Капыль, потым — Добруш

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

4-5 верасня ў Капылі пад дэвізам “Слова нас аб’ядноўвае” пройдзе XХVIII Дзень беларускага пісьменства.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах, у першы дзень свята адбудзецца літаратурная імпрэза, якая аб’яднае паэтаў Віцебскага, Гродзенскага, Гомельскага, Брэсцкага абласных аддзяленняў СПБ.

На пляцоўцы “Слова пiсьменнiка” пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі, віктарыны. “Сапраўдныя каштоўнасці — дабро, паразуменне, адзінства — усё гэта аўтары падкрэсліваюць у сваіх творах. Сучасныя пісьменнікі актыўна працуюць, любяць мець зносіны з чытачамі і будуць рады прадставіць свае праекты на вялікім свяце слова, — сказала Алена Стэльмах. — Дарэчы, наш чарговы альманах мы прысвецім дзіцячай літаратуры Беларусі і Казахстана. Гэта і ёсць вынік міжнародных сталоў, калі мы ўсхвалявана абмяркоўваем тэмы, якія тычацца свету, кажам пра важнасць Слова, якое аб’ядноўвае людзей і з’яўляецца інструментам дыпламатыі”.

5 верасня — асноўны дзень свята. Сярод ключавых мерапрыемстваў — перадача эстафеты гораду Добруш — сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе; цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі; цырымонія гашэння канверта і арыгінальнай маркі, прысвечаных XXVIII Дню беларускага пісьменства.

У Капылі ўсталююць і помнік беларускаму пісьменніку Цішку Гартнаму, а таксама прадставяць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную сталіцам Дня беларускага пісьменства. Наватарскі праект Беларускага саюза мастакоў — адкрыццё Алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі.

Год народнага адзінства стане асноўнай тэмай Дня беларускага пісьменства. Цэнтральная пляцоўка “Адзінства” будзе аформлена ў адпаведнасці з зададзенай тэмай, дзе прадставяць выставу газет і часопісаў “17 верасня — Дзень народнага адзінства”, падрыхтаваную Міністэрствам інфармацыі і Нацыянальным гістарычным музеем.

На працягу двух дзён традыцыйна будзе працаваць Фестываль кнігі і прэсы. Жыхары і госці горада змогуць наведаць тэматычныя павільёны.