Фарбы, дрэва і цырк на сцэне

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Ахапіць у поўным аб’ёме ўсе 17 намінацый V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД, вядома, немагчыма. Тым больш, што спаборніцтвы адбываліся адначасова на розных пляцоўках, уключаючы не толькі цэнтр горада, але і больш аддаленыя раёны. Таму ўвага карэспандэнтаў “К” скіравалася толькі на некаторыя намінацыі — найперш, не самыя распаўсюджаныя.

Спакойнай толькі на першы погляд падалася намінацыя конкурснай праграмы Дэльфійскіх гульняў “Выяўленчае мастацтва” для малодшай і старэйшай груп. Але прыдумаць на зададзеную тэму кампазіцыю і стварыць прафесійны твор — справа нялёгкая, асабліва для дзяцей 12 — 15 гадоў.

 /i/content/pi/cult/181/1834/Farby1.jpg
Рэспубліканская гімназія-каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка прымала 9 жывапісцаў малодшай узроставай катэгорыі з 6 дзяржаў-удзельніц СНД. Тэма — “Свята маёй краіны”. Пятнаццацігадовы Адыльжан Мусаеў з Казахстана зусім не хваляваўся — ён адразу задумаў глабальны праект: “Я буду маляваць тушшу маё разуменне Дня Незалежнасці, нацыянальнага свята, якое адзначаецца ў нас вясной”. Крыху адасобілася ад усіх 15-гадовая малдаванка Домніца Катаман: яна можа ствараць свае творы толькі ў адзіноце, таму ўключыла плеер і адвярнулася да сцяны. Негаваркая, крыху загадкавая дзяўчына займаецца жывапісам ужо шэсць гадоў.

Такая ж тэма была агучана і для новай намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Прычым многія творцы падышлі да тэмы літаральна, выявіўшы атрыбуты самых вядомых святаў — Вялікадня, Каляд, Купалля. А вось навучэнец 10 класа гімназіі-каледжа імя Ахрэмчыка Яўген Дабравольскі вельмі творча падышоў да тэмы. Вось яго інтэрпрэтацыя вялікага твора, высечанага з дрэва: “Гэта святочны анёл, які сімвалізуе не нейкае канкрэтнае свята, а свята маёй душы, майго ўнутранага свету, менавіта маёй унутранай краіны. Анёл, які ахоўвае маё жыццё, падтрымлівае маю творчасць.”

Для старэйшай узроставай групы, што працавала ў мастацкай галерэі Акадэміі мастацтваў, тэма гучала так: “Флора і фауна маёй краіны”. Шэсць дзяўчат стваралі яркія карціны, якія адлюстроўвалі прыроду іх радзімы. Алена Бандурына з Баку (Азербайджан) паказала Каўказскія горы. “Мастак бачыць тое, што не бачаць іншыя людзі, — гаворыць маладая мастачка. — Ягоная задача — паказаць дробязі, якія не заўважны напершы погляд”.

Старшыня журы па гэтых намінацыях, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Зінкевіч гаворыць перад праглядам работ:

— Ацэньвацьдзяцей і моладзь мы будзем па прывезеных з дому хатніх заданнях
 /i/content/pi/cult/181/1834/Farby2.jpg
(“Аўтапартрэт” і “Нацюрморт”), а таксама па акадэмічнай граматнасці і арыгінальнасці аўтарскай тэхнікі. Каб заняць першыя месцы, удзельнікі павінны праявіць свае індывідуальныя якасці, павінны мысліць востра, вобразна ўспрымаць рэчаіснасць, быць цікавай, глыбокай натурай. Нават у незавершанай працы можна пабачыць талент, і мы будзем меркаваць не толькі па мастацкіх, але і па чалавечых крытэрыях.

Што да новай намінацыі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, то для нас вельмі адказна даць правільную ацэнку. Калі мы ўручаем камусьці з беларусаў (якіх вельмі шмат удзельнічае ў гэтай праграме) медаль, мы даём яму магчымасць стаць стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

А вось мінскі Палац культуры і спорту чыгуначнікаў прымаў на сваёй сцэне цыркавых артыстаў з 8 калектываў. Тут былі ўсе ўзроставыя катэгорыі — ад малечы да амаль дарослых хлопцаў і дзяўчат, а глядзельную залу запоўнілі вучні сталічных школ.

Перад самым прадстаўленнем я пагаварыла з дзяўчынкамі, якія адкрывалі конкурсную праграму, — удзельнікамі цыркавога калектыву “Жанр” з Украіны.

Валерыя Капернік займаецца цыркам 6 гадоў, а Эліна Сідлецкая і Каця Малахава — 4 гады. Ім ад 12 да 15-ці. Яны выступалі ў Польшчы і па ўсёй Украіне, і мараць у будучыні стаць вядомымі цыркавымі артысткамі.

Жанглёры, дзяўчаты з хулахупамі, эквілібрысты, ігра на вольнастаячых лесвіцах — усё было захапляльным, а вось лідэр вызначыўся адразу. Ім стала звышгібкая дзяўчынка з Арменіі Сона Шахназіран, якая здолела памясціцца ў невялікі па памерах шкляны куб з адкрываючымся верхам. Журы нават не сумнявалася, што яна заваюе вышэйшую ўзнагароду, гэта адразу стала ясна і для многіх гледачоў.

 

Алена САБАЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара