Дэльфійскае рэха ў цэнтры мастацкага свету

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудуцца ўрачыстая цырымонія закрыцця і гала-канцэрт пераможцаў V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД. Але пераможцамі гэтага спаборніцтва сталі не толькі ўладальнікі залатых, срэбраных, бронзавых медалёў і дыпломаў, але і ўсе мы. Бо сталі сведкамі садружнасці народаў і цудоўнага свята мастацтваў, якое сабрала амаль 600 удзельнікаў з 11 краін.

Крыху гісторыі і міфаў
Паводле старажытнагрэчаскіх міфаў, Дэльфы сімвалізуюць сабой цэнтр свету. Менавіта тут нарадзіўся Апалон — бог сонечнага святла і апякун мастацтваў. У гонар яго перамогі над змеем Піфонам сталі праводзіцца Піфійскія (пазней — Дэльфійскія) гульні, датай нараджэння якіх лічыцца 582 год да нашай эры. Спачатку спаборнічалі паэты і музыканты, але ўжо праз чатыры гады да іх далучыліся спартсмены. Другім вітком дэльфійскага руху стаў адпаведны фестываль, які праходзіў у Грэцыі ў 1927 — 1930 гг. і ставіў за мэту адрадзіць традыцыі Антычнасці. Так што цяперашняя спроба наладзіць рэгулярнае правядзенне такога форуму мастацтваў — трэцяя. А як вядома, у казках і іншых скарбніцах народнай мудрасці менавіта на трэці раз усё і збываецца. Пераканацца ў гэтым няцяжка.Сёння Дэльфійскія гульні ахопліваюць многія краіны свету і маюць розны статусад сусветнага да рэгіянальнага. Літаральна некалькі дзён таму ў Саратаве завяршыліся Другія Сусветныя Дэльфійскія гульні, якія сабралі прадстаўнікоў 61 краіны (Першыя Сусветныя праходзілі ў Маскве ў 2000 г. пры ўдзеле 27 краін). Цяперашнія Гульні ў Мінску ахопліваюць прастору Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Да таго ж, гэтыя гульніюбілейныя, пятыя. Беларусь прымае эстафету ад Расіі (Бранск, 2002), Малдовы (Кішынёў, 2004), Украіны (Кіеў, 2005) і Казахстана (Астана, 2006).С
таронка
мастацкай арыфметыкі
Адметнасцю гэтых спаборніцтваў становіцца тое, што яны абядноўваюць розныя віды мастацтваў. У свой час былі распрацаваны 42 намінацыі, у Мінску ж конкурсы праводзяцца па 17-ці з іх: фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль, труба, баян/акардэон, цымбалы, акадэмічныя, народныя, эстрадныя спевы, народны, сучасны танец, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, фатаграфія, цырк на сцэне, дзі-джэй, веб-дызайн.

Амаль усе намінацыі маюць па дзве ўзроставыя групы. Прычым верхняя ўзроставая планка на гэтых конкурсах значна ніжэйшая, чым на іншых міжнародных спаборніцтвах: 21 год (у спевах — 25) замест звычайных 30 — 35-ці. І гэта прытым, што ніжняя планка старэйшай групы такая ж, як заўсёды, — 16 гадоў. Сапраўды, гэтыя Дэльфійскія гульні— маладзёжныя. І такое ўзроставае абмежаванне дапамагае ярчэй раскрыццаменавіта пачаткоўцам, якія яшчэ толькі назапашваюць свой конкурсны вопыт.

Яшчэ адной адметнасцю Дэльфійскіх гульняў (у прыватнасці, у спаборніцтвах музыкантаў-выканаўцаў) з’яўляецца, на нашу думку, іх “спрынтавасць”. У адрозненне ад іншых міжнародных конкурсаў, якія патрабуюць ад удзельнікаў не толькі таленту, але і, найперш, вынослівасці, бо праходзяць у два-тры туры, тут усё вырашаецца вельмі хутка: канкурсанты дэманструюць сваё майстэрства на працягу 10 — 20 хвілін, і журы аб’яўляе вынікі адразу пасля завяршэння праглядаў у кожнай з намінацый.

“Штабісты”

Штаб Дэльфійскіх гульняў краін СНД, што праходзяць у Мінску,— паняцце невымернае. Галоўны штаб змяшчаецца, вядома ж, у гатэлі “Беларусь”, дзе паселены канкурсанты. Члены журы — літаральна насупраць, у гасцініцы “Юбілейная”. Каб трапіць да іх, трэба ўсяго толькі “рэчку пераплыць” ды “дарогу перайсці” — чым не сімвалічны шлях ад пачаткоўца да майстра? Але “філіялы” штабных падраздзяленняў ёсць таксама ва ўсіх установах культуры, дзе праводзяцца спаборніцтвы.

Хто дзяжурыць у тых штабах? Выкладчыкі, студэнты, супрацоўнікі. Ды ўсё ж асноўны цяжар “штабной працы” лёг на плечы Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Начальнік штаба — сам рэктар БДУКіМ Барыс Святлоў. Адных толькі валанцёраў — 150 чалавек. Таму “гасцінная сустрэча” пачынаецца літаральна ад дзвярэй гатэля. Не паспеўшы ўвайсці ў яго, адчуваеш сябе ледзь не членам каралеўскай сям’і. Хлопцы і дзяўчаты ў фірменных футболках з эмблемай Дэльфійскіх гульняў урачыста праводзяць кожнага ўдзельніка і госця непасрэдна ў штаб — чым не святочны эскорт?

Без праблем, вядома, не бывае. Галоўнае — каб яны вырашаліся. Я сама стала сведкай таго, як у спісах адной з дэлегацый, дасланых у гатэль, выпадкова “згубілася” прозвішча выкладчыка, які прыехаў на Гульні са сваім 10-гадовым вучнем. Вядома, першай рэакцыяй прыезджых былі разгубленасць, нерваванне. Убачыўшы ў маёй асобе “прадстаўніка СМІ”, пачалі дзяліцца сваёй бядой. Але нават не паспелі распавесці гісторыю да канца: пытанне аб засяленні было вырашана на іх карысць.

У святле пражэктараў

На прэс-канферэнцыі, што адбывалася за паўтары гадзіны да ўрачыстага адкрыцця V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД, быў аншлаг. Інфармацыяй і сваімі думкамі з журналістамі дзяліліся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, дырэктар Міжнароднага Дэльфійскага камітэта, каардынатар па падрыхтоўцы і правядзенні Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД Уладзімір Панявін, першы намеснік старшыні выканаўчага камітэта СНД Уладзімір Гаркун, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш, старшыня Праўлення Беларускага Дэльфійскага камітэта Дзям’ян Лескін.

Было сказана шмат слоў удзячнасці на адрас арганізатараў, асабістая падзяка была выказана і непасрэдна міністру культуры краіны Уладзіміру Матвейчуку. Як падкрэсліў першы намеснік старшыні выканкама СНД Уладзімір Гаркун, цяперашнія Дэльфійскія гульні — гэта сур’ёзны фактар гуманітарнага супрацоўніцтва. У Душанбэ толькі што завяршыўся III Форум творчай інтэлігенцыі краін СНД, у Бішкеку — нарада прадстаўнікоў СНД па навуцы і тэхніцы. Гуманітарнае супрацоўніцтва цяжка вымераць у грашовых адзінках, але значэнне яго — вялізнае. Летась была распрацавана канцэпцыя далейшага развіцця СНД, і гуманітарнае супрацоўніцтва было вызначана адным з найважнейшых, прыярытэтных кірункаў.

Дырэктар Міжнароднага Дэльфійскага камітэта Уладзімір Панявін звярнуў увагу прысутных на тое, што адна з задач Дэльфійскіх гульняў — выхаванне ў моладзі патрыятызму, гонару за сваю краіну. Адпаведна з гэтым, дарэчы, былі выбраны і тэматыка многіх конкурсных спаборніцтваў, і экскурсійная праграма для ўдзельнікаў. Госці змаглі наведаць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Нацыянальны мастацкі музей нашай краіны, а таксама пазнаёміцца з іншымі цікавосткамі сталіцы.
Адкрыццё: Гульняў, Мінска, талентаў, сябе

Урачыстае адкрыццё V Маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД адбывалася на галоўнай сцэне нашай краіны — у Палацы Рэспублікі. У ім былі і афіцыйныя прывітанні (найперш — ад Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі), і сімвалічнае“шэсце” краін-удзельніц, выявы сцягаў якіх выносілі артысты ў беларускіх народных строях, і запальванне сімвалічнага “агню” Дэльфійскіх гульняў, і лазернае шоу ў якасці пралога, і, вядома, святочны канцэрт, які з’яднаў розныя віды, жанры, напрамкі мастацтваў.

У канцэрце, паводле слоў міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Матвейчука, удзельнічала тры тысячы чалавек. Адметным стала выступленне ўладальніцы двух залатых медалёў Дэльфійскіх гульняў (краін СНД і Сусветных) Святланы Барэйка (гл. “К” № 42 за 2008 г.). Яшчэ адной кульмінацыяй свята стаў своеасаблівы “парад” лаўрэатаў і ўладальнікаў Гран-пры спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І гэта не дзіва, бо мінулыя Дэльфійскія гульні прынеслі нашай краіне ажно 70 перамог, а лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта сталі за гады яго існавання паўтары тысячы маладых талентаў.

Але ж лепей хай падзеляцца сваімі ўражаннямі нашы госці. Дарэчы, многія з іх прыйшлі на свята адкрыцця Дэльфійскіх гульняў у нацыянальных строях, са сваімі сцягамі.

А пасля канцэрта цэлымі дэлегацыямі фатаграфаваліся на фоне нашага сцяга.

Айзада Маматаіпава, кіраўнік дэлегацыі Кыргызстана:

— Дэлегацыя нашай краіны не самая вялікая — 39 чалавек. Але мы не адчуваем тут сябе чужымі: нас адразу прынялі вельмі цёпла, паўсюль бачым толькі добразычлівасць, гасціннасць. І нам прыемна знаходзіцца ў вашай цудоўнай краіне, мы адчуваем сябе, як дома. Вельмі ўразіў нас гала-канцэрт адкрыцця. У вас столькі талентаў! І Дэльфійскія гульні пакліканы яшчэ больш спрыяць росквіту культур кожнага народа і нашаму сяброўству.

Вікторыя Снегур, кіраўнік дэлегацыі Украіны:

— У нашай дэлегацыі 50 чалавек. І, скажу шчыра, мы прыехалі сюды, каб увезці ўсё “золата”! Сапраўды, нашы ўдзельнікі настроены вельмі рашуча: на перамогу і толькі на перамогу! Але пераможаных на Дэльфійскіх гульнях не бывае, бо ў выйгрышы аказваюцца ўсе.

Мы ўражаны тым, як нас прынялі, які прыгожы ў вас горад, як многа ў ім некранутай прыроды. Мы ехалі “з дажджоў” — і прыехалі “ў сонейка”. Першым жаданнем было — прайсціся па парку ля гатэля і пашамацець залатым лісцем. У нашым тэхнагенным і ўрбанізаваным Кіеве кавалак жывой прыроды ў цэнтры горада — вялікая рэдкасць.

Раптам чую побач грузінскую мову, што чаргуецца з сакавітымі нацыянальнымі спевамі.

— Мы — дэлегацыя Грузіі! — з гонарам кажуць мне хлопцы і дзяўчаты. — Нам вельмі ў вас падабаецца! Усё супер! Мы ўжо паспелі палюбіць Мінск, ён вельмі прыгожы, утульны горад. І нам адразу захацелася прыехаць да вас яшчэ.

Настасся Кушнір (Малдова):

— Ад Малдовы да Беларусі — дарога няблізкая. Мы вельмі стаміліся пад час пераезду, але прыехалі— і настрой адразу ўзняўся, бо прынялі нас вельмі гасцінна, дый сама атмасфера на Дэльфійскіх гульнях літаральна напоўнена дабрынёй. Прытым, што гэта не звычайная “гульня”, а вельмі адказнае творчае спаборніцтва. Кожны з нас прадстаўляе не толькі сябе, але і сваю краіну. Гэта шанс праверыць свае сілы, даведацца пра меркаванне прафесіяналаў аб cваіх здольнасцях. А галоўнае — выступіць на сцэне, адчуць рэакцыю публікі. Дэльфійскія гульні пакуль яшчэ маюць меншую папулярнасць, чым Алімпійскія. Але хочацца, каб яны набылі яшчэ большы размах, каб прыцягвалі ўсё большую колькасць удзельнікаў і ўвагу грамадскасці. Я ўпэўнена, што кожныя наступныя Дэльфійскія гульні будуць мець усё большы рэзананс, будуць праходзіць з яшчэ большай урачыстасцю. Хаця, прызнацца, пасля гала-канцэрта адкрыцця ўявіць сабе нешта яшчэ больш грандыёзнае даволі цяжка. Вы паказалі такое шыкоўнае лазернае шоу і такую цудоўную праграму — быццам усталявалі для ўсіх нас, канкурсантаў, творчую планку і задалі добры імпульс для далейшай плённай працы.

Аляксей Няклюдаў (Расія):

— Я прыехаў на Дэльфійскія гульні з баявым пераможным настроем. Сёлета я заканчваю навучанне ў музычным каледжы імя Гнесіных у Маскве і маю багатую конкурсную практыку. Але Дэльфійскія гульні маюць свае асаблівасці. Гэта вельмі маштабнае, масавае мерапрыемства, якое ахоплівае вялікую колькасць намінацый, прычым не толькі музычных. Таму конкурсная барацьба ў іх дае набытак абсалютна ўсім. Тым больш, што і ўмовы, створаныя для ўдзельнікаў, спрыяюць добраму настрою.

Мяне ўразіла атмасфера спакою ў вашым горадзе, яго чысціня, прыгажосць, гасціннасць жыхароў.

Арсен Сцепанян (Арменія):

— Я спяваю з дзяцінства. Вельмі люблю класічную музыку, асабліва оперу. У нас у сям’і спявалі ўсе. Але прафесіянал — я першы. Зараз займаюся на І курсе Ерэванскай кансерваторыі. У Беларусі ўпершыню, і мне ўсё ў вас вельмі падабаецца.

Конкурс праходзіць на вышэйшым узроўні, умовы створаны добрыя. Вельмі ўразіў гала-канцэрт адкрыцця. Які ў вас цудоўны хор хлопчыкаў! Ён быццам складзены выключна з лаўрэатаў міжнародных конкурсаў.

Вельмі спадабалася выкананне іншых вашых музыкантаў, асабліва скрыпача Арцёма Шышкова, акардэаністкі Святланы Барэйка. Таму пажадаў бы ўсім удзельнікам Дэльфійскіх гульняў цярплівасці ў дасягненні сваёй мэты, працавітасці і ўдачы!

Перспектывы

Як паведаміў дырэктар Міжнароднага Дэльфійскага камітэта Уладзімір Панявін, у наступным годзе ў Балгарыі пройдуць Першыя Еўрапейскія Дэльфійскія гульні. Не за гарамі і Трэція Сусветныя гульні: заяўкі на ўдзел у іх прымаюцца да 1 чэрвеня 2009 года. Аб правядзенні Шостых Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД перамовы вядуцца з чатырма краінамі, якія выказалі жаданне прыняць іх. У 2010 ці 2011 годзе плануецца правесці Першыя Дэльфійскія гульні Саюзнай Дзяржавы. Што ж да Беларусі, то, паводле інфармацыі міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Матвейчука, у другой палове мая наступнага года ў Мінску адбудзецца Першы Фестываль культур краін ЕўраАзЭС. Так што папраўдзе — “гуляць” маладым талентам дык гуляць!

* * *

...Пакуль, грэчаскія Дэльфы славяцца не толькі руінамі храма Апалона ды іншымі помнікамі даўніны. Там і зараз пры добрым надвор’і можна назіраць так званае дэльфійскае рэха, калі гукі, вымаўленыя шэптам, пачынаюць з кожным разам паўтарацца ўсё гучней ды гучней. Мабыць, гэтая якасць перадалася і Дэльфійскім гульням? Дык хай яны і надалей набываюць усё большы розгалас!


Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА