Кожнаму мястэчку — па «фішцы»

№ 32 (1523) 07.08.2021 - 14.08.2021 г

Не магла не ўзрадавацца, калі даведалася пра дэлегаванне мяне на рэспубліканскі семінар-практыкум “Брэнд рэгіёна”, арганізаваны Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур сумесна з Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Па-першае, у мяне яшчэ засталося прыемнае ўражанне ад выніку працы рэспубліканскага семінара “Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе” (праходзіў 1-2 красавіка бягучага года на базе ўстаноў культуры Гродзенскага раёна і г. Ліда). Па-другое, хацелася паглядзець, як жа ў іншых раёнах праходзяць брэндавыя святы (нагадаю, Гродзенскі раён адзін з першых, аж з 2014 года, які або “аднавіў” падчас фальклорных экспедыцый, або прыдумаў брэндавыя мерапрыемствы ў аграгарадках). Па-трэцяе, хацела паразмаўляць, нават падыскутаваць, падзяліцца вопытам з прыемнай кампаніяй аднадумцаў — работнікаў культуры з усёй краіны. А па-чацвёртае, хацелася ўбачыць усё на свае вочы і прыўнесці штосьці новае і ў нашы брэнды.

/i/content/pi/cult/862/18301/021.jpgСала з вішнямі

За размовамі ў аўтобусе дарога праляцела хутка, і вось мы ў Глыбокім. Горад сустрэў яркім сонцам.

Вядома, што кожная вобласць стварае арыгінальныя фестывалі, форумы. У кожным раёне ёсць што паказаць і чым здзівіць. Чаму менавіта ў Глыбокім праводзіцца «Вішнёвы фестываль»?

Глыбокае здаўна славілася вішнёвымі садамі, аснову якіх складалі ў даўніну два манастырскія: кармеліцкі і базыльянскі. За польскім часам далёка за межамі акругі ведалі выбітнага агранома Баляслава Лопыра (у Глыбокім яму ўстаноўлены памятны знак), які вывеў дзіўны гатунак вішні — яна славілася марозаўстойлівасцю, сакавітасцю і саладосцю. Знакамітыя «Лопыравы вішні» саджаюць у раёне і па гэты дзень.

У 2014 годзе (менавіта тады і правялі першы фестываль) увесь горад сабраўся на незвычайную акцыю: пры ўездзе ў горад было пасаджана 1414 саджанцаў вішні — у гонар першай згадкі паселішча ў летапісах.

На сёння Глыбокае — вішнёвы рай, мы прыемна здзівіліся колькасці людзей на свяце, увечары іх стала яшчэ больш.

/i/content/pi/cult/862/18301/022.jpg«Вішнёвы фестываль» — брэнд не толькі Глыбокага, але і ўсёй Віцебшчыны. Дзякуючы святу ў гэты паазерскі край вярнулася ганаровае званне «горад-сад», тут адрадзілі традыцыю садзіць маладыя дрэўцы чарэшняў і вішняў, успамінаць землякоў, якія зрабілі свой навуковы ўнёсак у селекцыйную справу развядзення садоў, асабліва вішнёвых.

Між іншым фестывалю нададзены статус міжнароднага, бо да глыбачан кожны год прыязджаюць самадзейныя і самабытныя калектывы і выканаўцы з Латвіі, Літвы, Расіі, Малдовы, Грузіі, Польшчы, былі дэлегацыі з Францыі і Японіі.

На «Вішнёвым фестывалі», які традыцыйна доўжыцца пяць дзён, можна прадэгуставаць самыя розныя (часам неверагодныя, але абавязкова смачныя) стравы з вішнямі ад прадпрыемстваў і проста ад мясцовых кулінараў. Напрыклад, спакон веку ў раёне соляць сала з вішнямі, Глыбоцкі мясакамбінат запатэнтаваў рэцэпт шашлыку ў вішнёвым соку, ёсць сыр са смакам вішні, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, які робіць знакамітую глыбоцкую згушчонку, дапоўніў лінейку салодкай прадукцыі згушчонкай «Чэры-брэндзі».

/i/content/pi/cult/862/18301/023.jpgВярхом на ядры

На вуліцах «вішнёвай сталіцы» паўсюль «вішнёвы» дэкор: на вокнах, на бігбордах і банерах, нават люкі размаляваны ў выглядзе вішань, шмат малых арт-аб’ектаў амаль ля кожнага будынка прадпрыемстваў і арганізацый горада.

Дарэчы, лагатып фестывалю ў 2012 годзе распрацоўвала рэкламнае агенцтва «Крынь», прызёр фестывалю рэкламы «Канскія львы». Канчатковых варыянтаў было некалькі — у тым ліку алень з вішнёвым дрэвам на лбе і вішанькі-ноткі на нотным стане. Што за алень? Аказваецца, у Глыбокім, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і пахаваны... барон Мюнхгаўзен. На старадаўніх могілках у цэнтры Глыбокага краязнаўцы знайшлі незвычайную магілу. На крыжы — надпіс, што тут пахаваныя Фердынанд і Вільгельм фон Мюнхгаўзены, і ўказаны год (1878). І хоць герой кнігі, як пішуць літаратуразнаўцы і гісторыкі, спачыў у 1797 годзе, у Глыбокім вырашылі ўстанавіць помнік «таму самаму Мюнхгаўзену». І ў год 600-годдзя Глыбокага на вуліцы Горкага з’явіўся бронзавы Мюнхгаўзен вярхом на ядры — тут любяць фатаграфавацца і госці горада, і мясцовыя жыхары. Ці трэба казаць, што на капелюшы барона — галінка вішні?..

Яшчэ адна гарадская славутасць — помнік... вішні! Нездарма кажуць жа, што калі пацерці вішанькі — гэта да павелічэння сям’і (наведванне помніка вішні — абавязковая частка фотасесіі маладых пасля загса), калі пагладзіць лісцікі — да грошай. Ну а дакрануцца да галінак — да доўгага жыцця. А яшчэ сама «Вішнёвая каралева» ўдзельнічае ва ўрачыстай рэгістрацыі «вішнёвага вяселля».

На жаль…

Кулінарных вынаходстваў — пірагоў і піражкоў з вішняй, вішнёвую наліўку, вішнёвую піцу — на падворках мы, на жаль, не пакаштавалі, а вельмі хацелася. Не ўбачылі мы і традыцыйных падворкаў аграсядзіб. З гэтым і ў нас вялікія праблемы. У Гродзенскім раёне — больш за пяць дзясяткаў гасцявых аб’ектаў. І з увядзеннем бязвізавай зоны пашырылася кола патэнцыяльных турыстаў з-за мяжы.

Калі ўлада — “за”

Маляўніча-маскарадны, спеўны і феерычны «Вішнёвы фестываль» праходзіць дзякуючы работнікам культуры, але пры моцнай падтрымцы мясцовай улады. Згадзіцеся, у работнікаў культуры вельмі шмат прасторы для творчасці! Але калі справу фінансуе ўлада, ды яшчэ са свайго боку ўсталёўвае штогод спецыяльна да свята па некалькі манументальных арт-аб’ектаў, а на вокнах і каля будынкаў усіх арганізацый у горадзе вішнёвыя разнапланавыя лакацыі — то і горад становіцца прыгажэйшы, і ад’язджаць з гэтага вішнёвага раю нікуды не хочацца.

Бліны на калодзе і сад Сікоры

Знайшлі сваю разыначку і на Шаркаўшчыне, куды мы паехалі на другі дзень нашага семінару.

Нашу дэлегацыю гасцінныя шаркаўшчынцы сустракалі караваем і песняй, частавалі не толькі блінамі, але і іншымі апетытнымі прысмакамі па рэцэптах сваіх бабуль. Дарэчы, жыхары вёскі Радзюкі адрадзілі старадаўнюю традыцыю — пячы бліны на калодзе. Трэба будзе ў Адэльску паспрабаваць…

Але галоўны брэнд Шаркаўшчыны — гэта яркае абласное свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст», якое традыцыйна праводзіцца ў вёсцы Алашкі — на радзіме селекцыянера Івана Сікоры. Там жа ёсць Мемарыяльны музей і Дом-музей знакамітага садавода, размешчаныя побач з унікальным садам.

Беларускі Мічурын. Менавіта так многія называюць садавода-селекцыянера Івана Сікору, які прысвяціў жыццё любімай справе і пакінуў пасля сябе багатую спадчыну.

І хоць на фэсце, у адрозненне ад Вішнёвага фестывалю, мы не пабывалі (праводзіцца ў жніўні), але адчулі сапраўдную асалоду ад гэтага свята падчас прэзентацыі ў мясцовым цэнтры культуры.

Галоўны сэнс фэсту ў тым, што падчас народных гулянняў у ваколіцах сядзібы знакамітага земляка творчыя жыхары Шаркаўшчыны прадстаўляюць у шырокім фармаце здабыткі народнай культуры рэгіёна.

Дарэчы, “Яблычны Спас” уключалі ў праграму фестывалю інтэрнацыянальнай дружбы “Беларускае лета — 2016” як адно з найбольш прывабных і відовішчных культурных праектаў сезона.

Знайсці дарогу да яблычнай сталіцы Шаркаўшчыны дапамагаюць шматлікія ўказальнікі з выявай фестывальнага сімвала, як і ў Глыбокім, — лагатып, шматлікія тэматычныя арт-аб’екты і лакацыі з вішняй на кожным кроку. Трэба браць на заметку.

Як Драздовіч вучыў

Здзівіла і прыемна парадавала выстава майстроў народных рамёстваў Шаркаўшчынскага раёна. Галоўная адметнасць Шаркаўшчынскага дома рамёстваў — адраджэнне традыцыі маляваных дываноў. Гэтай з’явай у пачатку ХХ стагоддзя зацікавіўся легендарны мастак-вандроўнік Язэп Драздовіч (мы пабывалі ў яго музеі ў аг. Германавічы). Ён убачыў хараство народнага маляванага дыванка і, каб захаваць майстэрства, пачаў таксама працаваць у гэтым кірунку. Не адразу ў грамадстве была ўсвядомлена каштоўнасць гэтых выдатных узораў інсітнага мастацтва. Але час расставіў акцэнты, жанр не толькі дайшоў да нашых дзён, але «Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я» ў 2016 годзе было ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Я даўно марыла на гэтыя дываны паглядзець, нават хацелася памацаць… Прыгажосць казачная! Майстры не паўтараюцца. У кожнага дывана свая стылістыка, тэхніка выканання, непаўторныя ўзор і сюжэтная лінія.

Шматгранны талент дэманстравала сям’я майстроў Сяргея і Ганны Рымдзёнкаў, іншыя мясцовыя майстры.

Задавальненне ад якасна праведзенага мерапрыемства нараджае жаданне пахваліцца здзейсненым. У нашых калег з Шаркаўшчынскага раёна гэта цудоўна атрымалася.

Калі ініцыятывы нараджаецца знізу

У нашым Гродзенскім раёне паказваць, як кажуць, сябе мы пачалі аж у 2014 годзе, у Год гасціннасці, калі, акрамя ўсіх галоўных напрамкаў дзейнасці сферы культуры, пачалі займацца і турыстычнай. Пасля — Год культуры! Колькі юбілеяў і знакавых дат у нас выпала на гэты год. Зоркі сышліся, што называецца… Дзякуючы гэтаму кожны дзень маглі ладзіць свята, што фактычна і было. З’явіліся новыя ініцыятывы, у тым ліку і на мясцовым узроўні: кожны аграгарадок захацеў зрабіць свой непаўторны фестываль.

Можна казаць, што гэты год быў багаты на творчыя ідэі, але як і любы іншы год. Проста мы зірнулі на гэта больш пільна. З’явіліся і новыя формы культурнай дзейнасці, цікавыя ідэі, якія ўвасобіліся ў новых брэндах.

Таму хочацца яшчэ некалькі слоў напісаць пра свае брэнды, якія не заўсёды маюць статус міжнароднага ці нават абласнога свята, але чутка пра якія ідзе ад чалавека да чалавека. Мы, як і нашы калегі, таксама праявілі крэатыўнасць у выбары падыходаў, ідэй па ўладкаванні сваіх непаўторных вясковых куточкаў.

Пісанка — наш брэнд

Брэндавае свята г.п. Сапоцкін — свята пісанкі — праходзіць штогод з 2016-га і з кожным годам становіцца ўсё больш насычаным і цікавым, і пятае юбілейнае свята ў бягучым годзе не стала выключэннем.

Дарэчы, спачатку у Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры з’явіўся Музей пісанкі — своеасаблівы брэнд нашага рэгіёна, а пасля толькі брэндавае свята.

Сёння ў Сапоцкінскім музеі пісанкі сабрана багатая экспазіцыя распісаных яек — звыш 1 700. Іх дораць госці, якія часта наведваюць музей. У музеі праводзяць значную работу па папулярызацыі пісанкі сярод дзяцей і дарослых. Шмат гасцей прыязджаюць з-за мяжы, ды і не толькі, палюбавацца шэдэўрамі, але і павучыцца тэхніцы іх вырабу.

Нагадаю: традыцыя роспісу сапоцкінскай пісанкі ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сёлета ўпершыню на пляцоўцы каля Сацоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра культуры разгарнуўся сапраўдны музей пад адкрытым небам з дзясяткамі арт-аб’ектаў — незвычайныя пісанкі розных колераў і памераў, выкананыя ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (пап’е маше, саломапляценне, кераміка і г.д.). Створаныя ўстановамі культуры Гродзенскага раёна, пісанкі з узорамі ці лагатыпамі брэндавых мерапрыемстваў аграгарадкоў сталі новымі экспанатамі ў музеі Пісанкі.

Падчас адкрыцця музея пад адкрытым небам, дзе дэманстраваліся новыя арт-аб’екты, праходзіла дэфіле-парад у традыцыйных мясцовых строях прадстаўнікоў ад кожнай клубнай установы. Жанчына прэзентавала пісанку, а мужчына — святочны ўпрыгожаны велікодны кошык.

На свята прыбыў сам уладальнік сапоцкінскіх зямель Сапоцька, які першым і атрымаў Пашпарт турыста з пячаткай аб наведванні першай з васьмі музейных лакацый і флаер “Топ 10 Сапоцкінскага краю”. Кожны ўдзельнік акцыі павінен наведаць музеі ўстаноў культуры раёна, аб чым у «пашпарце» зробяць адзнакі пячаткай, за што атрымае каштоўны падарунак.

Велікодны рай

Упершыню арганізатары запрасілі ўсіх прысутных наведаць Велікодны сад і павесіць сваю пісанку з пажаданнем ці цацку на дрэва, гэтым самым стварыць «Велікодны рай», які змогуць наведваць турысты цэлы сезон.

«Фішкай» аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў стала этнавыстава «Велікодны цуд», новыя экспанаты якой перадалі ў Музей пісанкі.

Арганізавалі і інтэрактыўныя пачастункі за вялікім святочным сталом ад найлепшых сапоцкінскіх гаспадынь Марыі Баран, Ядвігі Лукуць, Гелены Рэгель, Валерыі Душчак, Аліны Яблонскай. Аўтарытэтныя сапоцкінскія гаспадыні падзяліліся не толькі сакрэтамі прыгатавання, але і сімвалічным значэннем кожнай кулінарнай стравы, святочнага дэкору і застольных абрадаў.

Дзяцей чакалі неверагодныя прыгоды з велікоднымі зайцамі, сабакам, пеўнем і пчолкай. У самых зацішных месцах парку дзеці знаходзілі размаляваныя пісанкі і абменьвалі іх на сапоцкінскія пісанкі — спецыяльныя манеты ў «велікоднай краме».

Падчас святочнага марафону на галоўнай сцэне разгарнуўся канцэрт, прычым госці свята змаглі пабачыць не толькі калектывы Гродзенскага раёна, але і выступленні гасцей з Бераставіцкага, Мастоўскага, Шчучынскага раёнаў — удзельнікаў абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворная крыніца”.

Замест заканчэння

У Гродзенскім раёне кожнаму мястэчку па «фішцы», кожны аграгарадок мае свой брэнд і паспяхова развівае яго.

Брэндавыя мерапрыемствы ствараюць імідж рэгіёна і яго шырокую вядомасць, павялічваюць яго інвестыцыйную прывабнасць. Вядома, нам яшчэ далёка да самых яркіх прыкладаў Славянскага базару ў Віцебску, але ў нас ёсць нядрэнны прыклад рэалізацыі сваіх задумак і мараў, у першую чаргу святаў: марожанага ў аг. Путрышкі, лісічкі (грыба) ў аг. Парэчча (1 жніўня тут пройдзе упершыню свята вакзала), пісанкі ў г.п. Сапоцкін, лялькі ў аг. Індура, вяндліны ў аг. Капцёўка; фэсты: мядова-яблычны ў аг. Абухава, Адэльскі і абласное свята млынароў у аг. Адэльск, фальклорны “Вяртанне да вытокаў“ і шмат іншых.

Вельмі радасна, што культурныя брэнды сёння здольныя падняць інвестыцыйную і турыстычную прывабнасць гарадоў і вёсак. Работнікі культуры адраджаюць гісторыю паселішчаў сваіх раёнаў, вывучаюць творчую спадчыну продкаў, шукаюць разыначку ў кожнай вёсцы, тое, што магло б стаць адметнай асаблівасцю, стварыць і падтрымаць прэстыж мясцовай тэрыторыі.

Гэтым мы і цікавыя для еўрапейцаў і іншых замежных гасцей, якія апошнім часам спяшаюцца адкрыць сінявокую Беларусь для сябе і сваіх родных.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

Фота — з архіва аўтара.