Адна з самых інтэлектуальных

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Вядома, кожная з намінацый Дэльфійскіх гульняў мае свае асаблівасці. Але адной з самых інтэлектуальных і навацыйных лічыцца “Web-дызайн”.

“Мне не вядома, якім чынам спаборніцтвы ў сферы web-тэхналогій былі ўключаны ў праграму, але намінацыя існавала з самага пачатку аднаўлення традыцый Дэльфійскіх гульняў”, — кажа старшыня журы намінацыі, дэкан факультэта дызайна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Крысціна Стрыкілева. “З аднаго боку, гэта выдатна, — дадае эксперт ,— што наша моладзь працуе і спаборнічае ў традыцыйных відах мастацтваў, якія дайшлі да нас з часоў Антычнасці, Старажытнай Грэцыі. Але цалкам натуральна і тое, што ў ХХІ стагоддзе мы ўступаем з новымі намінацыямі, якія звязаны з сучаснымі тэхналогіямі.”

Удзельнікам web-спаборніцтва па ўмовах конкурсу трэба за паўтара дня зрабіць сайт аб’ёмам не болей за 2 мегабайты. Як падкрэслівае журы, у працы ўвага будзе звяртацца на арыгінальнасць у задумцы, мастацкасць увасаблення ідэі і, безумоўна, камфорт, зручнасць навігацыі па серверы.

Усе пастаўленыя задачы падаюцца магчымымі, тым не менш, шасцёра прэтэндэнтаў на залаты медаль — тры беларусы, расіянка, малдаванін, азербайджанец — ставяцца да іх увасаблення вельмі адказна, з хваляваннем і азартам, як і належыць удзельнікам Дэльфійскіх гульняў. Шляхам галасавання канкурсантамі была абрана тэма “Мы — дзеці адной планеты”, бачанне якой яны і павінны прадэманстраваць сродкамі IT-тэхналогій.

— Я запланаваў паказаць на сваёй старонцы зямны шар, — распавядае Алі Ісмаеў з Азербайджана, — запланаваў зрабіць тры раздзелы: Еўразія, Амерыка і Аўстралія. У плане дызайну хацелася б зрабіць штосьці кшталту рознакаляровага дывана.

Алі вучыцца на другім курсе Бакінскага дзяржаўнага універсітэта на факультэце прыкладной матэматыкі, і прызнаецца, што ў далейшым бачыць свой лёс звязаным менавіта з web-праграміраваннем.

— А як вырашылі ўдзельнічаць у Дэльфійскіх гульнях?

— Спалучаю вучобу ва універсітэце з працай у web-кампаніі. Але бадай толькі на мерапрыемствах кшталту Дэльфійскіх гульняў я магу тварыць без абмежаванняў. Тым больш прыемна, што журы мусіць ацэньваць гэты бок працы як асноўны.

У Мінску Алі ўпершыню, і, па яго словах, сталіца Беларусі падалася яму вельмі гасцінным горадам. “Канешне, тут у вас халоднае надвор’е, — кажа юнак, — але людзі вельмі прыязныя і спагадлівыя, кампенсуюць нястачу ў цеплыні.”

Па словах Крысціны Стрыкілевай, задача перад журы стаіць вельмі няпростая. На ІІ Міжнародных Дэльфійскіх гульнях у Малдове “золата” ў гэтай намінацыі было прысуджана земляку Алі — канкурсанту з Азербайджана. У сёлетнім спаборніцтве прымае ўдзел і бронзавы прызёр Дэльфійскіх гульняў у Расіі Кацярына Баніна. “Спаборніцтва атрымліваецца вельмі сур’ёзнае, — падкрэслівае старшыня журы, — але, нягледзячы на тое, што хваляванняў дастаткова, судзіць будзем аб’ектыўна. Так, “хварэем” за нашых, але толькі і ўсяго”.


Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ