Пакланіцца народу

№ 43 (861) 25.10.2008 - 31.10.2008 г

Калі мы шукалі асоб, што могуць стаць увасабленнем пэўнага перыяду і пэўнага часу ў гісторыі камсамола, хацелася закрануць і “летапісцаў эпохі” — калег-журналістаў. Сярод лаўрэатаў прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за 1984 год была і цяперашні спецыяльны карэспандэнт “Культуры” Вольга ЯГОРАВА:

 /i/content/pi/cult/181/1818/Paklanicca.jpg

— Тыя часы — сярэдзіна 1980-х, калі атрымала прэмію Ленінскага камсамола Беларусі — гэта маё ўваходжанне ў журналісцкую сталасць.
Падаецца, мы праходзім на зямлі толькі ўрокі: адны дае нам час, Айчына, іншыя — нашы сябры і блізкія. Дзякуючы ўсяму гэтаму і выхоўваецца чалавек прыстойны і маральны.
Мне пашанцавала: амаль з першага дня пасля заканчэння універсітэта я пачала працаваць у цудоўнай рэдакцыі “Сельскай газеты”. Там пазнаёмілася і на ўсё жыццё пасябравала з Алесем Адамовічам, Васілём Быкавым, Жэняй Янішчыц. Пашчасціла мне працаваць поруч з Зояй Зданоўскай, а задачай маёй было ездзіць у камандзіроўкі па лістах. Можна сказаць, наш аддзел быў своеасаблівай “газетай у газеце”.
Як прыйшла ваенная тэма?
Асабіста мне перадалася праз лёс бацькі, які трапіў на фронт пасля ваеннага вучылішча — адразу пад Сталінград. Цыкл публікацый “Раскажыце пра вайну” атрымаўся надзвычай вялікім. Адкрываліся такія неверагодныя гісторыі з жыцця, што да іх можна вяртацца і цяпер. Да гэтае пары памятаю, як напісаўся нарыс “Два Іваны”. Я прыехала тады ў вёску Таль на Любаншчыне. Чалавек, да якога накіравалася, адчыняе дзверы і просіць паказаць журналісцкае пасведчанне. А ўзяць не можа: няма абедзвюх рук. Пры гэтым ён умее рабіць ці не ўсю гаспадарчую працу, выхаваў шасцёра дзяцей... Таксама франтавік.
А ў Масты Зоя Зданоўская нават адпускаць мяне не хацела, але я настаяла на сваім і выправілася туды. Даведалася там пра гісторыю лейтэнанта Тордзія, чыйго сына пасля выхоўвала мясцовая настаўніца. Ды што паўтарацца? Пабываўшы колькі тыдняў таму ў Мастах, я ўжо распавяла гэтую кранальную гісторыю чытачам “Культуры” (Гл. № 41 за 2008 г. — С.Т.).
Журналіст можа толькі пакланіцца свайму народу, і чым больш ён ездзіць у народ, тым большае яго пранікненне ў кожны асобны лёс. Таму цяпер у “Культуры” не адчуваю, што кола камандзіровак у нечым паўтараецца: усё перажываю нанова.
А ўручэнне прэміі ў Палацы культуры чыгуначнікаў згадваецца найперш сваёй урачыстасцю. На сцэну выходзілі мастакі, паэты, скульптары, музыканты... І вось яшчэ што: да мяне тады ў госці прыехала мая любімая настаўніца, таму гэты дзень яшчэ больш запомніўся. 

Сяргей ТРАФІЛАЎ