“Радасцея” — ад слова “радасць”

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

Летапіс аднаго з сельскіх Дамоў культуры і яго хору
Такія пісьмы-споведзі прыходзяць на адрас нашай газеты далёка не кожны дзень. Вельмі шкада. Аўтарка не з чужых слоў ведае, як зарабляецца “культурны” хлеб, бачыла, як развівалася сельская самадзейная творчасць, сама брала ўдзел у гэтым працэсе. Але назірала і тое, як пэўныя паселішчы з іх установамі культуры прыйшлі ў заняпад. Аднак аптымізацыя не знішчыла аптымізм гэтай кабеты. Яна, пенсіянерка, па-ранейшаму спявае ў сваім калектыве і верыць у тое, што вёска не знікне, як раса пад сонейкам, і па-ранейшаму застанецца радзімай выбітных асоб, цікавых ідэй, карысных спраў.

/i/content/pi/cult/860/18255/15.jpgЯк усё пачыналася

У 1961 годзе ў вёсцы Прудок Светлагорскага раёна сабраліся даяркі калгаса імя Калініна і ў абедзенны перапынак пачалі спяваць разам з брыгадзірам Марыяй Дзікун. Яшчэ няшмат часу прайшло пасля Вялікай Перамогі. Кожная з жанчын пакаштавала ваеннага ліхалецця. Эвакуацыя, спаленыя вёскі, страта блізкіх, узнаўленне сваіх дамоў і калгасных збудаванняў. На сабе цягалі лес для будаўніцтва. Але раны на душы паступова загойваліся. Вось тады і загучала песня! Была яна і ваенная, і народная, аўтэнтычная.

Аднойчы Марыя прапанавала: “Давайце пойдзем у бібліятэку да Рэгіны і папросім яе дапамагчы з падборам новага рэпертуару”. Так і зрабілі. З таго часу бібліятэка стала месцам пастаянных сустрэч. Знаходзілася яна ў адным будынку з калгаснай канторай. Будаўнічая брыгада зрабіла да яе і прыбудову для клуба. У гэтай брыгадзе працаваў гарманіст Савелій Дашкоў. А пасля заканчэння будаўніцтва старшыня калгаса прызначыў Савелія загадчыкам клуба. Вось так у Прудку і з’явіўся хор даярак. У клуб пачалі хадзіць і даяркі, і механізатары. Канцэртныя праграмы дапамагала ствараць бібліятэкар Рэгіна. Першыя выступленні пачалі ладзіць па святах, пасля — абавязковыя танцы пад гармошку. Кожная важкая калгасная падзея стала суправаджацца канцэртамі. Пачалі выбірацца ў іншыя гаспадаркі раёна. Калектыў стаў налічваць 35 чалавек. Раённы аддзел культуры звярнуў на хор увагу.

І я захацела спяваць!

На пачатку 1970-х вучылася ў Краснабярэжскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, прыехала дамоў у вёску Якімава Слабада. Выпадкова пачула па радыё, як выступае хор з Прудка. Пляскала ў далоні кожнай песні. Выкананне было жывым, вясёлым і вельмі блізкім да мяне, маладой дзяўчыны. У школе і тэхнікуме я брала ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Таму захацелася спяваць у хоры. Лёс склаўся так, што пасля вучобы я пачала працаваць у калгасе імя Калініна (у агранамічнай службе (і жыць у Прудку)), а з 1980 года я спяваю ў калектыве, мары здзяйсняюцца!

Спачатку прыслухоўвалася да Аляксандры Дашкоўскай, Надзеі Музычэнка — цудоўны дуэт. А якія прыпеўкі ў Аляксандры Сяргееўны атрымліваліся! Менавіта яна распавяла, што на акупаванай тэрыторыі жыла разам з мамай. У іх доме жыў стары немец, які за прыпеўкі частаваў дзяўчынку шакаладам, цукрам. А аднойчы яна спела: “Ты на бочке сидишь, бочка с порохом, скоро бочка взлетит вместе с ворогом!” Фашыст быў нецвярозы і вельмі смяяўся…

У калектыве было шмат сваякоў. Савелій Дашкоўскі — загадчык і баяніст, яго жонка Ганна, сёстры Улляна і Соня; Надзея Музычэнка і яе сёстры ды пляменніцы: Ганна, Валя ды Зінаіда.

Раённы аддзел культуры па тым часе ўзначальвала Валянціна Ліпніцкая. А калектыў наш рос за кошт маладых спецыялістаў, налічвалася ў ім амаль паўсотні самадзейных артыстаў. Прудкоўскі клуб набыў статус СДК, а Дашкоўскі стаў яго дырэктарам. Дзейнасць сельскага Дома культуры была шчыльна знітавана з працай калгаса імя Калініна. Але з выступленнямі выязджалі і ў раён, вобласць, рэспубліку. Пасля аварыі на ЧАЭС выступалі ў забруджанай зоне Брагінскага, Нараўлянскага і Петрыкаўскага раёнаў.

Сталі народнымі

Адзначылі сваё 25-годдзе. Калектыў запрасілі для запісу на рэспубліканскім радыё. Нашым музычным кіраўніком былі па чарзе Надзея Аляксеенка, Яўген Цагойка і ягоная жонка Марыя. У 1991 годзе мы сталі народнымі. Неўзабаве ў аддзеле культуры вырашылі, што аграном Людміла Ходар павінна стаць дырэктарам Прудкоўскага СДК. Шчыра кажучы, не чакала. Я адвучылася ў Горацкай акадэміі, адпрацавала 20 гадоў у сельскай гаспадарцы. Але ж і ў калектыве я спявала ўжо 12 гадоў, любіла рыхтаваць маладзёжныя дыскатэкі, навагоднія агеньчыкі… Словам, дала згоду на перавод. Так мае жыццё і праца сталі творчымі.

Першым было купальскае свята. Яно доўжылася ўсю ноч. Кіраўніцтва калгаса выдаткавала вялікі аўтобус, каб на Купалле патрапіў любы ахвотны. Нечакана пра нашы шчыраванні паведаміла абласное радыё.

Як наш ансамбль стаў “Радасцеяй”? Песня павінна прыносіць радасць. Так назва і з’явілася. Падаецца, наша творчасць з ёй не разыходзіцца. Потым узнік дзіцячы калектыў-спадарожнік “Радасцеі” — “Звончыкі”.

З 1997 па 2014 год кіраваў “Радасцеяй” сямейны дуэт Уладзіміра і Валянціны Шуст. Абнавілі рэпертуар, зрабілі дуэт, трыа, квартэт. Мы ўпэўнена бралі высокія месцы на абласных конкурсах.

Калектыў браў удзел у святкаванні 370-годдзя вёскі Прудок. Для гэтага мы ўключылі ў праграму канцэрт аркестра Светлагорскага раённага цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Уладзіміра Ясянецкага. Раней вяскоўцы такога маштабу не бачылі.

А потым нам споўнілася 50. Многія не дажылі да творчага юбілею “Радасцеі”. Час не пашкадаваў і будынак нашага СДК. Сродкі на дробны рамонт яшчэ знаходзіліся, а вось на капітальны… У 2012 годзе пра гэта напісала наша “Культура”. Але сёлета Прудкоўскі СДК зачынілі…

З 2016-га не працую дырэктарам, але “Радасцею” не пакінула. Да слова, кіруе ёю мая нявестка Наталля Ходар. А сам калектыў базуецца цяпер у вёсцы Судовіца, дзе СДК знаходзіцца ў былым дыхтоўным будынку дзіцячага садка. Так што дажыла “Радасцея” да 60 гадоў і паміраць не збіраецца.

Людміла ХОДАР, вёска Прудок Светлагорскага раёна

Фота з архіва аўтара.