Спадар Валянцін малюе правінцыю. Прычым пад правінцыяй ён разумее не геалакацыю ці адміністрацыйны статус паселішчаў, але стан душы насельнікаў. Правінцыю ён пры патрэбе знойдзе і ў Парыжы, і ў Нью-Ёрку. Асабіста я бачу на ягоных карцінах Мінск 60-х гадоў. Тады літаральна ў двух кроках ад цэнтральнага праспекта людзі жылі па-вясковаму, па траве босымі нагамі хадзілі. Дык тое Мінск, сталіца, а была яшчэ і глыбінка. Цяпер тая мінская зямля, лічы, залатая — забудаваная офісамі і элітным жытлом. А вось ці змяніліся сутнасна з тае пары людзі?
Славуты французскі фільм “Працэс” пра бессмяротную і бесчалавечную бюракратыю захоўвае сюжэт класічнай у сваім шэрагу кнігі Франца Кафкі, але дзея перанесена з пачатку стагоддзя ў рэаліі 60-х гадоў, з неназванага правінцыйнага гарадка ў мегаполіс. І атрымалася нібыта Кафка, і нібыта не. Нібыта ўсё тое ж, ды не так.
Такім шляхам мог пайсці і бард глабальнай правінцыі Валянцін Губараў. Але ён свядома засяляе сваіх герояў у кананічнае для іх натуры асяроддзе — у нашу глыбінку мяжы 50—60-х гадоў. Хоць падобныя клоны можна сустрэць сёння, здаецца, на ўсіх кантынентах, і ходзяць яны не босымі нагамі па траве, а перасоўваюцца на “мерсах” і “таётах”. Валянцін Губараў — рэжысёр, які засяроджаны на акцёрах, якія іграюць у спектаклі, якому не адна сотня год. А дэкарацыі для рэжысёра ў дадзеным выпадку — справа другасная. Ды і гледачам, заўзятарам ягонай творчасці, даспадобы менавіта такі антураж. Прынамсі, так мне падаецца.