Пад аховай Антонія

№ 25 (1516) 19.06.2021 - 26.06.2021 г

Адэльскі фэст: мінулы і сучасны
Унікальнае месца — ціхая вёска Адэльск Гродзенскага раёна на самым ускрайку заходняй мяжы становіцца ўсё больш папулярнай. Пра ткачыху Ядзвігу Райскую, майстра Мар’яна Скрамблевіча, мясцовыя традыцыйныя танцы ды стравы “К” піша пастаянна. Гэта адзіная вёска ў Беларусі, дзе захоўваюцца два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. А мясцовы храм з’яўляецца помнікам старажытнага драўлянага дойлідства.

Усё гэта можна пачуць, пабачыць, пакаштаваць ды ацаніць падчас фэсту святога Антонія, часта званага адэльскім, які штогод традыцыйна адбываецца 13 чэрвеня, і праводзіцца, як кажуць, ад краю да краю.

І час запавольваецца

Адэльскі фэст — адно з тых святаў, якое ніколі не пераносіцца. Гэта звязана з днём памяці святога Антонія Падуанскага, які лічыцца ахоўнікам Адэльска і ў гонар якога ў мястэчку быў пабудаваны касцёл імя Унебаўзняцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святы прысутнічае на гербе аграгарадка з выявай дзіцятка Езуса на руках, прынятым у 2014 годзе ў адпаведнасці са старажытнымі запісамі. Іх знайшоў былы настаяцель мясцовага касцёла Валерый Быкоўскі.

/i/content/pi/cult/855/18166/11_1.jpg

У 2010 годзе на 520-годдзе парафіі на скрыжаванні вуліц Школьнай і Рыначнай устаноўлены бронзавы помнік Святому Антонію Падуанскаму (аўтары Богуслав і Крыстына Сольскія). Цікавы факт — упершыню манумент святому з’явіўся не на тэрыторыі храма, а за яго межамі, і гэта рэдкі выпадак у адносінах да помнікаў святым.

Мясцовы храм — адзін з двух каталіцкіх, якія пабудаваны ў першай палове ХVІІІ стагоддзя без адзінага цвіка. Тут захоўваецца ікона святога Антонія, якая лічыцца цудадзейнай.

У гэтым мястэчку, здаецца, час плыве інакш. Ён быццам затрымліваецца, каб мы паспелі ўсё зразумець і асвоіць. Таму тут усё інакш…

Зберагаем традыцыі

Са старажытнасці існуе традыцыя ў кожнай мясцовасці святкаваць штогод парафіяльнае свята, прымеркаванае да мясцовага храма. Так што святы Антоній у Адэльску — галоўны. Нарадзіўся ён у шляхетнай сям’і, аднак выхаванне атрымаў хрысціянскае. З дзіцячых гадоў вылучаўся пабожнасцю. Адмовіўся ад бацькоўскай спадчыны на карысць бедным. Гадамі пазней, узяўшы з сабой толькі шасцімесячны запас хлеба, пасяліўся ў руінах воінскага ўмацавання на беразе ракі Ніл. Тут ён прабыў каля 20 гадоў у адзіноце…

“Тое святкаванне ў Адэльску” (говорачы на стары лад) пачынаецца з ранішняй імшы, з удзелу ў галоўным набажэнстве і хрэсным ходзе. Пасля Імшы перад касцёлам заўсёды адбываецца традыцыйная працэсія. Падчас адной з іх шэсць гадоў таму ў цэнтры Адэльска быў асвечаны васьмітонны камень, які быў адмыслова ўсталяваны да 525-годдзя парафіі. Гэты камень упрыгожаны выявай герба Адэльска, на якім з аднаго боку змешчана выява святога Антонія, а з другога — выява касцёла. Таксама з нагоды ўрачыстасці быў падрыхтаваны медаль ганаровага грамадзяніна Адэльска.

Адэльскі фэст аб’ядноўвае ў сабе шмат абрадавых складнікаў: сакральны сэнс, наяўнасць рытуальных дзеянняў, атрыбутыкі (агонь, вада, зерне), сістэмы павер’яў, прыкмет, забаронаў, фальклорныя тэксты. Фэст носіць урачысты характар, таму да гэтага дня мясцовыя жыхары імкнуцца абнавіць і асвяжыць упрыгожванні касцёла. Жанчыны рыхтуюць новыя ручнікі, мужчыны — мастацкія вырабы з дрэва. Рыхтуюцца не толькі вонкава: многія напярэдадні прыходзяць у касцёл паспавядацца, каб свята сустрэць з чыстай душой. Старыя ў гэты дзень распавядаюць дзецям легенды і паданні.

Акунуцца ў даўніну

Першыя пісьмовыя згадкі аб Адэльску датуюцца XV стагоддзем. Першы касцёл быў пабудаваны ў 1490 годзе. У 1546 каралева Бона Сфорца дала мястэчку прывілеі на правядзенне кірмашоў і частковае вызваленне ад падаткаў, згодна якому Адэльск стаў горадам і захаваў гэты гонар на некалькі стагоддзяў… А ў 2019 годзе госцем свята была сама каралева Бона.

Існуюць розныя думкі наконт паходжання назвы гэтага мястэчка. Адны лічаць, што назва “Адэльск” паходзіць ад слова “паводдаль”. Гавораць, што ў гэтым аддаленным месцы жылі выселеныя расіяне. Іншыя мяркуюць, што вёску пачалі так называць ад ракі Одла, што знаходзіцца непадалеку. А трэція сцвярджаюць, што спачатку Адэльск называўся Едэльскам, бо тут было шмат хвойных лясоў. А мясцовых жыхароў называлі Едэлямі. Ды і цяпер прозвішча Іодэль тут вельмі распаўсюджана.

Адэльск заўсёды славіўся сваімі кірмашамі, якія напачатку адбываліся ў нядзелю, а з 1662 года ў сераду. Гродзенскае каралеўскае ўладарства ў 1558 годзе было падзелена на 11 двароў. Двары ў сваю чаргу дзяліліся на маёнткі, а маёнткі — на войтаўствы. У гэты час было 15 маёнткаў і 26 вайтоўстваў. У склад маёнткаў уваходзілі таксама гарады, якія мелі магдэбурскае права, напрыклад: Азёры, Скідзель, Крынкі, Адэльск або Кузніца…

Ужо на світанку ў кірмашовы дзень па ўсіх дарогах, што вялі ў мястэчка, цягнулася безліч падвод і фурманак рознай формы і велічыні з жывымі кабанамі, курамі, гусямі і індыкамі.

Да дзевяці гадзін раніцы ўся плошча Адэльска ад адной карчмы да другой запаўнялася народам. Прывозіліся часцей тавары ўласнай вытворчасці. Імі абменьваліся, бо мясцовы збыт меў абмежаваныя памеры. Каля кірмашу заўсёды ладзілі каруселіі, іншыя прылады для гулянняў. І па плошчы да позняга вечара сноўдала святочна адзетая моладзь.

Забаўляльная частка свята складаецца з прыёму гасцей, правядзення трапезы і ўсеагульнага гуляння па вёсцы. Прыём гасцей і ўсіх “заезджых людзей” лічыцца адной з важных уласцівасцяў Адэльскага фэсту. У гэты час усе родныя і сябры мясцовай сям’і з розных вёсак і гарадоў збіраюцца з вечара напярэдадні самога свята і раз’яжджаюцца толькі праз дзве начы. Згодна ўспамінам мясцовых жыхароў, заезджыя госці спачатку маліліся пры ўваходзе ў хату, потым віталіся за руку з гаспадыняй, дамачадцамі і астатнімі гасцямі. Гаспадар усіх рассаджваў за сталом, і пачыналася святочная трапеза. Мясцовыя павінны былі клапатліва прыняць усіх людзей, накарміць іх, даць начлег. Прынята было лічыць, што “прыезжыя людзі” аказваюць сваім наведваннем вёсцы гонар, а шматлюднасць свята расцэньвалася як прызнанне свята гасцінным і багатым.

Яшчэ здаўна для гасцей фэсту гатаваўся багаты стол, варылі піва, спявалі песні і танцавалі пад скрыпку і дуду. Госці, у сваю чаргу, абавязкова прыносілі з сабой пірагі. “Бабка” на сталах спечаная ў пячы ў чугуннай “уцятніцы” і зараз тут заўсёды даспадобы, асабліва ў нядзельку, папулярна вельмі кішка, на свята — абавязкова хрусты, пончыкі.

Новы размах

Раней такога маштабнага свята ў гэты дзень не было. Пасля службы ў касцёле ўсе разыходзіліся па сваіх дамах. З цягам часу наладзілі свята вёскі. “Раней была толькі імша ў касцёле, — успамінае Пясецкі Антон, — але вось ужо больш за дзесяць гадоў мы збіраемся ў цэнтры вёскі з вялікай культурнай праграмай”.

Пасля заканчэння рэлігійнай часткі жыхары і госці фэсту накіроўваюцца на плошчу, дзе праўленне мясцовай гаспадаркі, прафсаюзныя арганізацыі ўзнагароджваюць найлепшых работнікаў, перад жыхарамі выступаюць мясцовыя калектывы і беларускія зоркі.

Забаўляльная праграма, якая ўключае ў сябе танцы, карагоды, спевы, гульні. На працягу дня гаспадары свята, звычайна гэта Адэля і Сымон (вядомыя ўсім у Гродзенскім рэгіёне Надзея Маркевіч і Дзяніс Балабуеў) раз-пораз запрашаюць гасцей набыць сувеніры і вырабы народных майстроў…

Гэты год — не выключэнне, наадварот, свята стала асаблівым, бо было прымеркавана да 530-годдзя з дня заснавання мястэчка, якое мы, на жаль, не змаглі адсвяткаваць у 2020 годзе. У госці да адэльчан прыехалі заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны ансамбль народной музыкі “Свята”, музычны тэатр “Рада”, поп-фольк група “Лялькі-Карпарэйшн”, удзельніца конкурсаў “Беларусь шукае таленты”, “Х-фактор” (Украіна) і міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар…” Аліна Чыжык.

Дарэчы, фінансавую падтрымку ў правядзенні свята штогод аказвае старшыня СВК “Пагранічны” Віктар Мілько — пераможца раённага конкурсу “Меценат культуры-2020”…

Вяскоўцы прагульваліся каля музея пад адкрытым небам, дзівіліся на прылады сялянскай працы, якія дэманстраваліся. І што самае цікавае, заўсёды ў Цэнтры культуры пасля кірмашовых дзей з’яўляецца новы “стары” экспанат, які перадаюць нам людзі… Для дзяцей у гэтым годзе з’явілася інтэрактыўная пляцоўка “Вясковая ферма”, дзе можна было навучыцца даіць карову.

Дарослыя ж удасканальвалі харэаграфічнае майстэрства, удзельнічалі ў майстар-класах па вырабе беларускай лялькі, выцінанкі ды пляценні старажытных паясоў.

Сёння пляценнем паясоў у Адэльску займаецца малады хлопец Вадзім Гняцецкі, які і карціны ўмее вышываць і пераняў традыцыі падвойнага ткацтва. Навучыла яго мясцовая майстрыха Наталля Кавалькова.

Адначасова можна было здаволіць і духоўную смагу, і пазнаёміцца з народным майстрам па вырабе музычных інструментаў Мар’янам Скрамблевічам.

Заўсёды на свяце іграе духавы аркестр Гродзенскай пагранічнай групы. І заўсёды каля вайсковай пляцоўкі можна падсілкавацца гарбатай, юшкай ды салдацкай кашай. Больш вытанчаны густ прысутныя задавальняюць на падворку Адэльскага Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе частуюцца стравамі нацыянальнай кухні, прыгатаваных па старажытных рэцэптах.

Замест заканчэння

Ашчаднае стаўленне да традыцый прыносіць не толькі духоўны плён. Даўніна, з густам прыстасаваная да сённяшняга дня, стварае зацікаўленнасць турыстычнай сферы. Турызм пачынае сябраваць з культурай. Эканамічны плён ад такіх сістэмных стасункаў — відавочны.

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

Фота з архіва цэнтра