Лета — час збіраць зёлкі

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту правёў мерапрыемства “Цуды беларускага расліннага свету”.

/i/content/pi/cult/863/18321/021.jpgУ разгар лета лугі на тэрыторыі музея-запаведніка буяюць кветкамі. Гэта сталася добрай нагодай, каб распавесці наведвальнікам пра месца раслін у побыце і культуры сялян напрыканцы XIX стагоддзя.

Да зяляркі ў госці

На той час у вёсках не было дактароў, аптэк ды бальніц — іх замянялі зяляркі, або траўніцы. Гэтыя жанчыны былі ў асабліва блізкіх стасунках з прыродай, нават маглі шчыра казаць “даруй” сарванай кветцы. У народзе іх лічылі чараўніцамі.

Малодшы навуковы супрацоўнік музея Сяргей Ермаловіч запрасіў усіх ахвочых да цудаў у хату да такой зяляркі (Алеся Зінкевіч). Яна паказала гасцям свае травяныя зборы, назвала лекавыя расліны па-беларуску і патлумачыла, як іх ужывалі.

З асаблівай павагай просты люд ставіўся да пякучкі-крапівы, уяўляючы яе ахоўніцай ад нячысцікаў. Напярэдадні Купалля сушаныя крапіўныя пучкі падвешвалі над уваходам у хату. Увесну вітамінны боршч з маладой крапівы ратаваў беднату ад голаду. Зверабой, ці святаяннік, лічыўся вельмі моцным сродкам ад 99-ці хвароб. У сучаснай жа медыцыне ён паказаў асаблівую эфектыўнасць пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту. Тысячаліснік, або крываўнік, яшчэ Аляксандр Македонскі раіў сваім ваярам для лячэння ран. Здаўна ведалі пра яго карысныя ўласцівасці і на нашых землях. Захавалася сведчанне адной знахаркі: “Прыехаў да нас з горада хлапец і так моцна параніў руку, што дактары казалі, быццам рана будзе зацягвацца не адзін месяц. А я зварыла мазь з крываўніку і дала яму прыкладваць. Дык рука загаілася за некалькі тыдняў, ажно тыя дактары вельмі здзівіліся”. У рэцэптуры траўніц былі чабор, мята, падтыннік (чыстацел), пустырнік, палын і нават канюшына. Кнотам з ядлоўцу акурвалі памяшканне і двор супраць усякай пошасці.

Каб не атруціцца

Ад зяляркі ўдзельнікі гэтай займальнай экскурсіі накіраваліся ў вясковую школу, дзе прыезджы батанік (Алег Аксючыц) прачытаў лекцыю пра атрутныя расліны ды паказаў іх у гербарыі. Блёкат чорны, вароніна вока, баршчэўнік — гэтыя віды кожнаму варта ўмець распазнаваць дзеля ўласнай бяспекі. Нават ландыш, у народзе празваны “сабачым языком”, цалкам таксічны, і трэба засцерагацца, каб ваду, у якой стаяў майскі букецік ландышаў, выпадкова не глынулі хатнія жывёлы. Ну а самая атрутная расліна ў нашай флоры — цыкута.

Асаблівае, нават сакральнае месца ў жыцці беларусаў займаў лён. Сеялі яго толькі мужчыны, але апрацоўвалі жанчыны. Экскурсанты ўбачылі выставу прылад працы льнаводства. Навуковы супрацоўнік музея Яна Патапенка ў вобразе гаспадыні-рукадзельніцы патлумачыла, як выкарыстоўваліся церніца, біла, дранікі, прасніца, матавіла, верацяно ды іншыя інструменты. І паказала, як ткаць на кроснах. Для афарбоўкі льняных нітак ці тканін гатаваліся настоі ягад, лісця і кары дрэў. Цікавая дэталь: каб зрабіць фарбы трывалымі, матэрыял апускалі ў жлукту (старадаўні аналаг пральнай машыны) і залівалі… квасам.

Да якой дзеўкі можна сватацца

Прасці і ткаць дзяўчаты збіраліся разам на вячоркі, а каб было не сумна, запрашалі хлопцаў. Часам хтосьці з іх гарэзіў, напрыклад падпальваў кудзелю. Калі дзяўчына злавалася і крычала на віноўніка, той рабіў выснову, што з яе выйдзе сварлівая жонка. А калі адказвала жартам — значыць, у яе лёгкі характар, да такой дзеўкі можна і сватацца.

Выкарыстанне лёну было практычна безадходным. Кастрыцу закладвалі як уцяпляльнік у шчыліны паміж бярвеннямі. Зрэб’е — недабраякаснае валакно — скручвалі і давалі малым дзяўчаткам, каб вучыліся прасці. З насення выціскалі алей, які шырока ўжываўся ў народнай медыцыне.

Завяршылася раслінаведчая імпрэза квэстам. Сяргей Ермаловіч даў гульцам заданне: знайсці і сабраць у музейным сектары “Паазер’е” па 8 пэўных лекавых раслін. Найхутчэй справілася каманда “Маляванка”. Пераможцы атрымалі прызы — флакончыкі з духмянымі зёлкамі — і зрабілі сабе на памяць паштоўкі з сушанымі кветкамі ды сімваламі музея.

Святлана ІШЧАНКА.

Фота аўтара.