Музыка паэзіі і болю

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

5 жніўня ў доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Дадзіёмавай, якая нядаўна атрымала званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, быў дзень народзінаў. Імянінніца сама падрыхтавала да яго падарунак — усім нам: літаральна месяц таму выйшла з друку яе чарговая кніга. На гэты раз не па гісторыі беларускай музыкі, як усе прызвычаіліся, а… зборнік вершаў. Яго назва — “Жыццё па-за мяжой болю” — адлюстроўвае той складаны стан, у якім знаходзіцца навукоўца апошнім часам, мужна змагаючыся з цяжкім захворваннем, што прыкавала яе да ложка.

/i/content/pi/cult/863/18325/026.jpgГэта далёка не адзіная яе публікацыя, ажыццёўленая пасля страшнага лекарскага прысуду. Паралізаваная, некаторы час яна працавала за камп’ютарам, з гумарам пахваляючыся, што адна рука і адно вока ў яе ўсё ж працуюць. Калі знікла і гэта магчымасць, надыктоўвала тэксты сваім былым вучням — Наталлі Капыцько, Вользе Царык. Яе паэзія спярша вандравала сярод калег, сяброў, знаёмых. Менавіта ў іх і ўзнікла прапанова пашырыць кола чытачоў — праз кніжнае выданне.

Між тым згаданы зборнік, што выйшаў у выдавецтве “Каўчэг” і складаецца больш як з паўтары сотні старонак, утрымлівае далёка не ўсе створаныя ёй вершы. Тыя, што ўвайшлі ў кнігу, знітаваныя вакол адной тэмы — жыцця і смерці. Гэта тэма мае самыя розныя павароты. Яна звернута не толькі да мірнага жыцця, але і да вайны. А галоўнае — да людзей: нябожчыкам дорацца прысвячэнні-ўспаміны, нашчадкам — запаветы. А над усім пануе боль — не проста як часовы стан, а як самастойная дзеючая асоба, крыніца не толькі нясцерпных пакутаў, але і… натхнення, гумару, ажно да сарказму. Невыпадкова аўтарка вядзе з болем нават дыялогі, рыфмуючы яго са сваім іменем: Воль і боль. Рускамоўная паэзія суседнічае з беларускамоўнай, іх сумесь прысутнічае нават унутры вершаў, дзе радкі і асобныя словы з розных моў чаргуюцца наўмысна. Дадзіёмава ўпэўнена: “у Беларусі будзе мова ратункам ад навету злога”.

Ды ўсё ж галоўнае, што чытаецца ў кожным радку, кожнай літары, — заклік жыць і любіць, не марнуючы адведзены кожнаму час на штодзённую мітусню, непатрэбныя дробязі, сваркі — усё тое мінушчае, што блякне перад вечнымі духоўнымі каштоўнасцямі.

Што ж да гісторыі музыкі, дык распрацоўкі Дадзіёмавай у гэтай галіне працягваюцца. Толькі замест лакальных тэм, скіраваных на асобныя творы, імёны, мастацкія эпохі, на першы план выходзяць шырокія ды глыбокія філасофскія абагульненні. Навуковыя артыкулы Вольгі Уладзіміраўны агучваюцца на міжнародных канферэнцыях, друкуюцца ў адпаведных зборніках ды іншых выданнях. Рыхтуецца і чарговая кніга. Бо рукапісы не гараць — хіба палаюць маланкамі думак.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"