашаль, збегай па Ваўкалака, мы падрыхтуем нашым гасцям сюрпрыз!
Кашаль выходзіць.
Цётухна Прастуда. (звяртаецца да Насмарка). А ты сядзі, не лезь нікуды, а то зноў усё сапсуеш!
Насмарк (незадаволена). Я нічога не сапсаваў! Вы мне казалі зрабіць брыдкасць, я зрабіў. Гэта Кашаль ўсё сапсаваў, ён казаў, што мы — сняжынкі!
Цётухна Прастуда. У мяне выдатная ідэя! Мы вось як зробім. (Паварочваецца да глядзельнай залы.) Падслухоўваеце? А потым Снягурачцы ўсё раскажаце? Ну, не, не дачакаецеся! Я вам пакажу Новы год!
(Звяртаецца да Насмарка.) За мной! Наладзім ім “вясёлую” сустрэчу!
Цётухна Прастуда і Насмарк выходзяць.

Карціна чацвёртая

Ледзяныя горы.
Песня Снягурачкі і Снегавіка Снегавік.
Каб нам стрэлачку чароўную вярнуць,
Трэба Цётухну Прaстуду падмануць.
Снягурачка.
Мы кіруемся за блізкі свет шпарчэй,
Каб на свята Дзед Мароз імчаў хутчэй!
Снегавік.
Каб ля ёлкі весяліўся карагод,
Каб сустрэлі дзеці новы Новы год!
Снягурачка.
І не будзем шморгаць носам і кашляць,
І ніхто не будзе доктара чакаць!
Снегавік.
Новы год давайце сёння сустракаць,
Песні пець, смяяцца і скакаць!
Снягурачка.
За акенцам едуць сані,
Дзеткі, заспявайце з намі!
Доўга ўсе чакалі свята,
Падарункаў поўна хата!
Снегавік. Паслухай, Снягурачка, ну куды ты так спяшаешся? Тут так небяспечна, можна паслізнуцца і сарвацца ў бездань!
Снягурачка. Затое тут і канькоў не трэба, можна па лёдзе катацца.
Снегавік. Пачакай, кажу! Ты хоць ведаеш, дзе шукаць гэтую Цётухну Прастуду?Снягурачка. А яе не трэба шукаць — яна сама нас знойдзе! Але, каб час не губляць, я магу яе паклікаць. (Гукае.) Эге-ге-ге-гей! Цётухна Прастуда!
З’яўляецца Паляўнічы.
Паляўнічы. Якія гэта хуліганы ў гарах галёкаюць?! Ці ж не ведаеце вы, што тут крычаць нельга?
Снегавік. Чаму гэта нельга?
Паляўнічы. Таму што можа здарыцца абвал, і нас накрые снегавая лавіна.
Снягурачка. А вы хто?
Паляўнічы. Я — Паляўнічы, а вось вы хто такія?
Снягурачка. Я — Снягурачка, унучка Дзеда Мароза.
Снегавік. А я — Снегавік.
Паляўнічы. Вось яно што! Дзеда Мароза я добра ведаю! А што ж вы робіце ў Ледзяных гарах? Да Новага года засталося паўтары гадзіны — вы павінны ўжо дзяцей віншаваць!Снягурачка. У нас непрыемнасці: спачатку торбу з падарункамі скралі, пасля дзядулін чароўны гадзіннік зламалі...
Снегавік. Зараз нам трэба адшукаць Цётухну Прастуду і паставіць ёй гарчычнік, каб ведала, як свята псаваць!
Паляўнічы. Дык я яе таксама ведаю! Шкодная цётка, а хатка ейная на самай вяршыні стаіць.
Снягурачка. Ну, мы ўжо пойдзем, а то часу ўсё меней і меней застаецца.
Паляўнічы. Калі што — клічце мяне на дапамогу. Я тут недалёка буду.
Паляўнічы выходзіць за левую кулісу.
Снегавік (сядае). Пачакай, Снягурачка. Я як падумаю, што нам аж да самай вяршыні ісці трэба, у мяне галава кружыцца...
Снягурачка. Падумаеш, вяршыня! А можа, там лесвіца будзе? Інакш як туды Цётухна Прастуда дабіраецца?
З-за правай кулісы з’яўляецца Паляўнічы; зараз на ім пальчаткі.
Ваўкалак (Паляўнічы). Прывітанне, Снягурачка. Здаецца, мы ўжо бачыліся сёння. Я нешта разгублены нейкі, нічога не памятаю.
Снягурачка. Канешне, бачыліся, мы ж развіталіся толькі што.
Ваўкалак (Паляўнічы). А, так, так, я проста забыўся, мусіць, ад холаду.
Снегавік. Ой, не падабаецца мне гэта, штосьці тут падазронае...
Ваўкалак (Паляўнічы). Ну што вы, я ж Паляўнічы, ваш сябра, вось і дзеці пацвердзяць. (Звяртаецца да залы.) Дзеці, вы ж мяне пазнаяце? Я ж Паляўнічы, так?
(Дзеці ў зале адказваюць адмоўна.)
Снягурачка. Нешта мне дзядуля казаў пра Паляўнічага... Не магу ўспомніць...
Снегавік. Гэта не Паляўнічы! Я дзецям веру!
Ваўкалак (Паляўнічы). Хадзем са мной, Снягурачка, а Снегавік няхай тут пачакае. Я ведаю кароткі шлях, і ён саамы бяспечны.
Песня Ваўкалка (Паляўнічага):
Хадзем, Снягурачка, са мной,
Я так чакаю, я так чакаю.
Я Паляўнічы, хлопец свой,
І ўсё навокал тут я знаю.
Нічога ты не бойся і мне ты давярай,
І шлях наш будзе лёгкі праз гэты снежны край.
Да мэты недалёка, і пойдзем шпарка мы,
Завея хай шчыруе наўкол сярод зімы!
Снегавік. А ну, стаяць! Я вось зараз як паклічу сапраўднага Паляўнічага!
Ваўкалак (Паляўнічы). Спакойна! Папершае, Паляўнічы — гэта я, а па-другое, не трэба нікога клікаць, калі я ўжо тут.
Снягурачка. Вы мяне заблыталі, я нічога не разумею! Дзеці, растлумачце мне: гэта — Снегавік? (Паказвае на Снегавіка.) А гэта — Паляўнічы? (Паказвае на Паляўнічага.)
(Дзеці адказваюць.)
Снегавік. А ну, давай ідзі адсюль!
Ваўкалак (Паляўнічы). Гэта вялікая памылка, і вы яшчэ пра гэта пашкадуеце, асабліва — вось гэты хам, увесь у белым!
(Паказвае на Снегавіка.)
Ваўкалак уцякае.
Снегавік. Гэта быў не Паляўнічы, хоць падобны да яго, нібы дзве кроплі вады!Снягурачка. А куды нам ісці? Можа, трэба было пайсці з гэтым Паляўнічым? Глядзі: наверх вядуць тры сцяжынкі, якую выбраць?
Снегавік. Снягурачка, ты пачакай тут, а я пайду праверу вось гэтую правую: раптам яна абрываецца ў бездань?
Снегавік знікае за правай кулісай.
Снягурачка. Эх, шкада, столькі часу губляем! Што будзе, калі мы не паспеем да 12? Жахліва нават уявіць сабе!..
З-за левай кулісы з’яўляецца Снегавік; на ім пальчаткі.
Ваўкалак (Снегавік). Хадзем хутчэй за мной, Снягурачка, я знайшоў шлях!
Песня Ваўкалака (Снегавіка):
Хадзем, хадзем, Снягурачка, са мной,
Я ж Снегавік, я ж сябра твой.
Спяшайся, спяшайся,
Назад не азірайся, руку мне працягні.
Не слухай ты нікога!
Ляцяць-імчацца зманлівыя дні,
Хлусня, падман наўкол і мітусня.
І сябрам застаюся толькі я, я, я!

Снягурачка (паказвае на правую кулісу). Ой, дык ты ж пайшоў у той бок? Як жа ты (паказвае на левую кулісу) адсюль выйшаў?
Ваўкалак (Снегавік). Доўга тлумачыць: я вакол абышоў. Ды ты не сумнявайся! Вось і дзеці пацвердзяць!
Снягурачка. Дзеці, што вы прапануеце? Мне ісці за Снегавіком?
(Дзеці крычаць: “Не!”)
Ваўкалак (Снегавік). Ды што ты іх слухаеш? Гэта ж дзеці, хіба яны разбіраюцца ў Снегавіках?
Снягурачка. Што з табой, Снегавік? Ты ж заўсёды любіў дзяцей!
Ваўкалак (Снегавік). А я іх і зараз люблю, асабліва з кетчупам. Э-э-э, я хацеў сказаць: я і кетчуп люблю, і дзяцей! Асобна і разам, цьфу, заблытаўся... Лепш пайшлі хутчэй!Снягурачка. Дзеці, што мне рабіць? Ісці з ім?
(Дзеці крычаць: “Не!”)
Ваўкалак (Снегавік). Вось дурніца! З кім раіцца? Ну не хочаш ісці са сваім сябрам — заставайся тут!
Ваўкалак (Снегавік) ідзе за левую кулісу.
Снягурачка. Зусім я заблыталася! Што мне рабіць?!
З-за правай кулісы выходзіць Снегавік.
Снегавік. Ну ўсё, пойдзем па гэтай сцяжынцы.
Снягурачка. Я ж казала: я з табой нікуды не пайду!
Снегавік. Ды ты што, Снягурачка? А з кім ты пойдзеш?
Снягурачка. Са Снегавіком, а не з табой.
Снегавік. Ну ўсё, канец казцы! Падарункі пакралі, гадзіннік зламалі, Снягурачка з глузду з’ехала!
Снягурачка. Ну добра, добра, можа, ты і сапраўдны Снегавік. Чым дакажаш?
Снегавік. Ну, не ведаю... Я са снегу зроблены, жыву на Паўночным полюсе...
Снягурачка. Снегавік, гэта дакладна ты?
Снегавік. Ну, дзякуй Богу, апрытомнела, ужо пачынае сваіх пазнаваць!
Снягурачка. Я на ўсялякі выпадак дзяцей спытаю. (Звяртаецца да залы.) Дзеці, яму можна верыць, як вы думаеце?
(Дзеці адказваюць, што можна.)
Снегавік. Між тым, у нас засталася ўсяго толькі гадзіна. Пакуль ты тут гуляеш, Дзед Мароз чакае!
Снягурачка. Ведаю я, ведаю, хадзем хутчэй!
Снегавік і Снягурачка выходзяць.
Крадком з’яўляюцца Насмарк і Кашаль, за імі — Цётухна Прастуда.
Цётухна Прастуда. Ну, дзе гэты Ваўкалак? Ён павінен быў Снягурачку ў бездань заманіць!
Насмарк. Яны яму не паверылі, я сачыў і ўсё бачыў.
Кашаль. Канешне, ім жа дзеці дапамагаюць.
Цётухна Прастуда. Ну, нічога, ім нас не адолець! Да Новага года часу застаецца ўсё менш і менш, а стрэлачка тая — вось яна ў мяне (паказвае стрэлку)! А вам хопіць лайдачыць, адпраўляйцеся на дапамогу Ваўкалаку! Разам вы іх адолееце. Ты, Насмарк, не зявай, хапай усіх за нос, а ты, Кашаль, хапай за горла! Яны ў мяне паскачуць! Пачнуць чхаць і кашляць — будуць ведаць, што са мной жарты кепскія! Наперад! За мной!
Насмарк. Наперад! А за намі ёсць хвост?
Кашаль. Дурань! Гэта мы ў іх на хвасце!
Насмарк. У іх ёсць хвост?
Кашаль. Не, гэта мы іхні хвост!
Насмарк. Я не жадаю быць хвастом, лепей ужо быць сняжынкай! Я на хвост не падобны!
Кашаль. Ціха, не скуголь! Вось яны!
Усе трое выходзяць.
З’яўляецца Снягурачка. За ёй ідзе Снегавік.
Снягурачка. Ох, цяжка ісці ўгару: сцяжынка такая слізкая! Снегавік, не адставай, я адна баюся.
З’яўляецца Бабуля, уся ўхутаная ў плашч, у капелюшы, апушчаным на твар. Яна ідзе, сагнуўшыся, рукі хавае ў кішэні альбо пад плашчом.
Ваўкалак (Бабуля). Ой я бедная, няшчасная бабуля, незнарок зайшла на горную вяршыню і не ведаю, як спусціцца! Дапамажы мне, добрая дзяўчынка!
Снегавік. Зараз я дапамагу табе! З ветрыкам, Бабуля, з’едзеш!
Снягурачка. Ды ты што, Снегавік? Бабулька згубілася!
Снегавік. Згубілася, разгубілася... Губляюцца Чырвоныя Каптуркі, а бабулі дома сядзяць, па гарах не лазяць!
Ваўкалак (Бабуля). Хаміце, малады чалавек! Нічога, я звыклася: мяне ўсе крыўдзяць...
Снягурачка. Снегавік! Як табе не сорамна! Прасі прабачэння, калі ласка!
Снегавік. Прабачце, але я вам не веру.
Ваўкалак (Бабуля). А я з табой у “веру — не веру” не гуляю. Ты мяне да дому правядзі, вось добрую справу і зробіш.
Снегавік. А скажыце мне, калі ласка, “бедная бабуля”: вы любіце чай з малінай?
Ваўкалак (Бабуля). Ну якая ж бабуля не любіць чай з малінай? Канешне, люблю.
Снегавік. Ну, тады частуйцеся! (Працягвае ёй тэрмас.)
Ваўкалак (Бабуля) (робіць крок наперад, але спыняецца і не дастае рукі з-пад плашча). Э не! Я хачу сказаць: вялікі дзякуй, але чай я і дома пап’ю.
Снегавік. Бабуля, а вось пытанне можна?
Ваўкалак (Бабуля). Прыставучы які! Ідзі куды ішоў, добры чалавек, я ўжо і сама як-небудзь да дома дабяруся.
Снягурачка. Бабуля, давайце я вам дапамагу, хадземце з намі (Снягурачка падае руку).
Ваўкалак (Бабуля) падае руку: на руцэ бачна пальчатка.
Снегавік. Знаёмыя пальчаткі... Бабуля, вы раптоўна Ваўкалака не бачылі? Пальчаткі ж — ягоныя!
Ваўкалак (Бабуля). Якога такога Ваўкалака? Нічога не ведаю! (Хапае Снягурачку за руку і цягне за сабой.)
Выскокваюць Кашаль і Насмарк, акружаюць Снягурачку ў кальцо.
Кашаль. Папаліся, галубчыкі!
Насмарк. Так! Папалася, хвастатая!
Ваўкалак (Бабуля). А пры чым тут “хвастатая”?
Снегавік. А ну, адпусціце Снягурачку, а то вам не паздаровіцца!
Кашаль. Гэта табе зараз не паздаровіцца! Ты хоць ведаеш, з кім звязаўся?
Снягурачка. Снегавік, нам трэба забраць у іх стрэлку, засталося ўсяго 20 хвілін да Новага года!
Кашаль. Толькі паспрабуй — мы цябе зараз у бездань скінем! Давай, сябры!
Снегавік. А ну-ка, расступіцеся!
З’яўляецца Цётухна Прастуда.
Цётухна Прастуда. Малайцы, арлы мае! Хапайце Снегавіка!
Насмарк. Ды калі ж гэта скончыцца?! Я не сняжынка і не арол, я — Насмарк!
Кашаль. Хапай Снегавіка, разбірай на снежкі!
Цётухна Прастуда. А ну, Насмарк, хапай яго за нос: няхай пачне добра чхаць!
Насмарк выцягвае рукі і пачынае кругамі падыходзіць да Снегавіка. Снегавік лоўка ўхіляецца. Снягурачка тым часам адштурхоўвае ад сябе Ваўкалака, і той налятае на Насмарка, які неспадзявана хапае Ваўкалака за нос.
Ваўкалак (Бабуля) (кажа ў нос). Мама родная, мяне — за што?! Апчхі!
Насмарк. Ой, я незнарок!
Кашаль заходзіць за спіну Снегавіка і працягвае да яго рукі, але Снегавік заўважае гэта і адскоквае ўбок. Кашаль, разагнаўшыся, не паспявае спыніцца і хапае за горла Ваўкалака.
Ваўкалак (Бабулька) (пачынае кашляць). Ды што ж гэта за людзі?! Дапамажыце, бабулек забіваюць! Апчхі!
Цётухна Прастуда. Акружайце іх, ёлупні! Не стойце на месцы, штурхайце іх у бездань!Снягурачка. Дапамажыце!
Ваўкалак (Бабуля). Мяне не чапайце, я свой!
Кашаль з Насмаркам наступаюць на Снегавіка, той лоўка ўхіляецца ад іх. У выніку Кашаль з Насмаркам натыкаюцца то адзін на аднаго, то на Ваўкалака. Снягурачка намагаецца ўцячы, але на яе шляху паўстае Цётухна Прастуда.
Цётухна Прастуда. Папалася, шкадлівая дзяўчынка!
Снягурачка. А я вас не баюся! Вы ўсяго толькі прастуда!
Снегавіка тым часам заганяюць у кут, ён дастае тэрмас з чаем.
Снегавік. А ну, каго пачаставаць?
Насмарк. Ой, дапамажыце! Ненавіджу чай з малінай, мне ад яго млосна!
Кашаль. Фу, прыбяры гэтую гадасць!
Ваўкалак (Бабуля). А што такога, я вып’ю! Апчхі! (Выхоплівае ў Снегавіка тэрмас і п’е.) Уф, дзякуй, адразу лягчэй зрабілася!
Цётухна Прастуда. Вам не ўцячы ад мяне! (Звяртаецца да залы.) А вы лепей, пакуль не позна, пераходзьце на мой бок, вы ж добрыя дзеці? Я вас так люблю! Вы любіце хадзіць зімой без шапак? А есці ў гарачыню халоднае марожанае?
Кашаль. Так, дзеткі, здымайце свае цёплыя шалікі і шапкі, і Цётухна Прастуда будзе вашай сяброўкай і ніколі вас не пакіне!
Насмарк. Эй, толькі, цур, ніякага чаю з малінай і таблетак, і не ўздумайце капаць у нос каплі!
Цётухна Прастуда. Хапайце іх, а з дзецьмі потым разбяромся!
Насмарк, Кашаль і Ваўкалак акружаюць Снегавіка і Снягурачку.
Снягурачка. Снегавік, трэба клікаць па дапамогу!
Снегавік. Ратуйце, хто-небудзь!
Снягурачка. Не “хто-небудзь”, а Дзядулю трэба клікаць!
Снегавік. Дзядуля Мароз, дапамажы!
Цётухна Прастуда. Як жа, пачуе ён вас, чакайце!
Снягурачка. Дзеці, дапамажыце нам!
Снегавік. Усе разам паклічам на дапамогу! Тры-чатыры: Дзядуля Мароз, дапамажы!Снягурачка. Яшчэ раз, дружна! Дзядуля Мароз, дапамажы! (Насмарк і Кашаль хапаюць Снегавіка.) Снегавік, трымайся!
Чуецца шум завеі і голас Дзеда Мароза.
Голас Дзеда Мароза. Гэй, да мяне, магутны Паўночны вецер! Наляці віхурай, закружы! Снягурачцы і Снегавіку дапамажы!
Ваўкалак (Бабуля). Ратуйся, хто можа! А хто не можа, усё роўна — ратуйся! З Дзедам Марозам жарты кепскія!
Цётухна Прастуда. Баязліўцы! Стаяць, трымацца да апошняга!
Насмарк. Хто апошні, не ведаю, але не я!
Шум ветру. Насмарк, Кашаль, Ваўкалак, Цётухна Прастуда рухаюцца па сцэне, пераадольваючы нябачны вецер.
Кашаль. Дапамажыце, мяне зараз здзьме!
Насмарк. Я болей не буду! Апчхі!
Цётухна Прастуда. Мяне ветрам не напалохаеш!
Уваходзіць Дзед Мароз.
Дзед Мароз. Хто клікаў мяне на дапамогу? Я тут!
Ваўкалак (Бабуля). Я бедная бабуля, іду, нікога не чапаю, тут апынулася выпадкова, і зараз тэрмінова іду дахаты. І не трэба мяне праводзіць!!!
Насмарк. Слова гонару, мы — Сняжынкі, ляцелі міма і ўпалі!
Кашаль. Так, і на дапамогу ніхто не клікаў!
Дзед Мароз. Але ж я чуў! (Звяртаецца да залы.) Дзеці, вы мяне клікалі?
(Дзеці адказваюць “Так!”)
Цётухна Прастуда. Ах так? Вырашылі мяне перамагчы? (Дастае стрэлку.) Ну дык не дастанецца яна вам, я яе зламаю!
Снягурачка. Калі ласка, не трэба!
Цётухна Прастуда падымае стрэлку над галавой. Снегавік падбягае да яе ззаду і выхоплівае стрэлку, але падкаўзнуўся і ўпаў у бездань.
Ой, Дзядуля!
Дзед Мароз. Гэй, да мяне, калючы Паўночны вецер, да мяне, халодны Заходні, да мяне, Паўднёвы і Усходні вятры! Падыміце Снегавіка!
Чуецца шум ветру. Над безданню павольна з’яўляецца Снегавік. Снягурачка падае яму руку.
Дзед Мароз. А ну, вятры, садзьміце адсюль гэтых нягоднікаў, ды як мага далей!
Насмарка, Кашля, Цётухну Прастуду, Ваўкалака “здзьмула” за кулісы.
Голас Цётухны Прастуды. Я буду скардзіцца свайму брату Грыпу і яго пляменніцам — Тэмпературы і Ліхаманцы! Вы яшчэ пашкадуеце! Папярэджваю, са мной жарты кепскія!Голас Насмарка. Ой, казытліва, кіньце дзьмуць, я добры!
Голас Ваўкалака (Бабулі). На дапамогу, бабулек крыўдзяць! Ішла, нікога не чапала, я тут выпадкова!
Снягурачка. Ой, Дзядуля, а падарункі?
Дзед Мароз. Не хвалюйся, унучка, падарункі ўжо ў мяне. Цётухна Прастуда іх у гарах схавала, а Паляўнічы іх знайшоў і мне перадаў. Галоўнае — паспець стрэлку вярнуць! Да Новага года засталося тры хвіліны! Трымайцеся за рукі, вецер аднясе нас дахаты!
Шум ветру. Зацямненне.

Карціна пятая

Палац Дзеда Мароза. Уваходзяць Дзед Мароз, Снегавік, Снягурачка.
Снягурачка. Снегавік, ты — сапраўдны герой!
Снегавік. Ды што ты, Снягурачка, калі б не дзеці, кепска б нам было!
Дзед Мароз. Малайцы, дзеці! І вы таксама малайцы! А ну-ка! (Прыкручвае стрэлку да гадзінніка і заводзіць яго.)
Гадзіннік паказвае Новы 2009 год. Чуецца бой курантаў, якія б’юць 12 разоў.
Дзед Мароз. З Новым годам, дзеці! Дзякуй вам! Пакуль мы разам, нам ніхто не страшны! Ну, а нам пара. Унучачка, сані гатовы?
Снягурачка. Гатовы!
Дзед Мароз. Тады паехалі, а вы, дзеці, чакайце нас у госці, мы кожнаму пад ёлачкай пакінем падарунак!
Снегавік. І пішыце нам лісты!
Снягурачка, Снегавік, Дзед Мароз (разам.). З Новым годам!
Фінальная песня:
Дружна скажам: з Новым годам!
Прэч, прастуда, з карагода!
Быць на свеце кожны рад,
Усім вам, дзеці, наш загад:
Пераможа дружба зло,
Будзе жыць заўжды дабро.
Хай імчаць па крузе стрэлкі,
Набліжаючы да нас
Самы таямнічы час.
Нас страчае смех паўсюдна,
Бо мы выгналі прастуду!
Дружна скажам: з Новым годам!

КАНЕЦПесні

Песня Дзеда Мароза
Кожны дзень у турботах і клопатах я,
Мяне зімой чакае кожная сям’я.
Завіруха за акном, мяцеліца пяе,
Свята навагодняе хутка настае.
Прыпеў:
Срэбныя званочкі ясна зазвіняць,
Саначкі па небе імкліва паляцяць.
Вось гадзіннік б’е дванаццаць раз:
З віншаваннямі спяшаюся да вас!

Мішкі, зайкі, шарыкі ёсць ў маім мяшку.
Мары запаветныя выканаць хачу.
З Поўначы далёкай збіраюся да вас.
Вось і надыходзіць сустрэчы час!
Прыпеў.

Песня Ваўкалака (Бабулі)
Ты будзеш разважаць,
Снягурачка, пасля.
Чакае нас наперадзе ўтульны
Цётчын дом.
Бабулечцы старэнькай
Заўсёды давярай!
Снегавіку ж ніколі
Ты веры не давай!
Хутчэй, дурненькая,
Хутчэй ідзі:
Сюрпрыз чакае там цябе!
Ты толькі паглядзі!

Песня “Сняжынак”
Кашаль:
Мы белыя сняжынкі,
Мы лёгкія пушынкі,
Мы кружымся,мы лётаем...
Насмарк:
Тады — бумс! — на зямлю!
Кашаль:
Мы кружымся ў паветры,
Наўкол усё засцілаем
Пасля з завеяй белаю
Ляцім зноў у вышыню...
Насмарк:
Тады — бумс! — на зямлю!
Кашаль:
Ах, так, мы ж з ім сняжынкі,
Мы — як іх там? — пушынкі!
Насмарк:
Я лётаць не умею,
Я хуценька адразу
Валюся на зямлю!

Песня Цётухны Прастуды, Кашля і Насмарка
Гультаёў бяру на дапамогу:
Кашаль, Насмарк
выпраўляюцца ў дарогу!
Лайдакоў чакае доўгі шлях
Па лясах ды змерзлых рэках і палях!
Дзеду Марозу мусіце зманіць:
Стрэлкі трэба вамчароўныя спыніць!
Мусіце дапамагчы вы мне!
Кашаль, Насмарк, да мяне!
Насмарк:
Дзеда Мароза дзе шукаць — не разумею!
І рабіць я нічога не ўмею!
Кашаль:
Цётухна, мы вас не падвядзём!
Выканаем, зробім, прывязём!
Стрэлку мы здабудзем, і ўжо
З рання поўным будзе
ваша панаванне!
Насмарк:
Дзеда Мароза дзе шукаць — не разумею!
І рабіць я нічога не ўмею!