Газета — рэгіёны — чытач

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г


— 17 верасня ў нашай краіне будзе адзначацца свята народнага адзінства. Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе аб’ядналіся тэрыторыі Заходняй Беларусі і БССР. У горадзе Бяроза засталіся былыя царскія казармы, дзе ў міжваенны перыяд за Польшчай быў канцлагер, у якім знаходзіліся таксама і беларусы. У планах музеефікацыя гэтых будынкаў, а таксама ўсталяванне помніка на месцы пяцігадовай гісторыі зняволення людзей. Што зараз адбываецца ў Бярозе?

Леанід Качына, намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама:

— Да 17 верасня мы сапраўды скончым рамонт у будынку былога канцлагера і таксама ўсталюем помнік. За належным выкананнем планаў сочыць адміністрацыя нашага райвыканкама, аблвыканкама і Міністэрства культуры.

Фундамент пад помнік неўзабаве будзе гатовы, цяпер мы добраўпарадкоўваем месца, дзе ён будзе знаходзіцца, у прыватнасці, аднаўляем тратуарныя дарожкі. Дарэчы, галоўная дарожка да помніка будзе вылажына з таго самага бруку, які выраблялі зняволеныя тых часоў! У адрамантаваным будынку канцлагера будзе змешчана экспазіцыя са стэндаў і тагачасных экспанатаў. Але, вядома, сапраўдны паўнавартасны музей будзе стварацца ў доўгатэрміновай перспектыве, бо гэта праца не аднаго года. Экспанаты першапачаткова будуць узяты з краязнаўчага музея і музеяў Брэсцкай вобласці.

— Вось-вось пачнецца навучальны год, у тым ліку ва ўстановах, якія рыхтуюць кадры для культурнай галіны Айчыны. Для вучняў гэта адказная пара атрымання ведаў, для адміністрацыі падобных устаноў — адказны перыяд для арганізацыі належнага навучання. Як падрыхтаваны да 1 верасня адзін з лепшых музычных каледжаў Беларусі ў Лідзе?

Алена Серакова, дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа:

— Прыём на ўсе аддзяленні ў наш каледж сёлета адбыўся цалкам, як на бюджэт, так і на мэтавы набор. Таму, канечне, мы актыўна рыхтаваліся да навучальнага года. Што тычыцца рамонту, то асаблівую ўвагу мы надзялялі аўдыторыям для групавых заняткаў. Акрамя іншага, трэба было забяспечыць належнае выкананне санітарна-эпідэміялагічных нормаў, у сувязі з каронавіруснай інфекцыяй. Пытанне, актуальнае для іншых мастацкіх школ пра забеспячэнне новымі музычнымі інструментамі, для нас стаіць не так востра. У гэтым годзе толькі за кошт каледжа мы закупілі 9 інструментаў. Адметны для нашай школы факт, што нават выпускнікі платнай формы навучання хочуць быць размеркаванымі на першае месца работы. Вучацца ў нас не толькі студэнты з Гродзенскага рэгіёна, але і са ўсёй Беларусі. Таксама трапляюцца і навучэнцы з Расіі. У далейшых планах, акрамя трывалай падрыхтоўкі прафесійных музыкаў і раскрыцця талентаў моладзі,— папаўняць банк стыпендыятаў прэзідэнцкага фонду, а таксама браць удзел у канцэртах і мерапрыемствах краіны і замежжа.

— Працягваецца рэстаўрацыя палаца-паркавага комплексу ў Свяцку. Работа доўжыцца, але не так актыўна, як хацелася б. Як вядома, паміж заказчыкам і выканаўцам рэстаўрацыі ёсць непаразуменні. Што адбываецца ў Свяцку?

Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

— Так, паміж уладальнікам комплексу санаторыя “Азёрны”, і падраднай арганізацыяй “Белрэстаўрацыя” час ад часу ўзнікаюць непаразуменні наконт выканання рамонту. Вырашаюцца яны ў тым ліку на ўзроўні губернатара вобласці і Міністэрства культуры. Таму рэстаўрацыя ідзе, але сапраўды не так хутка, як хацелася б. Ужо гатовы для эксплуатацыі левы флігель, бровар, дзе будзе варыцца сваё піва, галерэя, домік для гасцей. Але не гатовы рэстаран, правы флігель, цэнтральная частка палаца. Зразумела, на аб’екце такога мастацкага ўзроўню нельга спяшацца. Па заканчэнні рамонта гэты палаца-паркавы комплекс будзе несумненна карыстацца папулярнасцю ў гасцей і турыстаў. Па-першае, гэта велічны будынак XVIII ст. Па-другое, побач прыгожая прырода, шмат азёр. Па-трэцяе, аб’ект знаходзіцца блізка да Гродна. Таму мы ўсе зацікаўлены, каб ён быў завершаны як мага хутчэй.

Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ