“Нас заўсёды выручалі яднанне і ўзаемадапамога”

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Велічны мемарыял Памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны будзе створаны ў Трасцянцы. Пра гэта заявіў 20 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў час выступлення на мемарыяльным комплексе “Яма”.

Як паведамляе Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы, беларускі лідэр прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў у памяць 65-годдзя трагедыі Мінскага гета. Разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і дыпламатычнага корпуса, шматлікімі замежнымі гасцямі Прэзідэнт ушанаваў хвілінай маўчання памяць тых, хто прыняў пакутніцкую смерць ад рук фашыстаў.
“На гэтым жалобным месцы, вядомым у нашым народзе як мемарыял “Яма”, мы нізка схіляем галовы перад светлай памяццю соцень тысяч мужчын, жанчын і дзяцей, якія сталі ахвярамі жудаснага генацыду, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Менавіта тут спачывае прах вязняў Мінскага гета, знішчанага фашыстамі ў кастрычніку 1943 года. Гэты тужлівы помнік стаіць у адным чорным радзе з Бабіным Ярам, Асвенцымам і Хатынню”.
Адзначыўшы, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: гэта незаменная страта для беларускага народа, які заплаціў страшную цану за вызваленне ад фашысцкага рабства.“Нельга забываць, што гітлераўцы асуджалі на смерць мільёны людзей розных нацыянальнасцей. Беларускіх яўрэяў уцалела толькі жменька. Іх забілі толькі за тое, што яны былі народжаны яўрэямі! Аб усім гэтым глыбока задумваешся тут, на месцы пакутніцкай гібелі вязняў Мінскага гета, сярод якіх былі і дэпартаваныя грамадзяне з многіх краін Еўропы”, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у гэтыя журботныя хвіліны кожны з асаблівай выразнасцю павінен усвядоміць, што азначаюць для цывілізацыі і для кожнага ўзятага паасобку чалавечага жыцця вар’яцкія “расавыя тэорыі”, міжнародны тэрарызм, ксенафобія, нацыяналізм, узведзеныя ў ранг ідэалогіі, філасофіі і палітыкі.
“Вялікая Перамога, дасягнутая бяспрыкладнай барацьбой народаў краін антыгітлераўскай кааліцыі і, перш за ўсё, Савецкага Саюза — галоўнага пераможцы “карычневай чумы”, — стала доказам таго, што жыццё перамагае смерць”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.Беларусы, самі неймаверна пакутуючы ад фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых, блізка да сэрца прынялі яўрэйскае гора, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. “Аб гэтым гавораць імёны соцень нашых суайчыннікаў — праведнікаў народаў свету, якія ратавалі ад немінучай гібелі тысячы яўрэяў — дарослых і дзяцей. Праведнікаў у Беларусі ў тыя страшэнныя гады было вельмі многа — больш, чым у якой-небудзь іншай дзяржаве Еўропы. Гэта красамоўны паказчык спагадлівасці і мужнасці беларусаў”, — заявіў Прэзідэнт.
“Нас заўсёды выручалі яднанне і ўзаемадапамога, сапраўдны інтэрнацыяналізм і прыродная чалавечая высакароднасць. У сучаснай Беларусі шмат робіцца для таго, каб усталяваць прынцыпы гуманізму і добрай волі. Мы свята ўшаноўваем памяць усіх, хто змагаўся з фашызмам. Ніколі не павінны паўтарыцца вар’яцтвы фашыстаў! Ніколі не павінны перамагаць ідэі ксенафобіі і нацыянальнай несправядлівасці!”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як вядома, у гады акупацыі непадалёк ад Мінска знаходзіўся адзін з самых буйных у свеце лагераў смерці — Трасцянец, дзе гітлераўцы знішчылі сотні тысяч людзей, у тым ліку жыхароў Еўропы. Беларускае кіраўніцтва прыняло рашэнне стварыць у Трасцянцы велічны мемарыял Памяці.
“У яго ўзвядзенні, я перакананы, прымуць удзел не толькі беларусы, але і валанцёры з усяго свету, усе, каму дарагі гуманізм, хто лічыць сябе сапраўдным антыфашыстам. Гэта будзе сапраўдны агульнаеўрапейскі помнік — даніна тым пакаленням, на якія выпалі ўвесь цяжар і выпрабаванні ХХ стагоддзя”, — сказаў Прэзідэнт.
“Наш святы дэвіз: “Нішто не забыта, ніхто не забыты!”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ў вялікім даўгу перад памяццю франтавых байцоў, партызан, падпольшчыкаў і ахвяр нацызму”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівую старонку ў гісторыі агульнанароднай барацьбы ў Беларусі ўпісалі яўрэйскія партызанскія брыгады і атрады. “Амаль 15 тысяч яўрэяў змагаліся ў радах народных мсціўцаў разам з беларусамі, рускімі, украінцамі і палякамі. У акупіраванай Усходняй Еўропе нацыянальныя яўрэйскія атрады існавалі толькі на тэрыторыі Беларусі”, — падкрэсліў Прэзідэнт.Аляксандр Лукашэнка цёпла паразмаўляў з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасці і грамадскіх арганізацый, якія прысутнічалі на цырымоніі. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён не мог не прыйсці ў гэта жалобнае месца ў такі памятны для ўсіх жыхароў Беларусі дзень.
Замежныя госці, высока ацаніўшы палітыку беларускага кіраўніцтва, накіраваную на падтрыманне верацярпімасці і мірнага суіснавання прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, падзякавалі Кіраўніку дзяржавы за ўвагу да ахвяр фашызму і ксенафобіі, за вялікую работу па захаванні міру і спакою на беларускай зямлі.
Аляксандр Лукашэнка пад час гутаркі з журналістамі выказаў перакананасць у тым, што памяць аб Халакосце будзе захавана ў Беларусі.
“Нельга забываць аб гэтых трагічных падзеях, — падкрэсліў ён. — Калі мы іх забудзем, яны могуць паўтарыцца”. У сувязі з гэтым вельмі важна ўзвядзенне ў Трасцянцы новага мемарыяла ў памяць ахвяр мінулай вайны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. “У Трасцянцы мы зробім добры, жыццёвы, народны, пазбаўлены празмернай пампезнасці, але велічны помнік”, — дадаў ён.
“Сам факт таго, што мы тут сабраліся, вельмі важны для людзей, асабліва для моладзі. І ўзвядзенне мемарыяла — выключна важнае. Бо мы гэта пакажам усюды, і няхай думаюць: трэба рабіць так, як робяць у Беларусі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ужо было прадстаўлена 14 праектаў гэтага комплексу, але ўсе яны былі адхілены, таму конкурс будзе праведзены паўторна. Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што ўжо ёсць шмат людзей, гатовых аказаць дапамогу ў фінансаванні ўзвядзення помніка.
“Мы будзем гэта рабіць, каб наступныя пакаленні не забывалі аб тым, што адбывалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя”, — сказаў Прэзідэнт. 

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь