З пажаданнем удачы на віцебскай сцэне!

№ 28 (1519) 09.07.2021 - 17.07.2021 г

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” распачнецца 14 ліпеня — сёлета ён будзе юбілейным, 30-м па ліку. Традыцыйна ў яго межах пройдуць дарослы і дзіцячы конкурсы выканаўцаў эстраднай песні. Са сваімі прадстаўнікамі ў конкурсе Беларусь вызначылася яшчэ ў сакавіку, калі ў Барысаве прайшоў фінал нацыянальнага адборачнага тура. Такім чынам, сёлета нашу краіну ў песенных спаборніцтвах “Славянскага базару ў Віцебску — 2021” будуць прадстаўляць двое мінчан: 20-гадовы Данііл Мышкавец і 13-гадовы Канстанцін Мазуркевіч, абодва ў фінале нацыянальнага адбору выступілі пераканаўча і перамаглі іншых канкурсантаў упэўнена. З гэтымі маладымі артыстамі, якіх пакуль не назавеш вядомымі, мы зараз і пазнаёмімся. Удзел у “Славянскім базары ў Віцебску” — сапраўдны шанс праславіцца.

За апошнія гады мы пачалі прызвычайвацца да высокіх месцаў і нават перамог беларусаў у песенных конкурсах віцебскага фестывалю. Летась у дарослым конкурсе выканаўцаў эстраднай песні перамог Раман Волазнеў, а ў Дзіцячым міжнародным конкурсе беларускія артысты перамагалі і летась — Ангеліна Ламака, і пазалетась — Ксенія Галецкая, і ў 2017-м перамагла беларуска — Марыя Магільная. Мяркуючы па выступленнях Данііла Мышкаўца і Канстанціна Мазуркевіча ў фінале беларускага адбору ў Барысаве, і сёлета за беларускіх канкурсантаў як мінімум не будзе сорамна.

Данііл Мышкавец,

прадстаўнік Беларусі ў Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2021”.

/i/content/pi/cult/858/18216/Myshk.jpgНа мінулым тыдні Данііл Мышкавец атрымаў дыплом аб заканчэнні Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, і цяпер ён дыпламаваны “Артыст. Кіраўнік эстраднага калектыву. Настаўнік”. Пра гэтую навучальную ўстанову Данііл гаворыць толькі ў захопленых словах і дзякуе лёсу, што навучаўся тут. Асабліва дзякуе свайму педагогу па вакале, выкладчыку каледжа Дзянісу Лісу, менавіта з ім ён і рыхтуецца да конкурсу. У каледжы мастацтваў музычная падрыхтоўка рознабаковая, і шмат увагі аддаецца джазавай музыцы, што для Данііла Мышкаўца як для вакаліста вельмі важна. Адметны факт, што леташні ўладальнік Гран-пры “Славянскага базару ў Віцебску” Раман Волазнеў таксама заканчваў гэты ж самы Мінскі каледж мастацтваў і таксама з удзячнасцю адзначаў навучанне ў ім. Зараз Раман вельмі паспяховы музыкант, саўндпрадзюсар, працуе ў Маскве, яго песні і музыку выконваюць многія вядомыя артысты.

Праўда, калі прадоўжыць параўнанне Рамана Волазнева і Данііла Мышкаўца, то трэба зазначыць, што Даніілу не ўсё давалася так проста і хутка. І ў каледж ён паступіў не з першага разу, і ў адборы на “Славянскі базар у Віцебску” раней ужо меў не вельмі ўдалы вопыт. Ды што й казаць: сёлета ў сакавіку Данііл перамог на нацыянальным адборы да віцебскага фестывалю, а на пачатку чэрвеня ўдзельнічаў як канкурсант у Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” — і не тое што не перамог, а і ўвогуле не заняў ніякага месца! Праўда, да такога “здарэння” малады артыст паставіўся з гумарам, і яно ніяк не паўплывала на яго настрой перад конкурсам “Славянскага базару ў Віцебску”.

Свае конкурсныя песні Данііл Мышкавец не мяняў, на сцэне віцебскага амфітэатра прагучаць тыя ж самыя творы, што і ў фінале нацыянальнага адбору ў Барысаве. За іх выкананне былі атрыманы вельмі высокія адзнакі, і адрыў ад артысткі, што заняла другое месца, быў значны: у сэнсе, не было падстаў шукаць нешта іншае. Адзінае што, цяпер “Славянскі хіт” давядзецца спяваць не пад “мінус адзін”, а ў суправаджэнні аркестра — і гэта будзе Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова. Для сябе 20-гадовы артыст абраў чамусьці вельмі даўнюю і не вельмі вядомую беларускую эстрадную песню — бо шукаў менавіта не сярод сучаснай музыкі, а з так званай песеннай класікі  — “Я магу купіць каханне” кампазітара Леаніда Захлеўнага на словы паэта Леаніда Пранчака. Данііл кажа, што любіць песні са зместам, да таго ж гэтая кампазіцыя сваёй мелодыкай і драматызмам вельмі падыходзіць для вакальных конкурсаў. А спяваць з аркестрам Даніілу даводзілася ўжо неаднойчы, у тым ліку і з гэтым самым Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь. Сусветны хіт — таксама меладычная, прыгожая і запамінальная балада групы Scorpions “Maybe I, Maybe You”. На мой погляд, маладому спеваку яна ўдаецца значна лепей — атрымліваецца паказаць не толькі вакальнае майстэрства, але і эмоцыі, у ёй ён пачувае сябе больш гарманічна.

Як кажа кампазітар Алена Атрашкевіч — старшыня камісіі “Мастацтва эстрады (спевы)” Мінскага каледжа мастацтваў, для кагосьці Данііл Мышкавец можа падацца “тёмной лошадкой”, але ў каледжы добра ведаюць яго талент, працаздольнасць і адказнасць. Акрамя таго, у яго добры густ і ён умее змагацца, таму ўсе шансы на перамогу мае.

Дыплом Данііл атрымаў толькі зараз, але ж педагогам па вакале працуе ўжо амаль чатыры гады, — практычна столькі ж, колькі навучаўся ў каледжы: ён вучыць спяваць дзяцей, і, кажуць, у яго гэта атрымліваецца. Хоць сваіх уласных песень, якія гучалі б у эфірах на радыё, яшчэ не запісваў, але ж вопыт выступленняў і нават здымак у тэлеперадачах — “Наперад у мінулае”, “Макаёнка, 4”, “Сыграй мяне, калі зможаш” — ужо ёсць. Увогуле, Данііл кажа, што тэлебачанне яго моцна вабіць і ён хацеў бы там працаваць — і рэпарцёрам, і стваральнікам праграм. Хацеў бы паступіць і ва Універсітэт культуры на спецыяльнасць “Менеджмент сацыякультурнай сферы”. Прызнаецца, што гэтак жа, як пакуль шукае свой стыль у музыцы, так і па-за ёй яшчэ не вызначыўся з прыярытэтамі. А у свой час ён іграў і ў КВН, і спяваў у фальклорным ансамблі “Неруш”. Зараз мае свой бэнд, у якім з іншымі маладымі музыкантамі выконвае аўтарскую музыку, але гэта таксама яшчэ спробы і пошукі свайго месца ў музыцы.

Конкурс “Славянскага базару ў Віцебску” для Данііла пакуль самы вялікі і прэстыжны, рыхтуецца да яго артыст вельмі адказна. Праўда, прайшоўшы раней праз шматлікія спаборніцтвы, заўважае, што гэта ўсё ж не ягоная стыхія: яму падабаецца проста выступаць. Але “Славянскі базар у Віцебску” — крыху іншая справа. Данііл якраз з тых людзей, хто з года ў год сочыць за гэтым фестывалем, хто глядзіць конкурсныя канцэрты, хто, мабыць, даўно ўжо ўяўляў сябе на гэтай сцэне, і вось мара юнака неўзабаве здзейсніцца.

Дарэчы, у падрыхтоўцы да выступлення нашы маладыя артысты не засталіся сам-насам: і Данііл Мышкавец, і Канстанцін Мазуркевіч вельмі ўдзячныя Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, якое вырашала пытанні і прадастаўляла ўсё патрэбнае: і належных педагогаў забяспечвала, і харэографаў, каб у міжнародным спаборніцтве беларускія канкурсанты змаглі паказаць сябе найлепшым чынам.

Канстанцін Мазуркевіч,

прадстаўнік Беларусі ў Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2021”.

/i/content/pi/cult/858/18216/Mazurk.jpgМінчанін Канстанцін Мазуркевіч ужо увайшоў у гісторыю нацыянальных адбораў да дзіцячага конкурсу “Славянскага базару у Віцебску”. Калі ў Барысаве ён выканаў сваю першую песню — “Падзяка сэрца” з рэпертуару Uzari — гэта было настолькі пераканаўча і нават бліскуча, што журы паставіла яму ўсе дзясяткі! Я думаю, ужо тады было зразумела — хоць наперадзе было яшчэ і выкананне другой песні, і спевы амаль усіх астатніх канкурсантаў, што ў Віцебск паедзе менавіта Канстанцін.

Зараз яму 13 гадоў, у музыцы ён далёка не пачатковец — вучыцца ёй у мінскай гімназіі № 192. Іграе на фартэпіяна, а вось вакалам ушчыльную пачаў займацца толькі тры гады таму: аказалася, што ў яго добра атрымліваецца спяваць. Да таго ж у Канстанціна і адпаведная сцэнічная знешнасць, і на сцэне ён пачувае сябе ўпэўнена. Гэтыя тры гады ў школе вакалу “Мікс” з ім працуе педагог Марыя Абасава, якая акрамя навучання дапамагала рыхтаваццца да ўсіх конкурсаў, уключна са “Славянскім базарам у Віцебску”. Марыя Абасава лічыць, што ў яе вучня вялікі талент, а акрамя таго — ён сапраўдная асоба.

Хоць і не так даўно юнак пачаў спяваць, але ўжо можа пахваліцца шэрагам перамог у розных конкурсах. З узроўнем віцебскага, канешне, яны параўнацца не могуць. Увогуле, і ў адборы да “Славянскага базару ў Віцебску” Канстанцін Мазуркевіч раней не ўдзельнічаў, ды й не вельмі цікавіўся фестывалем, для яго гэта новая тэма. Праўда, год таму яна стала вельмі блізкай і актуальнай, калі Гран-пры ў Дзіцячым міжнародным конкурсе “Віцебск-2020” узяла Ангеліна Ламака, навучэнка той жа гімназіі № 192, дзе вучыцца і Канстанцін. Можна ўявіць, як бы гімназія хацела, каб яе навучэнец другі год запар узяў Гран-пры конкурсу!

У Віцебску прагучыць ізноў жа “Падзяка сэрца” — за дазвол яе выкарыстаць і за фанаграму Канстанцін Мазуркевіч шчыра дзякуе Юрыю Наўроцкаму, які вядомы пад псеўданімам Uzari. А вось назву другой песні — а гэта будзе іншая кампазіцыя, не тая, што гучала на адборы ў Барысаве і якая ў юнага артыста атрымалася крыху горш за першую — вырашана да самога конкурсу не адкрываць. Вядома толькі, што кампазіцыя будзе на англійскай мове.

Як бы ні склалася гісторыя з конкурсам “Славянскага базару ў Віцебску”, Канстанцін Мазуркевіч плануе звязаць сваё жыццё менавіта з музыкай. Хоць у 13-гадовым узросце ў яго наперадзе яшчэ шмат часу для выбару, але зараз ён кажа, што хоча паступаць вучыцца на джазавую музыку.

XIX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2021” пройдзе на сцэне канцэртнай залы “Віцебск” 17 і 18 ліпеня, пачатак канцэртаў а 15-й гадзіне. XXX Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2021” пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра: 17 ліпеня канкурсанты выканаюць “Сусветны хіт”, разам з імі будзе выступаць балет Алы Духавай “Todes”. А вось другі тур з выкананнем “Славянскага хіта” ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова пройдзе 18 ліпеня ў межах канцэрта-закрыцця фестывалю “Славянскі базар у Віцебску — 2021”. Традыцыйна, конкурсныя канцэрты можна будзе ўбачыць у прамой тэлетрансляцыі, што зладзіць Белтэлерадыёкампанія.

Фота з уласных архіваў артыстаў.