Працаваць якасна, не дзеля самога працэсу

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

17 жніўня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі ўдзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Міністр акцэнтаваў увагу на тым, што ў бліжэйшы час пройдзе сустрэча з Раманам Галоўчанкам, падчас якой прэм’ер-міністр краіны заслухае інфармацыю аб рабоце Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.“Кожнае прадпрыемства павінна выпускаць прадукцыю, якая карыстаецца попытам, — адзначыў Анатолій Маркевіч. — Мы выпускаем розныя па тэматыцы фільмы, але суадносіны камерцыйнай рэалізацыі да кошту фільма відавочна дысбалансаваныя. Трэба навучыцца нарэшце выпускаць якасны прадукт і зарабляць грошы. Ёсць Указ Прэзідэнта краіны за № 146 “Аб развіцці кінематаграфіі”, усе неабходныя ўмовы створаны. Неабходна працаваць не дзеля самога працэсу”.

Міністр заслухаў справаздачу і аб падрыхтоўцы падведамных навучальных устаноў да новага навучальнага года. Анатолія Маркевіча праінфармавалі, што ў цэлым асобныя невялікія недахопы або ўстраняюцца, або ўжо ліквідаваны. У асноўным яны датычацца патрабаванняў МНС, іншых кантралюючых устаноў. Харчаблокі правераныя і функцыянуюць, з 1 верасня ўсе яны будуць забяспечваць навучэнцаў паўнавартасным харчаваннем.

Яшчэ адно пытанне, якое ўздымалася падчас нарады, датычылася вакцынацыі спецыялістаў, якія працуюць у сферы культуры. Адзначалася, што ў цяперашні час у свеце працэс распаўсюджвання кавіду, на жаль, не спыняецца. У нашай краіне ёсць групы насельніцтва, якія, з прычыны сваіх прафесійных задач, знаходзяцца ў пэўнай групе рызыкі. Да іх належаць і тыя, хто працуе ў сферы культуры — шмат перамяшчаецца, сустракаецца з людзьмі, праводзіць канцэртна-масавыя мерапрыемствы. Ніхто нікога не прымушае да вакцынацыі, але праводзіць працу сярод людзей, пераконваць іх звярнуць увагу на магчымасць вакцынавацца неабходна ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Разглядаліся і задачы, звязаныя з правядзеннем рэстаўрацыйна-будаўнічых работ на самых розных аб’ектах краіны як у цэнтры, так і ў рэгіёнах. Па рэстаўрацыі ў Жыровіцкім манастыры на днях збіралася нарада, якая, па словах начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Хвір, прайшла канструктыўна. Прадстаўнікі манастыра ўнеслі свае прапановы, да 1 верасня з’явіцца выніковы дакумент, які дазволіць рухацца далей.

Абмяркоўвалася і сітуацыя, датычная Будслаўскага касцёла — храма, занесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, пацярпелага ад пажару. Зараз рыхтуюцца неабходныя праектна-каштарысныя дакументы, ажыццяўляецца навуковае суправаджэнне. Пры гэтым працягваюцца работы, звязаныя з устаноўкай больш надзейнага часовага даху. Да наступлення восені плануецца канчаткова засцерагчы храм ад кліматычных пагроз. На дадзены момант, як праінфармавалі міністра, больш за палову сабраных сродкаў ужо засвоена.

У ходзе нарады міністр таксама звярнуў увагу на тое, што ў асобных храмах настаяцелі праводзяць іх рэканструкцыю (мяняюць форму купалаў, іх колер) без належнага ўзгаднення з органамі дзяржаўнай улады. У якасці прыкладу была прыведзена Свята-Успенская царква ў Браславе. “Закон з’яўляецца адзіным для ўсіх, — адзначыў міністр. — Храм — гэта наша спадчына, гісторыка-культурная каштоўнасць. Яго аўтэнтычнасць мае вялікае значэнне для будучых пакаленняў. Ёсць законы, якімі неабходна кіравацца пры правядзенні рэканструкцыйна-будаўнічых работ. Наша задача — кантраляваць выкананне гэтых законаў”.