Страсці па філармоніі

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Як зрабіць канцэртнае жыццё на Беларусі паўсюдна насычаным, фінансава эфектыўным і, у той самы час, захоўваць яго эстэтычную вартасць, не здраджваць высокаму густу? Менавіта гэтае пытанне стала галоўным пад час пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое прайшло 22 кастрычніка і амаль поўнасцю было прысвечана дзейнасці Беларускай дзяржаўнай і абласных філармоній.

Прычынай актуальнасці гэтага пытання стала тэндэнцыя па скарачэнні колькасці канцэртаў, што ладзяць філармоніі краіны, якая, у сваю чаргу, прывяла і да змяншэння ліку наведвальнікаў. Здавалася б, лічбы досыць нязначныя: так, у 2007 годзе было праведзена на тры працэнты меней канцэртаў, чым у папярэднім, што прывяло да змяншэння глядацкай аўдыторыі на чатыры працэнты. Але, як адзначыў пад час пасяджэння калегіі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, дадзеная сітуацыя патрабуе датклівага аналізу і канкрэтных захадаў па яе выпраўленні.
Пад час свайго дакладу начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч акрэсліў сённяшні стан філарманічнай галіны на Беларусі. Адзначыўшы досыць высокі ўзровень яе развіцця і тэмпы росту паводле асобных паказчыкаў — такіх, як павелічэнне колькасці творчых адзінак, што ў апошнія два гады назіралася ў Белдзяржфілармоніі, Гродзенскай абласной філармоніі, а ў Магілёўскай абласной філармоніі дасягнула амаль 50% за кошт уключэння ў структуру ўстановы некалькіх папулярных ансамбляў, а таксама аб’ёму платных паслуг (план іх агулам філарманічнымі арганізацыямі выконваецца), — дакладчык, аднак, засяродзіў увагу і на некаторых праблемных момантах. Паводле яго слоў, канцэрты, што ладзяцца філармоніямі, не заўсёды вылучаюцца якасцю арганізацыі і належным ідэйна-мастацкім узроўнем, таму патрабуецца правядзенне творчай атэстацыі праграм і выканаўцаў. Яшчэ адзін момант, які патрабуе тэрміновага ўдасканалення, тычыцца выкарыстання сучасных тэхналогій для рэкламы сваёй дзейнасці. Сеня далёка не ўсе філарманічныя арганізацыі маюць якасныя веб-сайты, што рэгулярна абнаўляюцца. Але пасля таго, як калегія засяродзілаўвагу на гэтай праблеме, можна спадзявацца на вырашэнне яе ў найбліжэйшай будучыні.
У дыскусіі адносна перспектыўных інавацый, датычных развіцця філарманічнага руху, узялі ўдзел дырэктары філармоній і начальнікі абласных упраўленняў культуры. Дырэктар Гомельскай абласной філармоніі Віктар Гутыра звярнуў увагу на праблемы ў выкананні плана платных паслуг: на сённяшні момант паказчыкі яго ўстановы пакідаюць жадаць лепшага, аднак на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны, і калі філармонія займее ўласную пляцоўку (рэканструкцыя былога Палаца культуры чыгуначнікаў, які перададзены ёй на баланс, цяпер у самым разгары), сітуацыя мусіць зрушыцца з месца. Гаварылася таксама і пра непаразуменні з іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі ў рэгіёнах, якія з’яўляюцца ўласнікамі канцэртных пляцовак. Па словах Уладзіміра Матвейчука, усе гэтыя спрэчныя моманты павінны вырашацца намаганнямі абласных улад.
Слова пад час пасяджэння калегіі ўзяў і прадзюсер Генадзь Шульман, які засведчыў сваю зацікаўленасць ва ўзаемавыгадным супрацоўніцтве з філарманічнымі арганізацыямі з рэгіёнаў.
Дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар падзяліўся досведам творчай, рэкламнай і прадзюсерскай дзейнасці сваёй установы, у тым ліку гаворка вялася пра джазавыя імпрэзы.
Увогуле, погляды адносна арганізацыі камерцыйных гастролей у зале калегіі гучалі даволі розныя: хтосьці выказваў меркаванне адносна мэтазгоднасці адмежавання гэтай дзейнасці ад філармоній, занятых пераважна сацыяльна значнымі праектамі і стварэння асобных структур, якія б спецыялізаваліся менавіта на прамоўтэрскай працы, хтосьці не бачыў супярэчнасці паміж сацыяльнымі і камерцыйнымі праектамі.
Сярод прапаноў па ўдасканаленні дзейнасці вядучай філарманічнай ўстановы краіны Аляксандр Гарбар назваў стварэнне ўласнай студыі гуказапісу.
Асаблівая ўвага пад час калегіі была звернута на паляпшэнне канцэртнага абслугоўвання тых, хто адпачывае ў санаторыях, што ў перспектыве здатна спрыяць павелічэнню глядацкай аўдыторыі, аб’ёму платных паслуг і папулярызацыі беларускай культуры сярод замежнікаў, якія складаюць значную частку гэтай мэтавай групы.
Як адзначыў у сваёй прамове першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Рылатка, агульнасусветная тэндэнцыя па скарачэнні аўдыторыі канцэртаў акадэмічнай музыкі даецца ў знакі і на Беларусі, аднак філарманічныя арганізацыі павінны дзейсна ёй супрацьстаяць. Значным захадам у гэтым напрамку мае стаць, сярод іншых, і актывізацыя правядзення фестывалю “Беларуская музычная восень”, які ладзіцца не толькі ў Мінску, але і па ўсёй краіне. 

Ілля СВІРЫН