Хор, што спявае душой

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Як шліфуецца майстэрства
У сям’і Валі любілі музыку: бацька граў на гармоніку, маці — на балалайцы. Бацькі актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, часта бралі з сабой на канцэрты дзяцей. На кожнае свята ладзілі свае хатнія канцэрты. Валя, яе тры сястры і брат рыхтавалі песні, вершы, танцы, нават касцюмы рабілі з падручных сродкаў. Спявалі, у асноўным, народныя беларускія песні, а таксама ў рэпертуары юных артыстаў былі цыганскія песні і танцы, бо па суседстве жылі цыганы. У школьныя гады Валянціна актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці: спявала, танцавала, брала ўдзел у інсцэніроўках.

Праблемы з выбарам прафесіі не ўзнікала. Дзяўчына паступіла ў Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, дзе з задавальненнем спасцігала асновы прафесіі настаўніка музыкі і займалася па класе баяна. Студэнцкія гады таксама былі запоўненыя музыкай і песнямі. З ансамблем народнай песні Валянціна пабывала на гастролях у многіх вёсках і воінскіх часцях.

Настаўніца ў Глушы

У 1976 годзе, пасля заканчэння вучылішча, Валянціна была накіравана на працу настаўніцай спеваў у школу гарадскога пасёлка Глуша Магілёўскай вобласці. Маладая настаўніца прынялася за працу. Неўзабаве яе запрасілі па сумяшчальніцтве кіраваць мастацкай самадзейнасцю на шклозаводзе “Камінтэрн”. Педагог з радасцю спяшалася і на школьныя ўрокі, дзе выдатна спраўлялася са сваімі абавязкамі па навучанні дзяцей, і на завод, дзе займалася падрыхтоўкай канцэртаў з дарослымі людзьмі.

/i/content/pi/cult/855/18169/13_1.jpg

Валянціна Карабанава.

Калі Валянціна выйшла замуж і нарадзіла дзіця, то яе дачушка таксама расла ў атмасферы музыкі, з шасці гадоў прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці. У дзіцячым садку дзяўчынка выконвала на навагодніх ранішніках ролю Снягуркі, а Валянціна Фёдараўна — ролю Дзеда Мароза. І, хоць дачка скончыла педагагічную ВНУ і нейкі час выкладала рускую мову і літаратуру ў школе, але любоў да музыкі аказалася мацнейшай. Ужо восем гадоў яна кіруе дзіцячым аддзелам у Светлагорскім Цэнтры культуры і сама спявае. Дарэчы, старэйшая сястра Валянціны Фёдараўны таксама скончыла Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, працавала музычным кіраўніком у дзіцячым садку, цяпер — акампаніятар у СЦК.

Хор — гэта сям’я

У 2002 годзе сям’я Карабанавых пераехала ў Светлагорск. Валянціна Фёдараўна ў пошуках працы звярнулася ў аддзел культуры. Да таго часу Валерый Севярын, арганізатар хору ветэранаў “Спявай, душа!”, з’ехаў з горада і калектыў застаўся без кіраўніка. Валянціне Фёдараўне прапанавалі стаць кіраўніком хору, і яна з радасцю пагадзілася і аб тым ніколі не пашкадавала.

/i/content/pi/cult/855/18169/13_2.jpg

Некалькі гадзін рэпетыцый выдаткоўвала на творчасць, удасканаленне майстэрства. Старалася падыходзіць да спявачак добразычліва і тактоўна, працавала з задавальненнем. Рэпеціраваць, вядома, не заўсёды лёгка, але без шліфоўкі майстэрства не будзе добрага выніку. Перад выступленнем, вядома, хваляваліся і кіраўнік, і харысткі, але стараліся выступіць ярка, маляўніча, эмацыйна. Вынік творчай працы не прымусіў чакаць: у 2011 годзе хор стаў народным аматарскім аб’яднаннем “Спявай, душа!” Калектыў пастаянна выступае на розных канцэртных пляцоўках горада і раёна. Весялосці, запалу, невычэрпнай энергіі “пажылых маладзіц” могуць пазайздросціць іншыя маладзёжныя аб’яднанні.

Самадзейныя артысты аб’ехалі з канцэртамі амаль усе аграгарадкі Светлагорскага раёна, пабывалі на гастролях у Гомелі, Жлобіне, Парычах. За актыўную творчую дзейнасць хор неаднаразова адзначаўся дыпломамі, ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі Гомельскага аблвыканкама, Светлагорскага райвыканкама, раённага Савета ветэранаў, атрымаў Дыплом на абласным конкурсе “Не старэюць душой ветэраны”.

Сёння ў складзе хору — 16 чалавек ва ўзросце ад 62 да 80 гадоў. У рэпертуары калектыву — больш за 250 музычных твораў. Гэта добра вядомыя і любімыя песні савецкіх кампазітараў, лірычныя, народныя, прыпеўкі, песні ваенных гадоў, аб Радзіме, аб родным краі. Удзельнікі калектыву — гэта энтузіясты, энергічныя і маладыя душой людзі. Яны адчуваюць сябе запатрабаванымі, а хор для іх — гэта другая сям’я, гэта актыўнае жыццёвая пазіцыя. Харысткі разам адзначаюць святы, дні нараджэнняў, юбілеі. Іх не палохаюць гады — сілу і энергію жыцця дае радасць сумеснай творчасці.

Сакрэт поспеху і творчыя планы

Хор — лёгкі на ўздым і гатовы ехаць на гастролі па першым клічы: на сцэне СЦК, і ў сельскіх клубах, а калі ў маланаселеным пункце няма сцэны, выступае на вуліцы. Ёсць цудоўны рэпертуар, добрыя сцэнічныя касцюмы. Што яшчэ трэба?!

На традыцыйнае пытанне пра творчыя планы Валянціна Карабанава адказала так: “Працуем над новым рэпертуарам да 25-годдзя калектыву”. Застаецца пажадаць калектыву і яго кіраўніцы здароўя, актыўнага творчага даўгалецця і нязменнага поспеху ў гледачоў.

Галіна КАПЕЦКАЯ

Светлагорск