Першая чвэрць

№ 34 (1525) 21.08.2021 - 28.08.2021 г

Часам вельмі шкадую, што наша газета мае толькі 16 палос і выходзіць раз на тыдзень. Праз дэфіцыт плошчы шэраг культурніцкіх падзей, якія добра кампанаваліся б разам, даводзіцца разносіць па розных нумарах. Прыкладам, інфармацыя пра сумесную выставу мастакоў-керамістаў Валерыя і Максіма Калтыгіных, што нядаўна працавала ў Мінску, вельмі пасавала б пазамінуламу нумару “К”, дзе распавядалася пра пленэр “Арт-Жыжаль”. Бо спадар Валерый — стваральнік і нязменны кіраўнік “Арт-Жыжалю”. А частку клопату, які раней быў выключнай справай старэйшага Калтыгіна, апошнім часам бярэ на сябе Максім.

/i/content/pi/cult/864/18328/6.jpgВыстава першая ў шэрагу запланаваных мастацкіх імпрэз, якія мусяць распавесці пра чалавека і прыроду, пра дысананс і гармонію, пра тое, што мы страчваем і набываем праз развіццё тэхналогій і маральныя трансфармацыі. Праект мае назву “Чатыры чвэрці”, а выстава ўдакладненне — “Чатыры чвэрці. Расліны”. Потым будзе пра жывёл, потым — пра чалавека, і нарэшце — пра грамаду, пра чалавечую супольнасць, якая ёсць суб’ектам Космасу, Сусвету і ўсяго таго, што мы называем словам “Абсалют”.

Спадар Валерый лічыць, што хоць у сем’ях, дзе бацькі маюць творчыя спецыяльнасці, дзеці часта ідуць пратоптанай дарогай, маючы кропкай адліку бацькоўскі досвед, творчасць ягонага сына — цалкам самастойная і самадастатковая з’ява. Бо ні характарам, ні асаблівасцямі мастакоўскага мыслення і разумення выразных магчымасцяў керамікі бацька і сын не падобныя. Гэта асабліва адчуваецца, калі яны працуюць у блізкіх тэмах з падобным сюжэтным шэрагам.

/i/content/pi/cult/864/18328/5.jpgКераміка паводле вобразнага ладу, асаблівасцяў інструментарыя і тэхналогіі зыходна была і застаецца справай, якая патрабуе ад мастака творчай дысцыпліны. Тое, што мы бачым на выставе — гэта супраца чалавека з Агнём, Вадою і Зямлёю. Прычым, менавіта супраца, а не падпарадкаванне стыхій волі творцы. Дасведчаныя людзі разумеюць, што прыродай не надта пакамандуеш! Здольнасць адчуваць прыродны матэрыял і знаходзіць гармонію зместу і формы — вызначальныя ў творчасці спадароў Валерыя і Максіма. Стыль, почырк у кожнага свой, але базавыя каштоўнасці — адзіныя.

З гэтай выставы я вынес думку, што захаванне лапіка травы пасярод асфальту для чалавечай душы магчыма больш важная справа, чым упрыгожванне горада чарговым хмарачосам.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"