Комплексны падыход да спраў

№ 33 (1524) 14.08.2021 - 20.08.2021 г

10 жніўня адбылася чарговая апаратная нарада міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з начальнікамі ўпраўленняў і аддзелаў міністэрства. З дапамогай сродкаў відэасувязі ўдзел у нарадзе прынялі таксама начальнікі ўпраўленняў культуры абласных выканаўчых камітэтаў.

Напярэдадні новага навучальнага года ў Міністэрстве культуры абмяркоўваўся план, звязаны з правядзеннем у Мінску ўрачыстага мерапрыемства, на якое плануецца запрасіць з рэгіёнаў краіны лепшых настаўнікаў, выкладчыкаў, кіраўнікоў навучальных устаноў — усіх тых, хто займаецца навучальным працэсам у сферы культуры. Пры ўдзеле прафсаюзаў будуць узнагароджаны лепшыя з лепшых, вызначаны задачы на новы навучальны год, адбудзецца абмен думкамі. І зразумела, пройдзе ўрачысты канцэрт. “Святочны канцэрт — гэта будзе наша ўдзячнасць настаўнікам і выкладчыкам, якія з года ў год рыхтуюць для нашых устаноў прафесійных спецыялістаў”, — сказаў Анатолій Маркевіч.

У ходзе нарады ўздымалася і пытанне падрыхтоўкі да конкурсу “Міс-Беларусь 2021”. Як зазначыла запрошаная на нараду дырэктар дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач, з 16 верасня канкурсанткі з розных рэгіёнаў краіны пачнуць рэпетыцыі. У цяперашні час ідзе падрыхтоўка да пашыву для дзяўчат нацыянальных касцюмаў, прапрацоўваюцца пытанні з падрыхтоўкай для конкурсу неабходнага светлавога абсталявання, з размяшчэннем рэкламных расцяжак, пачаўся продаж квіткоў.

Міністр заслухаў кароткую справаздачу і па праблемах, якія тычацца ўладкавання ва ўстановах культуры безбар’ернага асяроддзя. Анатолій Маркевіч быў праінфармаваны, што ў цэлым па краіне зараз пакуль толькі нешматлікія ўстановы культуры маюць неабходныя ўмовы, каб прыняць да сябе наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі. Міністра такая інфармацыя не задаволіла, і ён запатрабаваў трымаць гэтае пытанне ў пастаянным полі зроку і ў сталіцы, і ў рэгіёнах: “Ніякай сістэмнай работы ў гэтым пытанні я пакуль не бачу. Неабходна прапрацаваць праграму на будучы год, правесці аналіз безбар’ернага асяроддзя ў краіне, з тым каб зрабіць неабходныя комплексныя высновы”.

У сувязі з няшчасным выпадкам, які на мінулым тыдні адбыўся ў музеі Янкі Купалы, міністр прапанаваў стварыць групу, якая ў хуткім часе наведае рэгіёны краіны і праверыць установы культуры на прадмет ведаў асноў бяспекі.

Акцэнтная ўвага ў ходзе нарады была ўдзелена падрыхтоўцы да Дня народнага адзінства. Міністр адзначыў, што пры падрыхтоўцы да гэтага дня фактычна гаворка павінна весціся пра тыдзень у верасні, падчас якога неабходна правесці шэраг знакавых культурных мерапрыемстваў — яны мусяць падкрэсліць значнасць даты 17 верасня для нашага народа. У сувязі з гэтым Анатолій Маркевіч даручыў на працягу двух дзён распрацаваць цэласны план, у якім былі б адлюстраваны ўсе неабходныя напрамкі працы. Такі план будзе вельмі карысны і СМІ, у тым ліку і рэгіянальным.

Падымаліся падчас нарады і пытанні, звязаныя з правядзеннем супрацоўнікамі Міністэрства культуры прамых тэлефонных ліній, прыёмаў грамадзян, адказамі на звароты. “Пачынаем новы фармат зносін з людзьмі, — сказаў міністр. — Яшчэ больш актыўна выязджаем у рэгіёны, праводзім сустрэчы, выслухоўваем прапановы і заўвагі. Гэта важны напрамак у нашай працы. Пачынаем з Брэсцкай вобласці. Потым мы абагульнім усю інфармацыю і будзем мець больш рэальнае ўяўленне аб праблемах у сферы культуры ў кожным рэгіёне нашай краіны”.