Школа любові

№ 31 (1522) 31.07.2021 - 06.08.2021 г

Акцэнты бібліятэчнай справы ў Мышкавічах
Мышкавічы — гэта калгас “Рассвет”. Калгас “Рассвет” — гэта Кірыла Арлоўскі. І вёска, і гаспадарка, і яе кіраўнік грымелі за савецкім часам не толькі на родны Кіраўскі раён, але і на ўвесь СССР. Усё, што было тады створана рукамі і розумам Кірылы Пракопавіча, засталося напамінам пра тое, як трэба працаваць на карысць простага вяскоўца. Маю на ўвазе і бібліятэку, пра якую сёння пойдзе гаворка. Інфармацыйная нагода таксама не абы-якая. У рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” Мышкавіцкая ўстанова сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк заняла адно з прызавых месцаў “за значны ўклад у работу з падрастаючым пакаленнем”.

/i/content/pi/cult/861/18272/06.jpgА пачалося ўсё без малага 80 гадоў таму. Калгас Арлоўскі ўзнімаў з нуля. Быў ён, як вядома, чалавекам шырокага мыслення, перад цяжкасцямі не згібаўся і быў упэўнены, што сучаснае сельскагаспадарчае прадпрыемства — гэта не толькі фермы і палі, а яшчэ і грунтоўная “сацыялка”: жыллё, клуб, школа, бальніца. Таму і пачаліся ў маленькіх Мышкавічах вялікія пераўтварэнні.

Першая інтэлігенцыя

Вёска нібыта прачнулася і стала напаўняцца маладымі спецыялістамі: аграномамі, заатэхнікамі, урачамі, настаўнікамі і работнікамі культуры. Нават ландшафтным дызайнам заняліся запрошаныя аўтарытэтныя спецыялісты. Зараджалася магутнае ядро сельскай інтэлігенцыі, межы якога няўхільна шырыліся. І немалаважнае месца ў гэтым працэсе займала бібліятэка. Спачатку яна месцілася ў прыстасаваным памяшканні, потым займела спецыяльны будынак насупраць тагачаснага калгаснага праўлення. Побач узвялі драўляны клуб. У 1975-м установы перабраліся ў Палац культуры, дзе і па сёння растуць у фае фінікі, лімоны ды бананы. Але не пра іх цяпер гаворка.

Успамінае Тамара Галубоўская, якая з 1984 па 2013 гады працавала начальнікам аддзела культуры Кіраўскага райвыканкама, нарадзілася і жыве ў Мышкавічах:

— Кіравала бібліятэкай па тым часе Вера Бяляцкая. Муж яе працаваў у “Рассвеце” хірургам. Вельмі вялікім аўтарытэтам яны карысталіся. Вера Сцяпанаўна цудоўна ведала сваю справу, умела тактоўна падказаць, параіць. Кніжны фонд быў вельмі вялікім. Не дзіва, бо і тут не абышлося без разваротлівасці Арлоўскага. Бібліятэка з’яўлялася школай любові да роднага краю і аднавяскоўцаў. Такой і засталася.

Буктрэйлер дапаможа

А цяпер — уласна пра бібліятэчныя праекты, старыя ды новыя. Даруйце за вялікую прадмову. Любая адметная справа важная традыцыямі. Вось пра іх і хацелася распавесці. Пойдзем далей.

Калгас “Рассвет” пераўтварыўся ў ААТ “Рассвет” імя Кірылы Арлоўскага”. Больш за 30 гадоў бібліятэку ўзначальвала прафесіянал сваёй справы Эма Бяляўская. Шмат пераняла ў яе Алена Бяляўская, якая з’яўляецца цяпер намеснікам дырэктара сеткі бібліятэк Кіраўскага раёна. Карацей, людзей абыякавых на чале Мышкавіцкай бібліятэкі не было.

Менавіта Алена Яўгенаўна і распавяла мне пра сённяшні дзень установы ў Мышкавічах. Генеральная лінія дзейнасці яе сканцэнтравана ў праграме “Чалавек, які чытае”. Не буду пералічваць усе яе мерапрыемствы (назвы нічога вам не скажуць), але паверце, усе яны дастаткова эфектыўна працуюць на прыцягненне вяскоўцаў у бібліятэку. Паўтаруся пра традыцыі. У Мышкавічах здавён прынята чытаць.

Як кажуць мясцовыя спецыялісты, абавязковы атрыбут прасоўвання кнігі — буктрэйлер. Дадзеныя рэсурсы размешчаны ў сацыяльных сетках, што падлеткі ўспрынялі вельмі станоўча.

“Бусліны край…”

Бібліятэка шчыльна супрацоўнічае з калгасным праўленнем, Мышкавіцкім сельсаветам, Палацам культуры, мясцовай сярэдняй школай і філіялам Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў. У выніку супрацы актывізавалася краязнаўчая дзейнасць. Гэта таксама прыцягнула немалую колькасць моладзі.

У выніку з’явіўся інфармацыйны рэсурс “Бусліны край, мой вырай і прытулак”. І кожны можа даведацца, чым ганарацца вяскоўцы: узорнай гаспадаркай, шасціпавярховай гасцініцай, дыхтоўнымі катэджамі, вежай-капліцай, колішнім броварам і дзіцячым садком, аналагаў якім у СССР не існавала. Інфармацыйныя матэрыялы дапаўняюцца відэаролікамі, дзе сабраны звесткі пра мінулае і сучаснае Мышкавічаў, пра мясцовы храм, знакаміты на ўсю краіну народны гурт “Мілавіца”, які пры Палацы культуры больш за 30 гадоў займаецца адраджэннем і захаваннем беларускага фальклору, традыцый і абрадаў…

Моладзь ведае, што сёння аграгарадок Мышкавічы — таксама узорны , памятае, што справу Героя Савецкага Саюзжа і Сацыялістычнай працы Кірылы Арлоўскага з гонарам працягнулі двойчы Герой Сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў, Герой Расіі Уладзімір Бяляўскі. На цэнтральнай плошчы паселішча ўдзячныя землякі ўсталявалі помнік чалавеку-легендзе Арлоўскаму. Сюды пастаянна прыходзяць і прыязджаюць людзі, прыносяць кветкі.

Летапіс радзімы

Мы заўжды ганарымся тым, што любім. Бібліятэка ў Мышкавічах працягвае сваю працу па прывіцці любові да роднай зямлі. І магчымасцей у яе цяпер невымерна болей. У першыя гады працы ўстанова мела фонд у тры тысячы дакументаў і 197 чытачоў. Сёння фонд перавысіў 17 тысяч асобнікаў, а чытачоў стала больш за 800 чалавек. Праца над стварэннем краязнаўчай базы “Бусліны край, мой вырай і прытулак” працягваецца.

Фота з архіва Мышкавіцкай сельскай бібліятэкі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"