Аскепкі міфаў, водгулле гісторыі...

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

У Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” адбываецца выстава твораў двух сталічных мастакоў —- Мікалая Байрачнага і Юрыя Гудзіновіча. Называецца выстава “(Не)сучаснае мастацтва”. Экспануецца на ёй так званая кабінетная скульптура ў спалучэнні з узорамі халоднай зброі даўніх часоў. Адсюль і назва выставы. “Не сучаснае” — бо гэта зварот да побыту і ладу жыцця старасветчыны. “Сучаснае” — бо ва ўсе часы людзям уласціва атачаць сябе прыгожымі рэчамі, ад якіх ніякай практычнай карысці, але яны лашчаць вока, іх прыемна трымаць у руках. А яшчэ ёсць адвечная нязводная мужчынская цяга да зброі, роднасная сіле, якая нясе матылька на агонь.

/i/content/pi/cult/864/18339/21.jpgАбодва мастакі людзі сталыя і ў справе сваёй дасведчаныя. Маюць багаты творчы досвед. Мікалай Байрачны паводле адукацыі кераміст, і ў гэтай спецыялізацыі дасягнуў значных поспехаў. Можна нават казаць, што ён сцвердзіў у беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве новы для свайго часу напрамак: паводле матэрыялу кераміка, а формай і зместам — станковая скульптура. Ён працаваў на “Беларусьфільме” як мастак-пастаноўшчык анімацыйных фільмаў. А яшчэ спадар Мікалай вядомы як ілюстратар. Аздобленыя ім кнігі не залежваліся ў кнігарнях і ў букіністычныя крамы трапляюць рэдка.

Юрый Гудзіновіч, як і ягоны калега-сааўтар, скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі, але мае спецыялізацыю “мастацкая апрацоўка метала”. На той жа кафедры потым і выкладаў. З 1989 года цалкам засяродзіўся на творчасці.

Абодва мастакі належаць да творчай суполкі “Коўня”, якая аб’ядноўвае тых, хто з усіх матэрыялаў аддае перавагу металу. Работы мастакоў “Коўні” ўпрыгожваюць інтэр’еры Нацыянальнай бібліятэкі, Мінскай ратушы, шэрагу іншых грамадскіх будынкаў. Але, бадай, самы вядомы твор суполкі — узноўленая калекцыя халоднай зброі Мірскага замка. Рабавалі замак прыхадні, як вядома, не аднойчы. Вось і давялося ўзнаўляць страчанае ад нуля па апісаннях і нешматлікіх выявах, давяраючы сваёй творчай інтуіцыі і свайму ўласнаму разуменню культуры Сярэднявечча.

Гэтыя майстры могуць зрабіць усё — ад ювелірных упрыгожванняў да манументальна-дэкаратыўнай аздобы. Але кожны мае любімую тэму і канкрэтную справу. Юрый найперш майстар-збройнік. Мікалай засяроджаны на камернай бронзавай пластыцы. У гэтым праекце іх таленты дапаўняюць адзін аднаго.

/i/content/pi/cult/864/18339/22.jpgЭкспазіцыя складаецца з пяці кампазіцый. Тут у наяўнасці вобразы, што ўвасабляюць прыродныя стыхіі і чалавечыя жарсці. І як слушна згадана ў артыкуле да каталога выставы, “тут сярод аскепкаў міфаў блукае водгулле існай гісторыі”. Не будзе перабольшаннем назваць гэтыя кампазіцыі шэдэўрамі. Яны маглі б упрыгожыць які заўгодна музей. Але, на жаль, сярод дзяржаўных збораў пакуль не знайшлося патэнцыяльных уладальнікаў. Пры тым, што аўтары, разумеючы праблемы дзяржаўнага фінансававання культуры, не сталі б замаўляць для сваіх твораў завоблачную цану.

Мне даводзілася трымаць у руках зброю, выкаваную мастакамі “Коўні”, і нават прымяраць на сябе рыштунак “крылатага” гусара Рэчы Паспалітай, зроблены спадаром Юрыем. Бярэш у руку шпагу, дакладную копію той, што была ў XVII стагоддзі, а адчуваеш, што рускамоўны выраз “быть при шпаге” мае сэнс літаральны. Шпага — суб’ект. Яна — галоўная. А ты пры ёй толькі знаходзішся. Не кожны, хто “при шпаге”, шляхта. Каб адпавядаць гэтай высакароднай зброі, трэба мець кодэкс гонару і кодэксу гэтага па жыцці трымацца. Я гэта пра тое, што зробленае мастакамі “Коўні” мае мыстычннае начынне.

/i/content/pi/cult/864/18339/23.jpgКожны раз, калі я даведваюся, што той ці іншы твор мастакоў “Коўні” набыты прыватным калекцыянерам, звычайна замежнікам, я радуюся, што іх талент мае прызнанне, ды і прыбытак сякі-такі прыносіць — прынамсі, часткова выдаткі перакрывае, але, як той казаў, “за дзяржаву крыўдна”. За тое, паўтаруся, што рэчы музейнага кшталту не трапляюць у нашы музейныя зборы. Нашы музеі зведалі вялікія спусташэнні. Вельмі мала ў іхніх экспазіцыях і фондах каштоўнай аўтэнтыкі. Дык вось сучасныя мастацкія рэчы, што вобразна аднаўляюць мінулыя эпохі, маглі б кампенсаваць у нашай рэчаіснасці і свядомасці гэтыя страты.

Спадары Мікалай і Юрый, іншыя сябры згаданай суполкі, нават робячы дакладныя копіі гістарычных артэфактаў, не столькі рэчы ўзнаўляюць, як вяртаюць у наш час добра падзабытую мінуўшчыну. А без мінулага не бывае будучыні. Тое ж, нават у большай ступені, датычыць і аўтарскіх кампазіцый, зробленых “па матывах” падзей і з’яў. Гэта акалічнасць робіць іх “несучаснае” мастацтва надзвычай запатрабаваным у сучаснасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"