Без песень, але з завірухай

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Галіна ГАРЭЛАВА — адзін з самых запатрабаваных сёння нашых кампазітараў. Яе музыка гучыць не толькі ў нашай краіне, але і ў замежжы, вядучыя выканальніцкія калектывы і салісты замаўляюць ёй новыя творы. У 1992 годзе за кантату “Anno mundi ardentis” (“У год сусветнага пажару”) на вершы паэтаў ХХ стагоддзя была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Але ж не меней дарагой застаецца для яе і прэмія Ленінскага камсамола:

 /i/content/pi/cult/181/1819/Bez pesen.jpg
— Я атрымлівала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі ў
1986 годзе, літаральна перад самай перабудовай. І стала, такім чынам, адным з апошніх яе лаўрэатаў. Таму, мабыць, і сама гісторыя майго вылучэння не зусім звычайная. Калі на чарговым пасяджэнні Праўлення Беларускага саюза кампазітараў (на той час — Саюза кампазітараў БССР) была прапанавана мая кандыдатура, гэта выклікала здзіўленне некаторых калег. Бо лічылася, што прэмія Ленінскага камсамола даецца кампазітарам выключна за песні. Мяне ж вылучылі — “За дзіцячую музыку і камерна-інструментальныя творы”. Сярод тых твораў былі і сюіта “Снетагорскія фрэскі” для габоя і фартэпіяна, і вакальны цыкл “Хвала беднякам” на вершы Беранжэ. А вось песень — не было.
Нельга сказаць, што я песень увогуле ніколі не пісала. У той час рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі быў народны артыст рэспублікі, прафесар Уладзімір Алоўнікаў — адзін з нашых самых прызнаных кампазітараў. Уладзімір Уладзіміравіч быў ініцыятарам штогодняга студэнцкага конкурсу на лепшую песню. І ўсе, хто навучаўся на аддзяленні кампазіцыі, былі абавязаны ў ім удзельнічаць. Вядома, удзельнічалі ў тым конкурсе і мы, выхаванцы класа знакамітага Дзмітрыя Смольскага. Ён, дарэчы, і сам у свой час пісаў песні, асабліва папулярнай была “Абеліскі”. Дзмітрый Браніслававіч сапраўды даў усім нам такую школу, што мы маглі напісаць — усё. На тых жа згаданых мной конкурсах перамагалі звычайна тыя аўтары, якіх мы і сёння ведаем, найперш, як кампазітараў-песеннікаў: Валерый Іваноў, Валодзя Буднік. Я ж двойчы займала трэцяе месца. І калі мяне ўжо вылучылі на атрыманне прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, дык многія раілі: “Напішы тэрмінова некалькі песень камсамольскіх — тады ні ў кога ніякіх пытанняў не будзе. Ну што табе каштуе? Ты ж умееш!” Але ж умець — гэта адно, а пісаць трэба менавіта тое, што табе даецца лепей. І мне, шчыра кажучы, не хацелася “дзеля прэміі” крывіць душой. Так я песню камсамольскую і не напісала. А прэмію, да здзіўлення многіх, атрымала. Гэта быў год Чарнобыльскай катастрофы, і вельмі хацелася дапамагчы дзецям з пацярпелых тэрыторый. З гэтай прапановай лаўрэаты прэміі таго года і звярнуліся да камсамольскіх кіраўнікоў. Нам дапамагла Кацярына Копелева: яна стэлефанавалася са Слаўгарадскім дзіцячым домам, і яго дырэктар склаў спіс неабходных для выхаванцаў рэчаў.
Зараз ужо не помню ўсяго, што там было, але лыжныя касцюмы былі дакладна. І мы паехалі ўсё гэта ўручаць дзецям. Узялі з сабой артыстаў, каб даць яшчэ канцэрт са сваіх твораў. Было гэта ўжо ў канцы лютага 87-га, завіруха ў той дзень мяла неверагодна.Ехалі доўга, амаль нічога не было відаць. Але дзіцячыя ўсмешкі нас адагрэлі. Асабліва кранальна было тое, што дзеці, у сваю чаргу, прапанавалі нам “канцэрт у адказ”. І сёння, прызнацца, я нават не ведаю, на каго той візіт зрабіў большае ўражанне: на дзяцей ці на нас саміх... 

Надзея БУНЦЭВІЧ