Спадчыне — жыць і квітнець

№ 30 (1521) 24.07.2021 - 30.07.2021 г

БДУКМ і тэатральна-канцэртная сцэна — рэчы непадзельныя. Вось і сёлетняе заканчэнне вучэбнага года ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў было звязана з некалькімі значнымі падзеямі, што знайшлі розгалас у шырокіх грамадскіх колах. Найперш гэта дзве канцэртныя праграмы: “Старонкі музычнай спадчыны” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і “Насустрач пачуццям і думкам крылатым” у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Яднаюць іх не толькі прадстаўнікі адной і той жа навучальнай установы, толькі розных спецыяльнасцяў, але і тэма нацыянальнай гісторыі — беларускасці ў яе самых яркіх выяўленнях.

/i/content/pi/cult/860/18249/6.jpgНа сцэне філармоніі прэзентаваўся праект Беларускага народнага аркестра, адзначаны грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падтрыманы Міністэрствам культуры і кіраўніцтвам самога ўніверсітэта.

— Нацыянальная спадчына — аснова нашага рэпертуару, — распавяла кандыдат мастацтвазнаўства, загадчыца кафедры народна-інструментальнай творчасці БДУКМ, мастацкі кіраўнік і рэжысёр праекта, дырыжор Вольга Немцава. — Штогод ладзім творчыя вечарыны беларускіх кампазітараў, у тым ліку Дзмітрыя Смольскага, Яўгена Глебава, Генадзя Ермачэнкава. Але вельмі хацелася неяк абагульніць назапашаны досвед, падзяліцца ім з публікай. І адначасова спалучыць беларускі фальклор з традыцыйнай культурай іншых краін: Кітая, Японіі, ЗША.

Усё гэта знайшло адлюстраванне ў папраўдзе выбітнай праграме. Бо тут была маляўнічая і адначасова глыбока канцэпцыйная сюіта “Батлейка” Віктара Помазава, творы і апрацоўкі Ігара Лучанка, Вячаслава Кузняцова, Уладзіміра Кур’яна, Аляксандра Крамко, пералажэнні кампазіцый Яўгена Глебава, Уладзіміра Солтана. Надзвычай меладычная музыка Аляксея Туранкова была аздоблена пясочнай анімацыяй (Ірына Гулюта). А “Песня японскай восені” Я.Кувахара ўвогуле суправаджалася харэаграфічнай замалёўкай (артыстка Музычнага тэатра Маюка Она. І ў самой праграме, і ў яе выкананні адчуваўся знакаміты слоган: “Зроблена з любоўю”. Гэта тычылася ўсіх удзельнікаў: не толькі аркестра, але і салістаў, ансамбля “Беларуская песня”, квартэта цымбалістаў.

Такія праграмы павінны быць не аднаразовымі, а рэпертуарнымі! І паказвацца не адно ў сталіцы, але і па ўсёй краіне. Падобныя думкі ёсць і ў саміх арганізатараў — пажадаем здзяйснення гэтых задум і далейшага разгортвання адметнага праекта.

Канцэрт балетмайстарскіх работ у Музычным тэатры, што быў насамрэч вынесеным на публіку дзяржіспытам, таксама вылучаўся і глыбокім пранікненнем у нацыянальную спадчыну, і сінтэзам мастацтваў. Тут былі і паэтычныя аповеды пра беларускую даўніну ды абрады (вёў праграму знакаміты тэлевядучы Дзмітрый Карась — дарэчы, былы выпускнік БДУКМ), і цудоўныя відэашэрагі, што выдатна “кантактавалі” з харэаграфіяй. А галоўнае — “крылатасць” найцікавых ідэй. Дый сама праграма, пры ўсёй яе нумарной структуры (кожны з выпускнікоў павінен быў прадэманстраваць свой нумар, а некаторыя паказвалі і некалькі), выбудавалася ў завершаную тэатральную дзею.

Адкрывала яе Уверцюра Івана Колесава, прысвечаная своеасаблівай прэзентацыі будучых нумароў і ўдзельнікаў, а завяршаў “Бег часу” Аляксандры Сіцшэнка, што філасофскі падсумоўваў усё ўбачанае. У кожным з нумароў — свая разыначка. Тут і “Надзейнае плячо”, дзе Арцём Змітрукевіч выступіў не толькі харэографам (у сааўтарстве з Мікітам Наўроцкім), але і аўтарам музыкі. І “Непасільная ноша” Паўла Казіцкага і Лізаветы Перасунька з выкарыстаннем доўгіх стужак-повязяў, што трымаюць героя. І “Каразель” Юліі Бандарэнка з механістычнасцю лялек, карагод “Вузлы лёсу” Кацярыны Шышко, надзвычай паэтычнай “Багіня Дзявоя” Галіны Жалезнай, “Майстравыя” Мікіты Калініна ды “Бортніцкія справы” Дзмітрыя Крыштава, не пазбаўленыя гумару.

Дадало цікавостак і другое аддзяленне, дзе пераважвала стылістыка народнага танца, але ўсё роўна не было ніводнага нумара без якойсьці арыгінальнай прыдумкі. “Тое маю, што ў руках трымаю” — і акрамя танцоўшчыкаў з’яўляюцца лялькі (дарэчы, вырабленыя самім харэографам Дзмітрыем Цмугуновым). “Ручнік-абярэг” Максіма Іванова — і мы бачым праз харэаграфію сам працэс ткацтва. Ды кожны нумар можна апісваць да бясконцасці!

А эпілогам стала не толькі прадстаўленне ўсіх выпускнікоў курса загадчыцы кафедры харэаграфіі БДУКМ, прафесара Святланы Гуткоўскай, але і дэманстрацыя надзвычай інфарматыўнай відэастужкі — своеасаблівага дайджэста ўсяго зробленага выпускнікамі-харэографамі. Бо тут і шматлікія канцэрты, удзел у адказных дзяржаўных мерапрыемствах, фестывалі, перамогі на конкурсах — творчасць, што віруе і красуе.

— Звярніце ўвагу, — адзначыў старшыня Дзяржаўнай камісіі, народны артыст Беларусі Ігар Артамонаў, — пры спецыялізацыі ў народным танцы выпускнікі валодаюць усёй стылёвай палітрай сучаснай харэаграфіі. І робяць усё з неверагоднай аддачай, энергетыкай, харызмай! Гэтаму маглі б пазайздросціць і некаторыя артысты балета Вялікага тэатра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"