Парадоксы памежжа Валянціна Губарава

№ 27 (1518) 03.07.2021 - 09.07.2021 г

Пад яго пэндзлем нараджаецца асяроддзе, у якім пульсуе Сусвет “маленькага чалавека”
Яго называюць беларускім Брэйгелем, але мне здаецца гэта параўнанне не толькі не трапнае, але нават і не блізкае да Сусвету Валянціна Губарава. Ні Пітэр Брэйгель Старэйшы, ні малодшыя Брэйгелі не нясуць тых сэнсаў і эмоцый, якія адразу ж ўспыхваюць пры разглядзе карцін нашага мастака. Брэйгелі тварылі зусім у іншай манеры. Іх сэнсы і эмоцыі больш халодныя, максімальна адхіленыя ад цеплыні чалавечага сэрца, у іх панурасць не пакідае прасторы для светлага смутку. У Губарава, насупраць, светлы смутак выносіць за межы яго палотнаў усякі намёк на цяжкую панурасць. Неверагодны космас “маленькага чалавека”, які прадстаўлены і ў жывапісе, і ў кіно, і ў літаратуры, — вось тыя арыенціры, якія праглядваюцца ў працах Валянціна Губарава. Чарлі Чаплін з нямога кіно шпацыруе сваёй недарэчнай паходкай па сюжэтах яго карцін, сумна ўсміхаючыся і кранальна распавядаючы нам свае, здавалася б, немудрагелістыя гісторыі.

/i/content/pi/cult/857/18191/05.jpgНакіроўваючыся ў майстэрню мастака, іду праз «гістарычную частку» Нямігі. Тут шмат шкла, агрэсіўнага бетону, цяжкавагавага ўрбаністычнага асяроддзя, — усяго таго, што сёння сваім маналітным шматпавярховым аб’ёмам закрывае Ракаўскае прадмесце з боку Верхняга горада. Адарваная ад прадмесця Петрапаўлаўская царква сіратліва ўпіраецца фасадам у чыесьці зашклёныя шырокія балконы. Успамінаю крывыя вулачкі, невысокія дамкі з дварамі-студнямі, якія прыціскаюцца адзін да аднаго. У пачатку 70-х атмасфера старога горада на Нямізе ўжо сыходзіла, але яшчэ ўсё-ткі адчувалася. Лаўлю сябе на думцы, што някідкі правінцыйны гарадскі каларыт прысутнічае і ў карцінах Валянціна Губарава, быццам бы падкрэсліваючы патаемныя рысы яго герояў.

Не адразу заўважаю, што эклектыка яго майстэрні мае сваю логіку. Тут пункцірна прасочваецца і выпрацаваная гадамі стылістыка мастака, і ў цэлым шлях майстра да поспеху.

На цэнтральнай сцяне — постары яго самых розных, у тым ліку і міжнародных выстаў, ўзнагароды, граматы, фота ўрачыстых рукапаціснутых сустрэч, рарытэтнае крэсла, прымацаванае амаль ля самай столі да сцяны, на крэсле — бляшаны збан з ручкай. Крыху ніжэй крэсла — невялікая палічка, на якой размясціліся савецкі тэрмас, пачак папярос “Беломорканал”, дзве рознакаліберныя бутэлькі. Унізе на паліцы з кнігамі — старая швейная машынка.

На другой сцяне вісяць ярка распісаная гітара, выцвілы дыван, мабыць, гадоў 70-х: у лесе замер алень з галінастымі рагамі. На прыстаўной этажэрцы звесіўшы ногі, побач з пэндзлямі сядзіць клоўн. Тут жа вылітая з бронзы міні-праца мастака — прасцяцкага выгляду чалавек ў капелюшы. Ну, і побач кучарава распісаны бык, які міралюбна гутарыць з не менш каларытнай каровай.

А яшчэ на адной сцяне — карціны, напісаныя выключна ў акадэмічнай манеры.

Углядваюся ў іх і цікаўлюся, хто іх аўтар.

— Сваю першую “карціну” я "стварыў", напэўна, калі мне было гады тры, — усміхаецца мастак. — Можа быць, гэта было ў дзіцячым садзе. Не памятаю, але ведаю дакладна, што шлях да ўласнага стылю ў мяне быў значна больш доўгі, чым ад дома да дзіцячага саду. Гэтыя карціны ў акадэмічнай манеры — мае. Разумею, што, на першы погляд, ад цяперашняга Губарава ў іх быццам бы нічога і няма... Але ў мяне сапраўды была маса класічна акадэмічных работ. У вучылішчы я ўсё гэта рабіў лёгка, атрымліваў пяцёркі. Потым раптам з’явіліся кнігі, у якіх выкрывалася разбэшчанае заходняе мастацтва (імпрэсіяністаў, постімпрэсіяністаў, кубістаў, іншых...). Праз гэтыя кнігі я адкрыў, што, аказваецца, і ў такой стылістыцы можна пісаць... І ўсё.
Я пачаў працаваць у самых розных тэхніках. Мне сталі нават двойкі ставіць. Потым, ужо ў інстытуце, выкладчыкі ў мяне былі цудоўныя — убачылі, што я нешта магу, і таму дазвалялі рабіць практычна ўсё. Адным словам, падчас вучобы я шукаў сябе і, можа быць, толькі праз год-два прыйшоў да свайго асабістага стылю, да сваёй манеры пісьма.

— Калі браць літаратуру, то ў вашых працах ёсць нешта і ад Гогаля, і ад Чэхава, і нават ад Кафкі. Праўда, прырода вашага погляду на свет — выключна цёплая і кранальная. Маленькі чалавек, светаўспрыманне якога пашыраецца ледзь не да маштабаў Сусвету. Часта назіраеце ў жыцці тое, што затым, дадаючы сімволіку, тонкі падтэкст, пераносіце на паперу ці палатно?

— Уся мая творчасць грунтуецца на ўспамінах дзяцінства, юнацтва, сталасці, і вядома, я па-свойму ўзіраюся ў жыццё, ёсць тонкасці... Дапусцім, для мяне вельмі важна ў банальным убачыць небанальнае. Імкнуся да таго, каб нават самы непатрабавальны глядач, разглядаючы мае карціны, разгледзеў тое, што напоўніць душу хоць крышачку суперажываннем, дабрынёй.

Неяк адна жанчына адгукнулася на маю працу ў Facebook і напісала, што любіць Чэхава і ў маёй творчасці знаходзіць чалавечую далікатнасць. Я люблю восень, светлы смутак. Так, гэта ў маіх работах ёсць. Напэўна, глядач гэта разумее і, калі глядзіць карціны, можа быць, адчувае нейкае тэрапеўтычнае ўздзеянне. Даволі знакамітая жанчына-ўрач (яна аб’ездзіла паўсвету, выкладае ў Японіі), выступаючы на адной з маіх выстаў, сказала: “Добра б было, калі б Валянціну Губараву далі званне заслужанага псіхатэрапеўта. Яго карціны лечаць”.

Свядома сыходжу ў сваёй творчасці ад пафасу, гламуру. Пры гэтым, вядома, магу з гэтымі паняццямі трохі іранічна пагуляць.

Для мяне прастата чалавечых адносін вельмі важная. Таму на маіх карцінах усюды намаляваная правінцыя (хоць я ніколі там і не жыў... ці жыў у якім-небудзь папярэднім жыцці?) Мне здаецца, у правінцыі крыху больш чысціні, шчырасці. Усё ж такі там няма такой крывадушнасці, людзі значна прасцей, лепей і дабрадушней, няма каменя за пазухай. Можа, у іх і ёсць нейкая невялікая хітрасць, але яна ад зямлі. Гэта людзі, якіх я люблю. Гэта мае героі. У маіх карцінах няма складнасці, анфіладаў, ўсё быццам бы непрапарцыйна, крыва ды наўскос, але, дзякуй Богу, у мяне ёсць пачуццё меры, ці што... Я люблю межы, люблю памежжа, але людзі разумеюць, што ў маіх карцінах няма сатыры і нават гратэску няма. Там ёсць іронія. Я даходжу да яе і не пераходжу межаў. Але парадоксы памежжа мне падабаюцца. У гэта я ўкладаю ўсе свае асноўныя сэнсы.

— Вы скончылі Горкаўскае мастацкае вучылішча і Маскоўскі паліграфічны інстытут. Наколькі наогул карысна адукацыя для мастака? Ці не адводзіць яна ў бок ад таленту, ці не нівеліруе яго (калі ён, зразумела, ёсць)?

— Такую думку, вядома, і сёння можна пачуць: адукацыя псуе адоранага чалавека, мастаку адукацыя не патрэбна, маўляў, губляецца самабытнасць і г.д. Мне здаецца, гэта думка — няправільная, яна для апраўдання слабых. Вядома ж, калі ў цябе ёсць моцны ўнутраны стрыжань, калі цябе па жыцці вядзе нешта толькі тваё патаемнае, то адукацыя дае проста вялізныя магчымасці. Іх грэх не выкарыстаць. Яна, акрамя рамесніцтва, прапаноўвае яшчэ развіццё, зводзіць з самымі рознымі цікавымі людзьмі, выпрацоўвае курс руху, але выбар, вядома, павінен заставацца за табой. Ты бачыш, як працуюць іншыя, абменьваешся ідэямі, вопытам. Да таго ж пяць гадоў ты маеш магчымасць вывучаць анатомію і структуру цела чалавека, маляваць з натуры партрэты людзей, самыя розныя нацюрморты, — гэта, несумненна, вельмі патрэбная незаменная практыка. Адмовіцца ад яе — моцна абдзяліць сябе.

— У вас сюжэтныя карціны. Іх можна дэталёва разглядаць, як своеасаблівыя міністужкі. Старанна прапісаныя дэталі, бытавыя падрабязнасці. Як бы вы самі маглі ахарактарызаваць свой стыль? Соц-арт, “наіўнае мастацтва”?

— Усё, што я раблю, арганічна з маім унутраным светам. Гэта галоўнае. Сапраўднае мастацтва і ўзнікае тады, калі яно сумленнае, арганічнае. А мяняцца трэба не ў сувязі з кан’юнктурай, а зыходзячы з унутраных духоўных патрэбаў. Усё маё развіццё як мастака адбывалася натуральным шляхам.

Мне даводзілася чуць, што мой стыль — “прафесійны наіў”. Розныя ёсць думкі і тлумачэнні. Адзін вельмі вядомы аўстрыйскі галерыст, шматгадовы вядучы тэлепраграм па мастацтве, неяк, на мой погляд, даволі дакладна сказаў: “Я ўвогуле не люблю наіўнае мастацтва, але карціны Валянціна Губарава — гэта не наіўнае мастацтва”. Не памылюся, калі скажу, што працую ва ўласнай стылістыцы, у якой закладзена маё светаадчуванне і мой вопыт. Гэта вечная тэма “маленькага чалавека”, да якой звярталіся многія мастакі. Так, я яе працягваю. Мабыць, яна будзе заўсёды актуальнай. Мой без малога трыццацігадовы кантракт з французскай галерэяй “Les Tournesols” (Парыж) гаворыць пра тое, што французам, быць можа, не заўсёды зразумелы бытавы антураж маіх карцін, але праблемы чалавека, звычайнага чалавека яны таксама добра разумеюць, як беларусы, немцы ці англічане.

Ведаеце, у мяне былі выставы ў самых розных краінах. У Аўстрыі ў галерэі ў Вене мне працягваюць каталог аўкцыёну “Christie`s” (Лондан) — на вокладцы мая карціна... Выстаўляліся мае працы і на іншых аўкцыёнах “Drouot Richelieu” (Парыж), “KINSKY” (Вена). У Дубаі (ААЭ) тры гады я сумняваўся, ці варта выстаўляцца, але потым выстава прайшла вельмі ўдала — усе карціны былі прададзеныя.

Альбомы з рэпрадукцыямі маіх прац ужо сталі рарытэтнымі, гады два таму прыязджалі амерыканцы — змаглі купіць адзін з маіх альбомаў толькі на аўкцыёне.

Так што я мог бы даўно з’ехаць з маёй краіны. У мяне такая рэальная магчымасць была і ёсць. Але навошта мне кудысьці з’язджаць? Тут мая зямля, энергетыка. Гэта ж праўда, я чэрпаю ўсё адсюль. Тут мае родныя людзі, мае персанажы. І я іх люблю.