Без тэрміну даўнасці

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Чужы боль для беларуса ніколі не быў чужым, і дапамагчы іншаму — заўсёды лічылася за гонар. Гаворка пра — 600 чалавек, праведнікаў свету, якія ў часы Вялікай Айчыннай вайны, рызыкуючы сваім жыццём, ратавалі яўрэяў ад смерці, у тым ліку і ў Мінскім гета.

 /i/content/pi/cult/181/1820/Bez terminu.jpg
 Выява часткі карты Мінскага гета.
Выстаўка “Вайна. Халакост.
Памяць без тэрміну даўнасці”, што адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў межах Дзён памяці 65 гадавіны знішчэння Мінскага гета, дазваляе даведацца пра жыццё яўрэяў з часоў іх з’яўлення на нашых землях, па паштоўках, прадстаўленых Уладзімірам Ліхадзедавым, пабачыць побыт і традыцыі. Але ж асноўная мэта праекта, па словах малодшага навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі партызанскага руху Андрэя Максімчыка, — праўдзіва расказаць пра трагедыю яўрэйскага народа і шчырую дапамогу ў яго выратаванні мясцовымі жыхарамі.
На створаных для выстаўкі планшэтах можна прасачыць гісторыю стварэння гета, пачытаць нямецкія дакументы, датаваныя ліпенем 1941 года, убачыць выявы тамтэйшай тэрыторыі. Фотаматэрыялы аб масавых катаваннях, успаміны палонных, артыкулы з рукапісных і друкаваных партызанскіх ды падпольных газет, дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі сведчаць пра жахлівыя злачынствы акупантаў.
Вязні ж, нягледзячы на ўсе нягоды, спадзяваліся, верылі, што выжывуць, вернуцца дамоў. Гэта можна зразумець з прадстаўленых рэчаў з таго месца, што былі знойдзены супрацоўнікамі музея і вайскоўцамі спецыяльнага пошукавага батальёна ў пасляваенны час: акрамя посуду, побытавых прадметаў, на выстаўцы змешчаны медыцынскія і іншыя працоўныя інструменты, шыльды, хатнія ключы… Стваральнікі выстаўкі не абмінулі сваёй увагай і асвятленне тэмы захавання памяці ахвяр Халакоста ў Беларусі і Германіі, яе адлюстраванне ў жывапісе.
Варта адзначыць і сучасны падыход музея да стварэння выставак і паказу старонак айчыннай гісторыі. Так, праект мае больш падрабязную электронную версію, з якой могуць пазнаёміцца як наведвальнікі музея, так і навучальныя ўстановы краіны. У ёй можна знайсці гласарый з тлумачэннем асноўных тэрмінаў, што дапаможа лепш успрыняць прапанаваную інфармацыю.
Акрамя гэтага,да 65-х угодкаў трагедыі Мінскага гета быў прымеркаваны ІІ Рэспубліканскі конкурс “Халакост. Гісторыя. Урокі талерантнасці”, у якім прынялі ўдзел 919 школьнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў з усёй краіны, што сведчыць пра важнасць захавання памяці пра гэтую жахлівую трагедыю. 

Канстанцін АНТАНОВІЧ