Аладкі з кабачка

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Навошта патрэбны пісьменнікі, калі ўжо былі Аляксандр Пушкін і Максім Багдановіч, Васіль Быкаў ды Іосіф Бродскі? Патрэбны! Няспынны і натуральны працэс творчага самавыяўлення. І кожны век дае цудоўныя прыклады пераходу колькасці ў якасць. Мастацтва пачынаецца там, дзе заканчваюцца засмучэнне і абыякавасць. Не, смутак можа прысутнічаць, але паводле класіка ён павінен быць светлым. І тады вершы вырастаюць са “смецця”, героі прозы перастаюць слухацца аўтара, а фарбы ды ноты кладуцца так, што музыка набывае адлюстраванне, а жывапіснае палатно — незямное гучанне. Галоўны вораг мастацтва — шэрая банальнасць кшталту рыфмаў графамана: “розы — марозы”, “слёзы — бярозы”. Сапраўдны творца мае здольнасць бачыць і чуць. Я не паспеў узяць вялікае інтэрв’ю ў свайго суседа і непераўзыдзенага аўтара жывапіснай графікі Валерыя Шкарубы. Але добра памятаю ягоны ўспамін пра першае дзіцячае здзіўленне, што выклікаў нейкі заезджы мастак. Яго не хвалявалі прыгожыя вясковыя пейзажы, а зацікавіў звычайны касцёр дроў ля падворка. Мастак пабачыў нешта адмысловае, нешта знакавае для сябе, што і нараджае са “смецця” твор. Я перакананы, што без гэтага дару няма і работніка культуры. Шырспажыў бачаць усе, парасткі мастацтва — толькі абраныя.

/i/content/pi/cult/864/18331/10.jpg“Сваімі рухамі ён малюе карціну свету!” — кажа знаёмы харэограф пра таленавітага вучня. Пафасна? Не, узнёсла! Без гэтага пачуцця няма любові да сцэны. Трэба навучыцца чуць яе ў спеве ранішняй птушкі, бачыць у імклівай плыні ляснога ручая, адчуваць у спрацаваных хлебаробскіх руках. Звычайны чалавек можа прайсці міма. А спецыяльна навучаны затрымае, патлумачыць, незаўважна прымусіць пайсці разам. Так шырыцца прастора культуры. Звычайны вясковец пафарбаваў ва ўсе колеры хату. А вось гэты запісаўся ў хор. А тая, нягледзячы на ўзрост, пачала вучыцца ткаць. Суседскі хлопец-старшакласнік зарыфмаваў “поедом” і “поездом”. Дай Бог яму і тым, хто прывучае людзей да добрай літаратуры. Свет мяняецца ў лепшы бок. Мой колішні аднакласнік зачытваўся Жулем Вернам, спрабаваў “рэалізаваць” усе ягоныя хімічныя “рэцэпты”. Амаль усё наўкола гарэла. Сябра здолеў знайсці ўсе аўтарскія памылкі і непрыкметна стаў вельмі неблагім хімікам. Прыклады чарадзейнай сілы мастацтва можна доўжыць бясконца. На шчасце, сустракаюцца яны і ў вашых лістах.

Вёска Фарынава Полацкага раёна адзначыла залаты юбілей. “Свята пераўтварылася больш чым у 10-гадзінны марафон цёплых усмешак, любімых песень і танцаў, — піша рэдактар Полацкага раённага цэнтра культуры Кацярына Паўловіч. — Былі згаданы ў першую чаргу старажылы, юбіляры, ганаровыя жыхары вёскі. Выступілі самадзейныя калектывы Фарынаўскага і Багатырскага дамоў культуры. Асабліва прывабным стаў парад-конкурс “Нявеста Фарынава”. Тытул лепшай з сямі прыгажунь заваявала Крысціна Клепацкая”.

Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору, якое бытуе на тэрыторыі Лепельскага раёна, прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Надзея Уліновіч. “Ткацтва такіх посцілак, — тлумачыць яна, — вядома на Лепельшчыне з пазамінулага стагоддзя пад мясцовай назвай “адзіялы накладныя”. Асаблівасць дадзенага віду ткацтва — накладанне рознакаляровага арнаменту на льняное палатно чорнага колеру. Народнаму майстру з Лепельскага цэнтра рамёстваў Святлане Залатуха няма тут роўных. А пераняла яна тэхніку ў роднай цёткі Кацярыны Смажэўскай. Валодае Святлана Мікалаеўна і іншымі відамі ткацтва: браным, чатырохнітовым, ажурным, падвойным. Майстэрства перадае вучням, сярод якіх — дочкі Алеся і Марыя”. Астаецца дадаць, што база для гэтага — цудоўная. У Лепельскім цэнтры рамёстваў — 9 ткацкіх станкоў. А ўсяго ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь уключаны 19 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці.

Клёва было днямі ў Слонімскім раёне. У аграгарадку Дзераўная правялі свята рыбака. Не абышлося, натуральна, без русалкі. Можна было прыдбаць сувенір, пакаштаваць юшкі і паспрабаваць сілы ў рыбалоўным мастацтве.

На Слонімшчыне ўпершыню прайшло свята аграгарадкоў Новадзеваткавіцкага сельскага савета. Паяднала ўсіх інтэрактыўная праграма “Гісторыя роднага краю”.

Сапраўдны бібліятэкар — заўжды даследчык. 10 жніўня ў Гродзенскім райвыканкаме ўшанавалі бібліятэкараў раёна і работнікаў інфармацыйна-бібліятэчнага адзела раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра за ўдзел у напісанні другога тома кнігі “Галасы дзяцей вайны”. Бібліятэкар Гожскай сельскай бібліятэкі Алена Сыантовіч падрыхтавала ўспаміны 82-гадовай Святланы Лапуста. Святлана Судак з Квасоўкі напісала пра Віктара Чэрнікава. У гэтай пачэснай справе бралі ўдзел Інэса Васілевіч з Азёрскай сельскай бібліятэкі, Вольга Зайцава — работнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела, намеснік дырэктара па бібліятэчнай справе Святлана Гарбачык.

У Гродзенскім раёне на драбязу не разменьваюцца. На Аўгустоўскім канале прайшло свята мора. На шлюзе Дамброўка і ў яго наваколлі наведвальнікі былі ўцягнуты ў лік чытачоў на пляцоўцы “Літаратурны заліў”. Адказвалі за мерапрыемства і надавалі яму марскі кантэкст Святлана Судак з Квасаўскай І Тамара Гедройць з Абухаўскай сельскіх бібліятэк.

А ў Ваўкавыскім раёне адзначалі Дзень будаўніка. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі Вольга Шалястовіч піша: “Асноўныя падзеі адбыліся ў пасёлку Краснапольскі, дзе свята адзначыла ААТ “Краснасельсбудматэрыялы”. Падключылася да справы і райбібліятэка. Дзейнічалі майстэрня “Умелыя рукі”, гульнявая пляцоўка “Вясёлая будоўля” і фотазона”.

Яшчэ адна навіна з Ваўкавышчыны. Усё тая ж Вольга Шалястовіч распавядае пра абласны сацыяльна-дабрачынны злёт праваслаўнай моладзі, што сабраў на аграсядзібе “Селяхі” людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Супрацоўнікі райбібліятэкі адказвалі за працу кніжна-інтэрактыўнай пляцоўкі “Свет праваслаўнай кнігі” з летняй чытальнай залай.

Дзень экалагічнай кнігі прайшоў у Малабераставіцкай бібліятэцы Бераставіцкага раёна. У падборцы выданняў, што карысталіся павышаным попытам, былі сабраны кнігі “пра прыроду і пагоду”.

Навіна са Свіслацкага раёна. Загадчык Ханявіцкага сельскага клуба Алена Пісар распавядае: “7 жніўня пры фінансавай падтрымцы дырэкцыі і прафсаюзнага камітэта ААТ “Ханявічы” мы правялі свята вёскі Лаўрынавічы. Свята называлася “Зямля, дзе пачаўся наш лёс!”. Адкуль толькі не прыехалі госці-землякі.”

Наталля Шэўчык з Мастоўскага раёна піша. “Шкада, што праз словы і фотаздымкі нельга перадаць пах і смак страў, што лунненскія гаспадыні прыгатавалі да свята, — распавядае яна. — Пятае па ліку мерапрыемства паспела набыць статус брэндавага. Чым здзівіла яно на гэты раз? Ала Матчэня прыгатавала кабачковыя аладкі з сырам і вяндлінай. Здзівіла і Ганна Шумель — аўтарка канапэ па-беларуску. Алена Грыб у чарговы раз парадавала фірмовымі блінцамі. А Алена Дзяшук частавала непаўторнымі марынадамі… Выступілі народны гурт народнай песні “Ярыца” Мастоўскага раённага цэнтра культуры, а таксама — калектывы аматарскага мастацтва з Дубна і Глядавіч”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"