Рублю прысвечана кніга

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Бібліятэкі Століншчыны атрымалі краязнаўчае выданне, гісторыка-краязнаўчы нарыс “Вёска Рубель на Століншчыне”, напісанае ўраджэнцам Рубля, вучоным Вабішчэвічам.

/i/content/pi/cult/861/18277/014.jpgКніга прысвечана гісторыі паселішча, матэрыял збіраўся аўтарам з розных крыніц, раскіданых па ўсім свеце — у бібліятэках і архівах Беларусі, Расіі, Польшчы, з перыядычных выданняў Століншчыны, з успамінаў старажылаў вёскі.

У нарысе расказваецца пра рубельскія прозвішчы і мянушкі, якія і цяпер сустракаюцца паўсюдна, пра рубельскую гаворку, адметную і арыгінальную. Падрабязна выкладзены звесткі па анамастыцы, тапаніміцы, помніках археалогіі. Не толькі мінулае вёскі Рубель, якая цяпер мае статус аграгарадка, асвятляецца ў кнізе, але і вёскі Хотамель, што спрадвеку звязана сваёй гісторыяй. У кнізе захаваны храналагічны прынцып, аўтар расказвае пра жыццё вёскі ў перыяды Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, савецкага часу і ХХІ стагоддзя.

Асобныя раздзелы кнігі прысвечаны Рубельскай і Хотамельскай школам, прыкладаюцца спісы дырэктараў школ розных гадоў, педагагічнага калектыву з 1945 года да цяперашняга часу, выпускнікоў-медалістаў.

Рэлігійнаму жыццю вёскі аддадзены цэлы раздзел кнігі, можа, таму, што праваслаўныя традыцыі ў вёсцы — на высокім узроўні. Агульнавядома, што з Рубля вельмі шмат юнакоў паступае ў духоўныя навучальныя ўстановы і праваслаўныя святары-рубельцы служаць па ўсёй Беларусі, Расіі, Украіне і іншых краінах блізкага і далёкага замежжа.

Жыхарам Рубля і тым, для каго ён з’яўляецца малой радзімай, вельмі цікава будзе сустрэць на старонках кнігі родныя і знаёмыя прозвішчы, назвы вуліц, урочышчаў і г.д. Кніга многіх вяртае ў дзяцінства, знаёміць з дагэтуль невядомымі ці малавядомымі фактамі, падзеямі.

Каштоўна і тое, што ў кнізе прадстаўлены радавод аўтара, у якім цесна перапляліся некалькі рубельскіх родаў — Вабішчэвічы, Пашкевічы, Машлякевічы і Шпакоўскія.

Выданне суправаджаецца фотаздымкамі, гістарычнымі і побытавымі фотаздымкамі з жыцця вяскоўцаў, сямейнымі здымкамі аўтара.

Кніга “Вёска Рубель на Століншчыне” надрукавана накладам у 200 экзэмпляраў. Столінская бібліятэчная сістэма набыла 10 з іх.

Надзея СТАХАВЕЦ, загадчык аддзела маркетынгу Столінскай раённай бібліятэчнай сістэмы