Прыватны сусвет у прасторы аркуша

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбываецца персанальная выстава гродзенскага графіка Юрыя Якавенкі. Назва — “Астральны нацюрморт”. Гэты праект доўжыць серыю персанальных выстаў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва.

/i/content/pi/cult/861/18279/017.jpgЯгоная творчасць, калі казаць пафасна і пры гэтым шчыра, гэта штодзённая праца ў імя духоўнай свабоды, культурніцкай незалежнасці і росквіту Айчыны. Праўда, і так на ягоным рахунку каля трыццаці ўзнагарод прэстыжных творчых конкурсаў.

На выставе прадстаўлены найбольш вядомыя творы мастака. Сярод іх — графічная серыя “Санет”, адзначаная летась Нацыянальнай прэміяй. Значная колькасць твораў экспазіцыі паводле фармальных прыкмет можна лічыць нацюрмортамі, бо на іх прысутнічае пэўны прадметны шэраг. Але ў сюррэалізме, да якога, зноў жа кіруючыся фармальнай логікай, можна далучыць Юрыя Якавенку, падзелу на сюжэт, пейзаж, партрэт, нацюрморт няма. Ёсць неабсяжная прастора падсвядомасці, сна і мроі, запоўненая нібыта выпадковымі чыннікамі, якім кожны глядач надае сэнс, адпавядаючы свайму жыццёваму досведу і эмацыйнаму стану.

Творы Юрыя Якавенкі я параўнаў бы з любімай кнігай, змест якой даўно знаёмы, але якую ўсё адно з цікавасцю гартаеш, вышукваючы перліны думкі і стылю. Прычым чытаеш з якой заўгодна выпадкова адкрытай старонкі. Чытаеш дзеля асалоды ад майстэрскага тэксту. Я кажу пра кнігі класу “Партрэт Дарыяна Грэя” ці “Майстар і Маргарыта”. Дарэчы, цікава было б пабачыць, як гэтыя шэдэўры літаратурнай метафізікі пераклаў бы на выяўленчую мову наш мастак.

Творы Юрыя Якавенкі я хутчэй адчуваю, чым разумею. Калі-нікалі мне падаецца, што “шматслоўнасць” ягоных кампазіцый, правакацыйная шматсэнсоўнасць і вельмі шырокі асацыятыўны прасцяг вобразаў выступаюць у якасці складанага камуфляжа, пад якім хаваюцца простыя рэчы і з’явы. А іншым разам думаю цалкам супрацьлеглае — што ён свядома імкнецца спрасаваць мноства парадаксальных думак і разрыўных эмоцый, каб уплішчыць гэты прыватны сусвет у сціплую прастору аркуша. Насамрэч жа творчы метад мастака, і падпарадкаваны метаду вытворчы працэс, дзе шмат аўтарскіх напрацовак, застаюцца таямніцаю, нават для тых, хто мае пэўнае ўяўленне пра тэхналогіі эстампа і можа параўноўваць мастацкія кірункі і школы.

Ягоную творчасць не выпадае ацэньваць і з пазіцый сацыяльнай практыкі. Мастак не ставіць пытанняў і не дае адказаў. Дыскусія не ягоны фармат. Мяркую, яму блізкая формула, вынайдзеная колісь Уладзімірам Высоцкім — “А мы всё ставим каверзный ответ и не находим нужного вопроса”. Можна казаць пра канстатацыю рэчаіснасці ў яе фантастычных праявах.

Вось адзін расійскі аўтар пісаў, што ён, пакуль не наведаў Калумбію, лічыў Маркеса сюррэалістам-фантастам, а пабачыўшы гэту краіну зблізку, зразумеў, што згаданы пісьменнік — “бытописатель”. Яны там так жывуць, і прыдумляць нічога не трэба.

Калі на ментальным узроўні суаднесці аркушы Якавенкі з нашай рэчаіснасцю, можа высветліцца, што свае тэмы і сюжэты, не гледзячы на гістарычны антураж, ён не прыдумляе, а бярэ проста з жыцця. Кажуць жа, што ў кожнага века сваё Сярэднявечча. А мо і свой Рэнесанс.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"