“Пецярбург Дастаеўскага” ў Мінску

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка
200 гадоў таму, 11 лістапада 1821 года, нарадзіўся вялікі рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі. За вякі яго творчасць не толькі не страціла актуальнасці, а выявілася яшчэ больш вострай і надзённай — Дастаеўскі ўваходзіць у спіс пісьменнікаў, якога ў нашы дні найбольш часта цытуюць і перакладаюць на іншыя мовы. Да юбілейнай даты прымеркаваная вялікая колькасць значных і цікавых мерапрыемстваў, і не толькі ў Расіі, а і па ўсім свеце. У Беларусі таксама: бо ўсе мы памятаем, што карані роду Дастаеўскіх — на беларускай зямлі і што Фёдар Міхайлавіч паходзіць з нашага старажытнага шляхецкага роду. 27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь прайшло выставачна-асветніцкае мерапрыемства да 200-годдзя з дня нараджэння Ф. М. Дастаеўскага, падрыхтаванае Міністэрствам культуры Расійскай федэрацыі пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/861/18273/08.jpgУ Расіі святкаванне 200-гадовага юбілею славутага пісьменніка ўзведзенае на дзяржаўны ўзровень — рыхтавацца да яго пачалі яшчэ пяць гадоў таму. Выставачна-асветніцкае мерапрыемства, што прайшло днямі ў беларускай сталіцы, для расійскага боку — яшчэ адно з шэрагу гэтых мерапрыемстваў.

27 ліпеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася фотавыстава “Пецярбург Дастаеўскага”, якая да таго экспанавалася ў розных гарадах Расіі. Пасля заканчэння экспаніравання ў Мінску яна прадоўжыць вандраванне па расійскіх музеях і бібліятэках. Менавіта ў Пецярбургу, дзе адбываецца дзеянне большай часткі твораў Фёдара Дастаеўскага, багата мемарыяльных месцаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка: фотавыстава правядзе гледача па гэтых месцах. Як зазначыў на ўрачыстым адкрыцці выставы дырэктар Дэпартамента музеяў і знешніх сувязей Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандр Варанко, “Пецярбург Дастаеўскага” — адзін з самых папулярных турыстычных і экскурсійных маршрутаў у горадзе Пятра, па якім штодзённа праходзяць турысты з усяго свету, і фотавыстава — магчымасць віртуальна паўтарыць гэты шлях, акунуцца ў атмасферу Санкт-Пецярбурга сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Цэласны свет тагачаснага горада і герояў твораў Дастаеўскага складваецца дзякуючы фотаматэрыялам са збораў маскоўскага Дзяржаўнага музея гісторыі расійскай літаратуры літаратуры імя У. І. Даля. У аснове выставы “Пецярбург Дастаеўскага” дзве вялікія калекцыі: Віктара Малчанава — легендарнага фатографа, які працаваў у музеі яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, і Леаніда Цыпкіна — аўтара знакамітай аповесці “Лета ў Бадэне”, які сваю фотасерыю Пецярбурга стварыў у 1970-х гадах. У галоўнай беларускай бібліятэцы выставу можна наведаць да 8 жніўня.

Ва ўступным слове генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Аксана Кніжнікава звярнула ўвагу на шчыльнае ўзаемадзеянне падначаленай ёй установы з бібліятэкамі Расійскай Федэрацыі: на гэты момант маецца 14 пагадненняў аб супрацоўніцтве, у тым ліку і ў галіне міжнароднага дакументаабмену. Ужо рэалізаваны і рэалізуецца шэраг праектаў, прысвечаных помнікам кніжнай спадчыны, — гаворка і пра Полацкае Евангелле ХІІ–ХІІІ стагоддзяў, і пра факсімільнае ўзнаўленне помнікаў Францыска Скарыны, і пра стварэнне сумесных лічбавых калекцый. Аксана Кніжнікава зазначыла, што такім узаемадзеяннем і тлумачыцца тое, што мерапрыемства адбываецца менавіта ў гэтых сценах, бо мы памятаем пра сувязі Фёдара Дастаеўскага з Беларуссю. Да месца былі згаданыя і словы нашага класіка Якуба Коласа: “Вышэй па таленце за Дастаеўскага няма ў свеце пісьменніка. Дастаеўскі наш. Дастаеўскаму, калі спатрэбіцца, усё варта дараваць…”

Адкрыццё фотавыставы было толькі часткай мерапрыемства, прысвечанага 200-гадоваму юбілею пісьменніка. З удзелам расійскіх і беларускіх дзеячаў, навукоўцаў і літаратуразнаўцаў прайшло пленарнае пасяджанне, на якім абмяркоўвалася творчасць Фёдара Дастаеўскага ў сучасным свеце. Мадэрыраваў круглы стол дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі расійскай літаратуры імя У. І. Даля Дзмітрый Бак, які тэму свайго ўступнага слова акрэсліў так: “Дастаеўскі ў ХХІ стагоддзі ці ХХІ стагоддзе ў свеце Дастаеўскага”. Пачалося пленарнае пасяджанне з вітальнага слова ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое зачытала Алена Беразоўская — галоўны спецыяліст устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуўся і старэйшы дарадца пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Станіслаў Макаранка.

Сярод тэм дакладаў, прысвечаных творчасці Дастаеўскага, вылучалася першае выступленне: дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф. Панфёрава з горада Іванава Брэсцкай вобласці Алена Данількевіч падрабязна расказала, як памяць пра вялікага пісьменніка захоўваецца на радзіме яго продкаў і як папулярызуецца яго творчая спадчына (вёска Дастоева месціцца менавіта ў сучасным Іванаўскім раёне). Гэты даклад выклікаў вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў круглага стала, бо змяшчаў многа адметных фактаў, якія сведчылі аб сур’ёзным падыходзе да захавання памяці пра беларускія карані рускага класіка. Коратка можна згадаць пра пачатак гісторыі: пачынальнікам роду лічыцца Даніла Ірцішчаў, які ў 1506 годзе па грамаце пінскага князя Фёдара Яраслававіча і княгіні Алены атрымаў маёнтак Дастоева. Сыны баярына ўжо сталі называцца Дастоеўскімі, ці Дастаеўскімі.

Алена Данількевіч сярод іншага звярнула ўвагу на тое, што на сёння ў аграгарадку Дастоева няма ніводнага чалавека з прозвішчам Дастаеўскі, гэтак жа як і ва ўсім свеце няма іншага населеннага пункта з такой назвай. Былі згаданыя і жонка вялікага пісьменніка Ганна Рыгораўна з яе лістамі ў вёску Дастоева са спробамі адшукаць звесткі пра колішніх уладароў маёнтка, і ўнук пісьменніка, знакаміты інжынер-канструктар Андрэй Дастаеўскі, які пастаянна перапісваўся з мясцовымі іванаўскімі краязнаўцамі.

У 2012–2013 гадах на месцы мяркуемай сядзібы за кошт сродкаў бюджэту Іванаўскага раёна ладзіліся археалагічныя даследаванні, і было вызначана месцазнаходжанне шляхецкай сядзібы XVI—XIX стагоддзяў на левым беразе ракі Струга паміж вёскамі Дастоева і Вулька Дастоеўская. Даказана, што яна належала роду Дастаеўскіх, і была таксама ў часовым уладанні радоў Ельскіх, Брэскіх і Стравінскіх. А ўвогуле, работа па вывучэнні і папулярызацыі спадчыны Фёдара Дастаеўскага ў Іванаўскім раёне вядзецца ўжо больш за паўстагоддзя: роўна 50 гадоў таму Дастоеўскай сярэдней школе было прысвоена імя вялікага пісьменніка, а з 1982 года ў ёй функцыянуе народны літаратурна-краязнаўчы музей. У 1996 годзе на тэрыторыі школы ўсталяваны помнік Фёдару Дастаеўскаму аўтарства скульптара з Бабруйска Івана Данільчанкі. У Іванаўскім раёне і ў Брэсце на пастаяннай аснове праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі з міжнародным статусам, якія збіраюць даследчыкаў з розных краін. Натуральна, 200-годдзе пісьменніка і 515-годдзе роду Дастаеўскіх адзначаецца вялікай колькасцю падзей — на лістапад запланаваны цэлы шэраг навуковых канферэнцый. Школы, бібліятэкі, музеі правядуць свае цікавыя імпрэзы.

Яшчэ два гады таму Іванаўскі райвыканкам, Брэсцкі аблвыканкам і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі канцэпцыю па стварэнні ў аграгарадку Дастоева інфармацыйна-культурнага цэнтра “Дастаеўскі — гісторыя і сучаснасць” з прымяненнем актуальных лічбавых тэхналогій. А год таму, на дзень нараджэння пісьменніка 11 лістапада на базе музея ў Дастоеўскай сярэдняй школе быў адчынены інфармацыйны прэс-цэнтр. Алена Данількевіч расказала, што наведванне гэтага музея ўваходзіць у экскурсійны маршрут турыстаў цеплахода “Белая Русь”, большасць сярод якіх — расіяне. Зусім нядаўна, 18 ліпеня ў Іванаве ў рамках Дня горада адбылося ўрачыстае адкрыццё ландшафтна-культурнага парка спадчыны Іванаўскага раёна “Лабірынт часу”, дзе пачэснае месца заняў макет радавога маёнтка Дастаеўскіх.

Пад час круглага стала ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі расійскай літаратуры імя У. І. Даля Дзмітрый Бак расказаў, што да 11 лістапада рыхтуецца вялікі падарунак усім аматарам творчасці пісьменніка — у Маскве будзе адкрыты музей на базе мемарыяльнай кватэры Фёдара Дастаеўскага. Таксама неўзабаве з’явіцца памятны медаль у гонар 200-гадовага юбілею пісьменніка. Асноўныя ўрачыстасці юбілейнага года ў Расіі пройдуць у лістападзе.