На рушніку ўсяго багата

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Роўна праз тыдзень, акурат 10 ліпеня, аграгарадок Александрыя зноў збярэ сяброў на Купалле. Праграма свята, як заўжды, дужа насычаная. І з заўсёднымі разыначкамі!

/i/content/pi/cult/857/18206/026.jpgТут і разнастайныя выставы, і кірмашы (у тым ліку кніжныя), узнагароджванне працаўнікоў сяла, багатая канцэртная афіша ды цыркавыя выступленні. Сімвалам сёлетняга свята абраны рушнік, які асацыюецца з гасціннай сустрэчай сяброў хлебам-соллю ды іншымі прысмакамі (у тым ліку мастацкімі), якіх на тым рушніку шмат.

А пасярод усёй гэтай разнастайнасці — мюзікл “Вянок на вадзе”, падрыхтаваны Магілёўскай абласной філармоніяй.

— Падзеі мюзікла, — распавяла мастацкі кіраўнік Магілёўскай абласной філармоніі Алена Беланожка, якая выступіла аўтарам лібрэта і рэжысёрам новага спектакля, — разгортваюцца ў час Купалля. Кампазітар Сяргей Цямрук напісаў для гэтага мюзікла 11 арыгінальных кампазіцый, да таго ж мы выкарысталі дзве беларускія народныя песні. Усё зроблена сваімі сіламі — салістаў, творчых калектываў, супрацоўнікаў Магілёўскай філармоніі. На сцэне можна будзе ўбачыць ансамбль песні і танца “Медуніца”, вакальны ансамбль “Весялуха NEW”. Сцэнічныя строі, як кажуць у такіх выпадках, на падборы. Выкарыстоўваем відэа, і гэта дае магчымасць стварыць добры сцэнічны антураж — тым больш што ўсё гэта будзе на адкрытай пляцоўцы. Надалей плануем паказваць мюзікл на іншых пляцоўках краіны як гэткі гастрольны варыянт. Для такіх паказаў ён можа крыху пашырыцца, бо цяпер мы абмежаваны ў часе і на ўсталяванне дэкарацый, і на сам спектакль — не больш за гадзіну. Зразумела, музычныя спектаклі — не зусім філарманічны напрамак, гэтым павінны займацца найперш тэатральныя калектывы. Але мы шукаем новыя формы працы, і тэатралізаваны кірунак сёння — адзін з самых прывабных для гледачоў. А сюжэт — самы што ні ёсць купальскі. Да прыгажуні Веранікі заляцаюцца тры хлопцы, і яна прыдумляе ім выпрабаванне: хто прынясе ёй папараць-кветку, той і стане мужам. Хлопцы рушаць у лес на пошукі, ды трапляюць у палон да нячысцікаў, і дзяўчаты кідаюцца іх вызваляць. Але ўсё заканчваецца добра. І знойдзеная, нарэшце, папараць-кветка будзе прыносціь шчасце для ўсёй краіны. Ці ж гэта не сімвалічна?